Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным істотна знізіць залежнасць Беларусі ад імпарту ў сферы фармацэўтыкі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця айчыннай фармацэўтычнай галіны.

«Неабходна падтрымліваць разумны баланс паміж імпартам і ўласнай вытворчасцю ў гэтай сферы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Задача ў тым, каб не толькі навучыць нашу фармацэўтычную прамысловасць і медыцыну аператыўна рэагаваць на ўзнікаючыя эпідэмічныя пагрозы, але і апярэджваць паніку, не дапускаць уздыму цэн на лякарствы, максімальна задавальняць попыт насельніцтва на медыкаменты», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Мэтазгоднасць такога падыходу дыктуецца інтарэсамі грамадзян Беларусі, неабходнасцю аховы іх здароўя і зніжэння расходаў на лякарствы. «А па‑другое, гэта матывавана інтарэсамі дзяржавы: эканоміяй валютных сродкаў, рацыянальным расходаваннем бюджэту, падтрымкай нацыянальных таваравытворцаў», — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ёмістасць беларускага лекавага рынку перасягае $600 млн. у год. Цяпер амаль 80 працэнтаў гэтага рынку займаюць замежныя прэпараты. «Хоць у развітых краінах аптымальнымі суадносінамі лічыцца 50 на 50», — звярнуў увагу Лукашэнка.

Яшчэ горш ідуць справы з выхадам беларускай лекавай прадукцыі на знешнія рынкі. «Гаварыць пра аб’ём экспарту ўсёй фармацэўтычнай прамысловасці краіны ў $70‑75 млн. проста сорамна, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таксама несур’ёзна прыкрывацца тэмпамі росту вытворчасці ў 110‑111 працэнтаў, калі доля айчынных лякарстваў на ўнутраным рынку не перасягае 20 працэнтаў. Гэта проста мізэр, улічваючы магчымасці канцэрна «Белбіяфарм» і актыўны пакупніцкі попыт на такую прадукцыю».

Прэзідэнт адзначыў, што пераважанне імпарту ў фармацэўтыцы тоіць у сабе пагрозу як з эканамічнага пункту гледжання, так і з пазіцыі нацыянальнай бяспекі (рызыка недастатковага забеспячэння людзей неабходнымі лякарствамі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?