У нядзелю таксама вызначыўся чэмпіён Іспаніі па футболе. Гонку між «Барселонай» і мадрыдскім «Рэалам», што трывала літаральна ад першага туру, выйграла «Барса».

Перад апошнім турам каталонцы апярэджвалі каралеўскі клуб на адзін пункт, і ў апошнім туры ім трэба было згуляць не горай за «Рэал».

«Барселона» выйграла ў «Вальядаліда» 4:0 (Луіс Прыета – аўтагол, Педра, 31, Месі, 62, 76). А вось «Рэал» згуляў унічыю з «Малагай» – 1:1.

«Барса» набрала рэкордную колькасць балаў – 99 ў 38 турах (31 перамога, 6 нічыіх і адна параза). Прыкладам, той жа «Інтэр» – чэмпіён Італіі – набраў у 38 турах 82 балы, а «Чэлсі» ў 38 турах 86 балаў.

Такім чынам «Барселона» стала 20-ціразовым чэмпіёнам Іспаніі. Браў клуб золата і летась. У «Рэала» - 31 тытул.

Срэбра сёлета заваяваў «Рэал» (96 балаў), праўда, каралеўскі клуб забіў ажно 102 мячы (у каталонцаў – 98).

Бронзавыя медалі заваявала «Валенсія» (71 бал), куды сватаюць у якасці бонуса ў новым сезоне Аляксандра Глеба.

Найлепшым бамбардзірам стаў Ліянель Месі («Барселона») – 34 мячы. У Ігуаіна – 27, Крышціану Раналду – 26 (абодва – «Рэал»).

Пакідаюць вышэйшы іспанскі дывізіён «Тэнерыфе», «Вальядалід» і клуб з мілай усходнеславянскаму вуху назвай «Херас».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?