09.05.2010 / 00:11

Чым была для Беларусі тая перамога? 51

У самай крывавай вайне стагоддзя Беларусь згубіла 1,6 млн жыхароў.

У самай крывавай вайне ХХ стагоддзя Беларусь згубіла 1,6 млн жыхароў. Тэрытарыяльныя набыткі азмрочыла страта Вільні й Беластоку. Аднак самае галоўнае — беларусы захаваліся як нацыя. У выпадку перамогі нацыстаў нас фізічна вынішчылі б.

Для многіх нацый Заходняй Еўропы Другая сусветная стала як бы паўторам Першай. Для беларусаў Другая сусветная вайна была канцом свету.

Краіна змяніла межы. Нацыянальная эліта была вынішчана амаль да апошняга чалавека, а ацалелыя расцярушыліся па свеце. Матэрыяльны фонд быў амаль зруйнаваны: праз Беларусь двойчы перакаціўся фронт, абодва праціўнікі вялі татальную вайну і пакідалі па сабе выпаленую зямлю.

І непапраўнае —

з 9,2 мільёнаў жыхароў на 1941 год да 1945-га загінулі каля 1,6 млн. Сувымерныя страты жыхарства, акрамя Беларусі, зазнала толькі Польшча.
Зверстваў нацыстаў, у тым ліку ў Беларусі, свет не бачыў.
Каля 600 тысяч палонных вайскоўцаў замарылі голадам на вачах у застрашанага насельніцтва. Дзесяткі вёсак былі спаленыя з людзьмі жыўцом. Каля 600 000 габрэяў былі замардаваныя ад малога да старога толькі за сваю нацыянальнасць. Сотні тысяч беларусаў загінулі ў савецкім войску, якое не лічылася з чалавечымі ахвярамі.
Сярод гэтага азвярэння мільёны беларусаў праявілі свае найлепшыя якасці. Тысячы людзей дапамагалі хавацца палонным, уцекачам, камуністам і габрэям, на якіх палявалі немцы. Тысячы іншых самаарганізоўваліся для выжывання і захоўвалі нацыянальную і рэлігійную традыцыі. Беларусы, сярод якіх будучы Народны пісьменнік Васіль Быкаў, мужна ваявалі ў складзе савецкай арміі. Дзесяткі тысяч беларусаў пад акупацыяй далучыліся да руху супраціву. У вялікіх беларускіх лясах утварыліся актыўныя партызанскія злучэнні.

Саветы інспіравалі вылазкі, каб правакаваць немцаў на акцыі помсты, з мэтай распальваць антынямецкія настроі. Нацысты ж пад прэтэкстам барацьбы з партызанамі разгортвалі палітыку вынішчэння спачатку жыдоўскага, цыганскага, а пасля і славянскага насельніцтва. Яны нацкоўвалі беларусаў на палякаў, літоўцаў — на беларусаў і г.д., каб вынішчаць адных рукамі другіх.

У 1941 годзе многія сустракалі немцаў — якіх памяталі па Першай сусветнай — як вызваленне ад зненавідных саветаў. Саветаў, якія за 1930-я вынішчылі каля 200 000 жыхароў Беларусі, і яшчэ каля 400 000 былі дэпартаваны ці адпраўлены ў канцлагеры. Ахвяры камуністаў і іх сваякі нярэдка ішлі на супрацу з акупантамі. Аднак расісцкі характар новай улады хутка стаў яўны, хоць пра план «Ост» мясцоваму насельніцтву і не было вядома. Працверазелі і лідэры антыкамуністычнай часткі нацыянальнага руху, якія пайшлі на калабарацыю з немцамі.

На жаль, на 1941 год наймацнейшыя нацыянальныя лідэры былі ці замардаваны саветамі — Чарвякоў, Тарашкевіч, ці сядзелі ў савецкіх турмах — як Антон Луцкевіч. Папулярных асобаў, здольных згуртаваць нацыю для змагання за незалежнасць, абапершыся на дапамогу заходніх дэмакратый, у краіне не заставалася. Таму нацыянальна-вызвольны рух у Беларусі ў часе Другой сусветнай і пасля яе быў слабейшы, чым у суседніх Літве і Украіне.
Другая сусветная для Беларусі пачалася 1 верасня 1939 года.
У выніку вайны да Усходняй Беларусі была далучаная Заходняя, і большасць этнічна беларускіх тэрыторый апынулася ў адной адміністрацыйнай адзінцы пад савецкай акупацыяй. Рацыянальнае адабрэнне ўз’яднання азмрочвалася горыччу страты Вільні і Беластока —
выдатных культурных і эканамічных цэнтраў. Іх Масква спачатку далучыла да Беларусі, але неўзабаве аддала ў якасці падарункаў таксама акупаваным Літве і Польшчы.

Саветы спрытна міфалагізавалі Другую сусветную вайну для панавання над паняволенымі народамі Цэнтральнай Еўропы.

Так, у выпадку Беларусі саветы маніпулявалі гістарычнымі наратывамі, лічбамі і фактамі. Лічбу ахвяраў, і без таго вусцішную, павялічвалі за кошт стварэння двайной бухгалтэрыі стратаў, двайнога ўліку загубленых савецкіх ваеннапалонных.

Аднак гэтыя

спекуляцыі не павінны засланяць галоўнага. Другая сусветная вайна была вайной супраць абсалютнага зла. Дзякуючы перамозе над гітлерцамі, беларусы захаваліся як нацыя. У выпадку перамогі нацыстаў нас фізічна вынішчылі б. Бо ж «жыццёвую прастору» на ўсход ад Нямеччыны нямецкія расісты прызначалі для сваёй каланізацыі.
Пасля 9 мая 1945 года ў розных раёнах Беларусі, асабліва заходняй, працягвалася партызанская вайна супраць саветаў, якая набыла характар грамадзянскай і забрала жыцці тысяч людзей. Салдаты-беларусы працягвалі гінуць на японскім фронце. Тым не менш, найстрашнейшае заставалася ўжо ззаду.

Беларусь была сярод пераможцаў, заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Жахі і навука з той вайны знайшлі сваё адлюстраванне ў велічных творах Быкава, Брыля, Адамовіча, Савіцкага, Пташука.

Непрыманне вайны як сродку вырашэння канфліктаў, непрыманне расізму з нацызмам сталі фундаментальнымі ў светапоглядзе беларусаў.

Андрэй Дынько

0
не ўлазь у імпэрыялізм ! Заб"е ! / Адказаць
09.05.2010 / 01:52
змагаліся два вельмі падобных віды зла, сталінскі СССР і гітлераўская Нямеччына. Дзьве сацыялістычныя таталітарныя дзяржавы. Пры чым у нацыстаў сацыялізму для немцаў было ня меньш чым у бальшавікоў. Жорсткае канкурэнтнае змаганьне за панаваньне над сьветам. Для беларусаў перамога закончылася ня толькі значнымі дэмаграфічнымі стратамі але і амаль поўным духоўным і палітычным вынішчэньнем, якое распачалі бальшавікі задоўга да вайны 1939-1945 г.г.
0
Сяржук / Адказаць
09.05.2010 / 03:14
"У выпадку перамогі нацыстаў нас фізічна вынішчылі б." ----------------------------------------------------- Сёньня нацыю ўжо вынішчылі маральна, мяркую, што і да татальнага фізічнага знішчэньня можа справа дайсьці - ... Але кожнаму будзе свой Нюрбэнрг.
0
Кульціватар / Адказаць
09.05.2010 / 07:39
Можа каму і не спадабаецца, але існаваньне пляну Ост не даказана..
Паказаць усе каментары/ 51 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру