Сто беларускіх вёсак

«Паводле статыстыкі, у Іркуцкай вобласьці цяпер жыве 50 тысячаў беларусаў, а напраўдзе яшчэ больш, – кажа Алег Рудакоў, кіраўнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Чэрскага. – Прыяжджаю я ў вёску, пачынаю гаварыць, бабуля кажа, што сястра ейная беларуска, а сама яна расейка. Як так, пытаюся? У вас што – бацькі розныя? Не, кажа. Бацька адзін, але ж сястра ў Беларусі нарадзілася, а я ў Расеі, таму й расейка. Прычым гаворыць усё на чысьцюткай беларускай. І колькі такіх бабулек, нават ня зьлічыш. Толькі я ведаю звыш ста беларускіх вёсак, і штолета, калі выпраўляюся ў пошукі, гэтая лічба павялічваецца. Жывуць у тых сёлах нашчадкі сялян, пераселеных падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы. У кожнай знаходзіцца нацыянальна настроеная моладзь.

Беларуская дыскатэка ў Іркуцку

Алег Рудакоў уласным прыкладам даказаў: нічога немагчымага няма, калі ёсьць жаданьне. Вайсковец, ён стаў рухавіком стварэньня суполкі беларусаў Прыбайкальля.

Для яго пачалося ўсё з удзелу ў IV зьезьдзе ТБМ у 1995 годзе. Гэта быў час, калі мова і сама тоеснасьць беларусаў былі пад пагрозай, нармальнай рэакцыяй у адказ была – дзейнічаць. І ён даў у іркуцкую газэту «Советская молодежь» абвестачку з заклікам да беларусаў адгукнуцца для стварэньня нацыянальнай суполкі.

Першапачатковае ядро суполкі ў Іркуцку склалі пяць чалавек, якія міжсобку перамаўляліся па-расейску. Для Алега гэта было непрымальна, і ён прапанаваў гаварыць на роднай мове. «Цяпер тыя беларусы, зь якімі я пачынаў, адышлі ад беларускіх спраў, – кажа Рудакоў. – Але, дзякуй Богу, іх ёсьць ужо кім замяніць».

Цяпер беларуская грамада Іркуцку самая актыўная і вялікая ў горадзе сярод нацыянальных меншасьцяў. Усё залежыць ад лідэра. Скажам, украінцаў на Далёкім Усходзе болей, чым беларусаў, але энэргічнага кіраўніка сярод іх няма, от і іх нацыянальнае таварыства яднае толькі пэнсіянэраў. У беларусаў наадварот.

У Іркуцку праводзяцца нават дыскатэкі, дзе гучыць толькі беларуская музыка! А беларускую мову вучаць расейцы й бураты. У горадзе выходзіць газэта «Маланка», ёсьць беларуская бібліятэчка.

Цагліна не заб’е

Рудакоў падрыхтаваў да друку кнігу пра земляка Яна Чэрскага, дзе, апроч біяграфіі падарожніка, будзе паэма аб ім Алегавага аўтарства.

Яшчэ пяць гадоў таму ён думаў: «Калі мне на галаву якая цагліна зваліцца, то на гэтым і спыніцца беларускае жыцьцё ў Іркуцку. Цяпер такога ня будзе, прыйшла плеяда нашчадкаў тых, хто перасяліўся сюды яшчэ за царом і пазьней».

«Я паставіў сабе задачу, – кажа сп.Рудакоў, – прыцягваць у арганізацыю больш моладзі, бо толькі ў такім разе мы будзем мець будучыню. А моладзь можна завабіць рознымі мерапрыемствамі і сьвежымі ідэямі».

Сёньня ў Іркуцкай вобласьці 8 аддзяленьняў ІТБК імя Я.Чэрскага, а таксама 11 беларускіх калектываў. Увесну два тыдні доўжыліся дні беларускай культуры, цягам якіх прайшла фотавыстава, народныя майстэрні, прэзэнтацыя кніжкі іркуцкай беларускай паэткі Кацярыны Агарковай «Сонейка», паказ вясёлага фільму «Акупацыя. Містэрыі».

Купальле на Ангары

Сама шумна і весела адзначаюць беларусы Іркуцку нацыянальныя сьвяты. Сёлета ў беларускім Купальлі на Ангары ўдзельнічалі 260 чалавек. На Каляды езьдзяць шчадраваць на машынах, ад адной беларускай сям’і да другой.

Алега слухаеш з зайздрасьцю, бо на Радзіме «Акупацыя», на жаль, забароненая і ўсё часьцей Купальле сьвяткуюць у поўнай кансьпірацыі.

Рудакоў не заангажаваны ў палітыку, ні ў беларускую, ні ў расейскую (у Іркуцкай вобласьці, дарэчы, на выбарах у Думу ў 2003 годзе «Адзіная Расея» набрала 33%, а партыя Жырыноўскага аж 16% галасоў). Ён такі, якім і мусіць быць нармальны беларус – проста шануе сваю мову і культуру. Няма сумневу, што і ў другіх рэгіёнах Далёкага Ўсходу беларусаў ня менш, чым у Прыбайкальлі, толькі там не знаходзіцца арганізатара.

Разам з Рудаковым у Беларусь прыехала студэнтка Іркуцкага пэдунівэрсытэту Вольга Галаванава. Яе прабабуля паходзіць з Гомельшчыны. Вольга памятае, як яе чаравала прабабіна мова. Але бацькі не дазвалялі ёй размаўляць па-беларуску, хоць малой вельмі карцела. Мінуў час, Вольга выехала на вучобу ў Іркуцк, дзе выпадкова ўбачыла шыльдачку Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Зайшла – і засталася. Цяпер яна адна з самых актыўных сяброў моладзевага клюбу «Крывічы».

Вольга ў Беларусі другі раз, упершыню яна была тут летась на Зьезьдзе беларусаў сьвету. Кажа, што тут адчувае сябе нібыта ў казцы. Такая культурнасьць людзей, такая цывілізацыя... Па сканчэньні вучобы яна цьвёрда вырашыла пераехаць на гістарычную Радзіму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?