14 верасьня беларуская дэлегацыя на чале з Аляксандрам Лукашэнкам вылятае ў Гавану для ўдзелу ў XIV Канфэрэнцыі кіраўнікоў дзяржаў і урадаў краін – удзельнікаў Руху недалучэньня.

Мяркуецца, што прэзыдэнт «выкажа пазыцыю Беларусі па ключавых міжнародных праблемах, агучыць беларускія ініцыятывы, скіраваныя на ўмацаваньне ролі Руху недалучэньня ў сучасным сьвеце, павышэньне яго эфэктыўнасьці і згуртаванасьці краін-удзельніц», – зазначае БЕЛТА.

Мяркуецца, што А. Лукашэнка правядзе шэраг сустрэч з кіраўнікамі дзяржаў, якія прыехалі ў Гавану.

Рух недалучэньня быў створаны ў 1961 г. краінамі, што не ўваходзілі ў ваенна-палітычныя блёкі, і быў задуманы як альтэрнатыва разьвіцьця ва ўмовах супрацьстаяньня дзьвюх сыстэм – ЗША і СССР. Ягоныя стваральнікі – Джавахарлал Нэру, Квамэ Нкрума, Сукарна, Гамаль Абдэль Насэр – абвясьцілі так званы «трэці шлях» разьвіцьця.

Сёньня Рух аб’ядноўвае 116 краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Ёсьць у руху і адна эўрапейская краіна – Беларусь. У лік назіральнікаў уваходзяць Армэнія, Казахстан, Украіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0