14.09.2006 / 12:10

Джынсавы фэст адкрые новыя імёны ў музыцы і палітыцы?

Арганізатары абяцаюць правесьці фэст нават пры вымкнутай электрычнасьці.

16 верасьня менскія гарадзкія ўлады дазволілі правядзеньне на плошчы Бангалор мітынгу й канцэрту, які арганізатары называюць «Вялікім джынсавым фэстам». Пра акцыю, што мае адбыцца, падрабязна распавядае карэспандэнту Euramost.org адзін з арганізатараў акцыі, заступнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

– Значыцца, дазвол на правядзеньне акцыі ўсё-ткі атрымалі...

– Так, маем дазвол на правядзеньне мітынгу і канцэрту, але, да жалю, забаранілі шэсьце, а гэта, як мы ўважаем, процізаконна. Бо паводле закону мы маем права перайначваць фармат. І калі збор людзей насамрэч нельга праводзіць у 200-х мэтрах ад мэтро і падземных пераходаў (мы хацелі былі правесьці збор ля кінатэатру «Кастрычнік»), дык улады мусілі былі прапанаваць нам іншы маршрут. Мы яшчэ будзем аспрэчваць гэтае рашэньне, але цяпер пастанавілі, што пакуль няма рацыі ісьці на канфлікт, а несанкцыяваных акцыяў ладзіць ня будзем. Таму збор людзей мае адбыцца 16 верасьня а 16:00 на плошчы Бангалор, дзе да 20:00 пройдуць дазволеныя мітынг і канцэрт. Там бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх апазыцыйных партыяў – як тыя, хто ўваходзіць у шырокую дэмакратычную кааліцыю, так і прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і грамадзкіх аб’яднаньняў. І адрозна ад жнівеньскай акцыі «Песьні свабоды», дзе быў толькі канцэрт, зараз, хачу падкрэсьліць, будзе дазволены мітынг.

– Якімі іншымі навінкамі парадуеце?

– Акцыя 16 верасьня паводле свайго зьместу будзе незвычайнай акцыяй. Напрыклад, на канцэрце, безумоўна, бяруць удзел вядомыя ўсім рок-гурты (зноў-ткі ў незвычайнай форме), але, збольшага, на суд слухачоў прэзэнтуюць сябе маладыя, мала каму вядомыя выканаўцы. Тое ж самае і з выступоўцамі на мітынгу – людзі пачуюць ня толькі вядомых палітыкаў, але і цалкам новыя імёны. Абяцаю, што будзе багата сюрпрызаў. Але галоўнае для нас у правядзеньні гэтай акцыі – запрашэньне ў дэмакратычныя шэрагі новых людзей, якія прыйдуць на мерапрыемства ня проста як слухачы, але і як патэнцыйныя актыўныя дзеячы, таму што не за гарамі кампанія ў мясцовыя выбары. Каб гэта зрабіць, тых сілаў, якіх сёньня маем, недастаткова.

– Ці не засмучвае вас, што ўжо занадта лёгка гарадзкія ўлады далі «дабро» на правядзеньне мітынгу?

– На фоне ўсеагульнай недазволенасьці падобных мерапрыемстваў у рэгіёнах гэта сапраўды выглядае незвычайна, але, на мой погляд, шырокі розгалас пра акцыю адыграў сваю ролю. Упэўнены, што недазвол прывёў бы да несанкцыяванага мерапрыемства і мажлівых сутычак. Напэўна, таму ўлады вырашылі не рабіць адмоўнае карцінкі (унікнуць яе ўсё адно ня здолелі б) і правесьці ўсё любамірна. У рэгіёнах іншая сытуацыя – там, калі мерапрыемства забаранілі б, на вуліцу наўрад ці хто выйшаў бы.

– На ваш пагляд, колькі чалавек можа прыйсьці на плошчу?

– Паводле заканадаўства, акцыя разьлічаная на колькасьць да тысячы чалавек. Я не магу сказаць пэўна, колькі чалавек можа быць, але, мяркую, народу будзе больш, чым 25 жніўня падчас акцыі «Песьні свабоды».

– Падчас акцыі 25 жніўня былі праблемы праз тое, што моладзь вымала так званую незарэгістраваную сымболіку – бел-чырвона-белыя сьцягі...

– Я заклікаў і заклікаю ўсіх людзей, якія маняцца прыйсьці на плошчу Бангалор, па-першае, пажадана прыходзіць у джынсавай вопратцы, па-другое, мець з сабою бел-чырвона-белыя, так бы мовіць, дэталі – от такога колеру кветкі, такія парасоны, стужкі і г.д. Гэта ня ёсьць незарэгістраваная сымболіка. Канечне, могуць быць нейкія іншыя канфлікты зь міліцыяй, але, мяркую, мы гэтыя пытаньні будзем вырашаць. Самае вялікае, што могуць зрабіць нам на злосьць, – вымкнуць электраэнэргію падчас канцэрту. Але, трэба сказаць, што на мінулых мерапрыемствах выступалі і без стацыянарнага падлучэньня энэргіі.

– Як зьбіраецеся перацінаць мажлівыя правакацыі?

– У нас будзе дружына, якая зоймецца гэтым адмыслова. Напрыклад, расьпіцьцё алькагольных напояў на тэрыторыі мітынгу будзе перацінацца. Калі нехта пачне хуліганіць, нашыя дружыньнікі таксама будуць скручваць і перадаваць такіх дзеячоў міліцыянтам. Хоць я ня думаю, што на акцыі нехта зьбіраецца ладзіць нейкія мэтанакіраваныя правакацыі. Гэта магло б быць, калі б мерапрыемства забаранілі, але, на мой пагляд, сама міліцыя ня дужа жадае нагружаць сябе лішняй работай. Любы чыноўнік жадае атрымліваць максымальныя грошы за мінімальныя выдаткі на працу. А правакацыі – гэта ж дадатковая праца.

– Раней было шырока разрэклямавана, што збор людзей меўся адбыцца ля кінатэатру «Кастрычнік», цяпер інфармацыя зьмянілася. Ці не выключаеце таго, што людзі ўсё ж прыйдуць да «Кастрычніка» і пачнуцца непаразуменьні?

– Не выключаю, таму і зьвяртаюся да ўсіх – збор а 16:00 на плошчы Баргалор. Зь Менгарвыканкамам мелі дамоўленасьць, што мы тэрмінова паведамім пра гэта людзям, хоць ніхто ня можа даць гарантыі, што дзесьці хтосьці і не зьбярэцца. Мы ж робім усё мажлівае, каб акцыя прайшла арганізавана.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру