«Праграма энергазберажэння для ўрада, у цэлым для нашай краіны з’яўляецца асноўным элементам актыўнай мадэрнізацыі беларускай эканомікі», — заявіў на адкрыцці Беларускага прамысловага форуму 11 мая прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі.

Кіраўнік урада нагадаў, што пастаўлена задача на працягу пяці гадоў спажыванне паліўна‑энергетычных рэсурсаў скараціць на 30%. Паводле слоў Сідорскага, за апошнія дзевяць гадоў Беларусь практычна падвоіла ВУП (223%). «Пры гэтым рост ВУП і рост эканомікі краіны суправаджаўся няўхільным зніжэннем спажывання паліўна‑энергетычных рэсурсаў», — сказаў ён. «Гэта адзін з найважнейшых паказчыкаў, які характарызуе развіццё беларускай эканомікі. Я думаю, еўрапейскія дзяржавы ў гэтым сегменце рынку не могуць пахваліцца такімі поспехамі, якія мае сёння беларуская эканоміка», — мяркуе прэм’ер‑міністр.

Сідорскі сказаў пра важнасць пераходу на мясцовыя віды паліва (МВП), якія паступова замяшчаюць імпартны прыродны газ. За мінулыя чатыры гады доля МВП дасягнула 21%, сёлета плануецца 25%, яшчэ праз два гады — 30%. У Беларусі ўжо пабудавана амаль дзесяць станцый, якія працуюць на МВП.

***

XIII Беларускі прамысловы форум праходзіць з 11 па 14 мая ў Мінску, у выставачным павільёне на праспекце Пераможцаў, 14.

Сваю прадукцыю, распрацоўкі і тэхналогіі дэманструюць прыблізна 200 міжнародных кампаній, прадпрыемстваў і фірм з Беларусі, Балгарыі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Фінляндыі, Чэхіі. Прэзентаваны рэгіянальныя экспазіцыі Наўгародскай і Разанскай абласцей Расіі. Упершыню праходзіць прэзентацыя прамысловасці і навукі Чэхіі.

Падчас форуму адбудзецца пленарнае пасяджэнне сімпозіума 12 мая ў кангрэс‑холе бізнес‑цэнтра «Вікторыя». Галоўная яго тэма — «Энерга‑ і рэсурсазберажэнне як фактар павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі». На пасяджэнні выступяць першы віцэ‑прэм’ер Уладзімір Сямашка, кіраўнікі дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта, Мінпрама, НАН Беларусі, Мібудархітэктуры, Мінадукацыі, Мінжылкамгаса, Магілёўскага аблвыканкама, ААТ «БелаАЗ». Сімпозіумам таксама прадугледжана правядзенне канферэнцый, семінараў, прэзентацый.

Сёлета падчас форуму пройдзе XIV Міжнародная спецыялізаваная выстава энергаэфектыўных і рэсурсазберагальных тэхналогій, абсталявання і матэрыялаў у прамысловасці і энергетыцы «БелПрамЭнерга». Таксама адбудзецца 7‑ы міжнародны конкурс энергаэфектыўных і рэсурсазберагальных тэхналогій і абсталявання, 6‑ы конкурс прафесійных зваршчыкаў, заяўку на ўдзел у якім падалі больш як 120 спецыялістаў, кааперацыйная біржа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?