15 мая ў музейным комплексе «Дудуткі» распачаўся Х «Дударскі фэст», які сабраў разам лепшых музыкаў з усёй краіны.

У сёлетняй праграме былі навінкі. Акрамя традыцыйных выступаў гуртоў, прайшлі камерны канцэрт дудароў і конкурс імправізацыі з ды-джэям.

Алесь Жура.

Тодар Кашкурэвіч рэкламуе альманах «Druvis».

Самая маленькая аматарка паслухаць дуду.

Кампанія «Белпі» наладзіла дэгустацыю «Крамбамбулі».

Гурт «Расалія».

Гурт «Стары Ольса».

Сярэднявечны баль.

Распачаўся фэст камерным канцэртам «Адраджэнне аўтэнтычнай традыцыі» ў зале выстаў. Наўмысна не сталі граць на адкрытым паветры. Сваё майстэрства дэмантсравалі Тодар Кашкурэвіч, Юрась Панкевіч, Алесь Чумакоў, Алесь Жура, Яўген Барышнікаў. Алесь Жура толькі нядаўна вярнуўся ў Беларусь. І гэта быў ці не першы яго выступ тут за апошнія шэсць гадоў. Гэты час ён правёў у Санкт-Пецярбургу, дзе граў у розных андэграўндных гуртах.

Выступы на адкрытым паветры пачаліся ўвечары. Калі ў Мінску ішоў дождж, у «Дудутках» было сонечна. Але гэта не паспрыяла таму, каб на фэст прыехала больш людзей. Нават пад сярэднявечныя мелодыі «Старога Ольсы» ахвотных патанчыць было няшмат. Відавочна, што многія пабаяліся прыехаць з-за магчымага дажджу.

На сцэну выходзілі гурты «Келіх кола», «Расалія», «Кашлаты вох», Testamentum terrae і іншыя. Сончыўся першы дзень фэсту конкурсам імправізацыі з ды-джэям. Ці прыжывецца такі эксперымент сярод дудароў, пакажа час. Але сёння некаторыя музыкі ставяцца адмоўна да такіх навінак.

Працягнецца «Дударскі фэст» да 19 мая. У гэты дзень у Мінску ў Парку Чалюскінцаў адбудзецца канцэрт з удзелам гуртоў «Стары Ольса», «Расалія», Testamentum terrae, «ЛітвінТроль», Znich, «Унія», «Яварына». А сёння, 16 мая, на хутары Алеся Лася дудары праводзяць канферэнцыю, на якой абмяркуюць дасягненні ў свеце дударскага руху.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?