Прэзентацыя даследавання гісторыка Наталлі Гардзіенкі «Беларусы ў Вялікабрытаніі» адбылася 14 траўня ў Мінску, у памяшканні Гістарычнай майстэрні.

«Беларусы ў Вялікабрытаніі» — 18‑я кніга серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны», заснаванай у 2004 годзе Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына». Першая прэзентацыя кнігі адбылася ў Вялікабрытаніі 17 красавіка падчас святочнай вечарыны з нагоды адкрыцця грамадскай залі ў Беларускім доме ў Лондане. І вось 14 траўня кніга была прэзентавана беларускім чытачам.

Распачаць імпрэзу сп‑ня Наталля запрасіла куратара аддзяленьня найноўшай гісторыі Беларускага Калегіюма, гісторыка Захара Шыбеку і зрабіла гэта зусім невыпадкова. Па‑першае, мерапрыемства праходзіла ў межах лекцый Наталлі Гардзіенкі ў Беларускім калегіюме, а па‑другое, Наталля Гардзіенка сама з’яўляецца выпускніцай калегіюма.

«Я лічу, што ўзяцца за рапрацоўку такой тэмы — гэта гераічны ўчынак з боку Наталлі Гардзіенкі, ‑ адзначыў Захар Шыбека.—Таму што яна маладая маці, малады кандыдат навук, і толькі ўладкавалася на працу і таму ўзяцца за рапрацоўку такой тэмы было непроста. Тым не менш, у Наталлі хапіла мужнасці і прафесіяналізму, каб напісаць такую грунтоўную кніжку. Наталлі было з аднаго боку цяжка, а з другога боку ёй пашчасціла, што адбылася такая сустрэча з незвычайнай тэмай, якая дазволіла ёй упісаць новую старонку ў гісторыю Беларусі».

Думку Захара Шыбекі падтрымаў і прафесар Адам Мальдзіс: «Я лічу, што гэтая кніга—падзея ў нашым гістарычным і культурным жыцці». Прафесар Мальдзіс распавёў пра свой першы візіт у Вялікабрытанію, які адбыўся ў 80‑я гады. Тады ў Вялікабрытаніі паставіліся да яго насцярожана. Калі айцец Аляксандр Надсан сустракаў яго ў аэрапорце, то ён трымаў у руках даведнік саюза пісьменнікаў, каб спраўдзіць, ці таго чалавека прыслалі, які пазначаны ў анкеце. Таксама Адам Мальдзіс распавёў пра знаёмства з беларускім міліянерам з Вялікабрытаніі Янам Дамінікам ды пра іншыя цікавыя моманты, звязаныя з беларусамі Вялікабрытаніі.

На сустрэчы прысутнічаў прадстаўнік міністэрства культуры Уладзімір Шавялёў. Ад імя міністра культуры Паўла Латушкі ён павіншаваў Наталлю і Алега Гардзіенкаў з тым, што «завершана вялікая навуковая праца, і гэтая праца ўжо набыла нейкія матэрыяльныя рысы. Ужо ёсць кніга, якую можна чытаць, якую можна падараваць знаёмым ці проста даць пачытаць суседзям і знаёмым». Як перадаў Уладзімір Шведаў, на думку Паўла Латушкі, гэтая кніга — «яшчэ адзін крок у пазнанні гісторыі нашай краіны і ў яднанні беларусаў, якія жывуць не толькі на тэрыторыі роднай Беларусі, але і за яе межамі». «Мы спадземся, што гэта яшчэ адна цаглінка ў фундамент нашай незалежнасці, у фундамент нашага разумення сябе як нацыі», ‑‑ сказаў Уладзімір Шведаў.

Падчас імпрэзы падзяку Наталлі і Алегу Гардзіенкам выказала і старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская. Яна нагадала, што апроч »Беларусаў у Вялікабрытаніі», аўтарству Наталлі Гардзіенкі належыць і кніга «Беларусы ў Аўстраліі». Да таго ж, яна была рэдактарам кнігі «Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930‑1960‑я гг.)». «Наколькі складана было працаваць над кнігай Наталлі і я, і Алена Макоўская ўсведамляем, бо мы самі былі ў Беларускім доме, у гасцях ў Аляксандра Надсана, мы бачылі тыя кнігі, тыя фаліянты, якія там захоўваюцца, і не разгубіцца ў гэтай безлічы арыгінальных, старажытных твораў, прааналізаваць іх і зрабіць энцыклапедыю беларусаў Вялікабрытаніі, гэта трэба вельмі шмат працы, інтэлектуальных і душэўных высілкаў», ‑‑ адзначыла Ніна Шыдлоўская.

Затым слова ўзяла аўтарка кнігі Наталля Гардзіенка. Яна распавяла пра тое, як і калі з’явілася беларуская прысутнасць на Брытанскіх выспах, расказала пра гісторыю заснавання старэйшай беларускай арганізацыі ў Вялікабрытаніі — Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, пра выбітных асобаў беларускай Брытаніі, беларускіх каталіцкіх і праваслаўных святароў. Асобную ўвагу Наталля Гардзіенка аддала расповеду з відэапрэзентацыяй пра беларускія мясціны ў Вялікабрытаніі.

Напрыканцы імпрэзы Наталля Гардзіенка падзякавала прысутным за тое, што прыйшлі і запрасіла на прзентацыю новай кнігі. «А яна абавязкова будзе!» — запэўніла сп‑ня Наталля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?