Мінск, Брэст, Гомель, Гродна, Магілёў, Барысаў, Жодзіна, Слонім, Віцебск, Слуцк, Салігорск, Бабруйск, Ваўкавыск… 18 мая міліцыя правяла ператрусы ў дзесяткаў актывістаў кампаніі «Гавары праўду». Тэлефоны лідэра кампаніі Уладзіміра Някляева і іншых актывістаў не адказваюць. Гэта першы выпадак такога агульнанацыянальнага налёту ад 2008 года, калі аналагічным чынам запалохвалі тэлеканал «Белсат».

Каб вынесці з офісу рэчы і аргтэхніку, да пад'езду падагналі 3 мікрааўтобусы.

Каб вынесці з офісу рэчы і аргтэхніку, да пад'езду падагналі 3 мікрааўтобусы.

З офісу "Гавары праўду" пасля ператрусу выносяць рэчы.

З офісу "Гавары праўду" пасля ператрусу выносяць рэчы.

Журналістаў адцяснілі з месца падзеяў.

Журналістаў адцяснілі з месца падзеяў.

Такой скаардынаванай акцыі спецслужбаў супраць незалежнага грамадства даўно не было. Адразу па абедзе прыйшла вестка пра ператрус на цэнтральным офісе кампаніі ў Мінску. Пасля падобныя весткі прыйшлі з Брэста, Гомеля, Гродна, Барысава, Ваўкавыска і іншых гарадоў. У сілавікоў адназначна была падрабязная інфармацыя пра ўсе штабы кампаніі, а таксама пра яе актывістаў.

Найбольш вядомых каардынатараў «Гавары праўду» пасля затрыманняў на офісе везлі дадому, каб ужо там правесці дадатковы ператрус. Так было з рэдактарам газеты «Товарищ» Сяргеем Вазняком, з міжнародным сакратаром Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэем Дзмітрыевым, журналістам Аляксандрам Уліцёнкам, палітолагам Святланай Навумавай.

Да эксперта кампаніі, публіцыста Аляксандра Фядуты міліцыя таксама прыйшла дадому. Шукалі «рэчы, здабытыя злачынным шляхам». «Нічога, апроч мяне і дзесяці тысяч кніг у кватэры яны не знайшлі», — кажа А.Фядута.

Потым затрыманых адвозілі ў Ленінскі РУУС, дзе з імі праводзіліся невялікія допыты. Казалі, што заведзеная крымінальная справа па артыкуле 250 КК (распаўсюджванне лжывай інфармацыі пра тавары і паслугі).

Прадпрымальнік Віктар Гарбачоў з Барысава сказаў нам, што цікавіліся ўсім, што датычыць кампаніі «Гавары праўду», іх друкаванай прадукцыяй.

Ператрус з пагромам таксама прайшоў на офісе сацыялагічнай лабараторыі «Новак», якую ўзначальвае прафесар Андрэй Вардамацкі. Там адбыўся невялікі канфлікт паміж супрацоўнікам лабараторыі і міліцыянерам.

Сярод іншага, канфіскаваны «Чарнобыльскі звон», які традыцыйна нясуць на вулічнай акцыі 26 красавіка. Скульптар Алесь Шатэрнік неасцярожна пакінуў яго ў пісьменніка Міхася Башуры, які таксама трапіў пад каток.

На масавыя вобшукі й затрыманні можна чакаць афіцыйнай рэакцыі з боку Брусэля і асобных краін ЕС.

А Расія? Па яе рэакцыі ці яе адсутнасці можна будзе меркаваць, якую пазіцыю Крэмль збіраецца заняць падчас прэзідэнцкіх выбараў.

* * *

онлайн

Адзін з дапытаных актывістаў кампаніі «Гавары праўду» Міхась Башура паведаміў, што падчас ператрусу на адным з офісаў у Менску

забралі «Чарнобыльскі звон».

Уладальнік звону Алесь Шатэрнік пакінуў яго ў Міхася, калі зьяжджаў за мяжу. Гэты звон заўсёды нясуць наперадзе «Чарнобыльскага шэсьця». Некалькі разоў было, што міліцыянты забіралі звон разам з гукаўзмацняльнай апаратурай у арганізатараў акцыі.

Цяпер ён будзе знаходзіцца ў міліцыі Ленінскага раёну разам з кампутарамі і друкаванай прадукцыяй, перадае Радыё Свабода.

***

У Ленінскі РУУС прывезлі Сяргея Вазняка і Мікіту Матусевіча. Ідзе ператрус у палітолага ЕГУ Святланы Навумавай.

Ператрус на кватэры ў Андрэя Дзмітрыева — міжнароднага сакратара АГП.

Ператрус у паліттэхнолага Аляксандра Фядуты

Шукаюць рэчы, «здабытыя злачынным шляхам».

У журналіста Аляксандра Уліцёнка ператрус скончаны, яго павезлі ў Ленінскі РУУС.

Адзін з затрыманых Юры Алейнік пасьля допыту распавёў, што падчас допыту сьледчы не адказала на пытаньне па якой справе яго дапытваюць у якасьці сьведкі. Па словах Юрася, на офісе міліцыянты ўвесь час паўтаралі, што ператрус праходзіць у рамках крымінальнай справы,

заведзенай па 250 артыкуле КК РБ (распаўсюд ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі). На допыце сьледчы распытвала, якое дачыненьне Юрась Алейнік мае да кампаніі «Гавары праўду», што ведае пра публікацыю друкаваных матэрыялаў ці атрымлівае грошы ад кампаніі.

На думку актывіста, такім чынам улады хочуць спыніць дзейнасьць кампаніі, запалохаць яе ўдзельнікаў, а таксама перашкодзіць удала стартаванай акцыі па перайменаваньню вуліцы Ўльянаўская ў вуліцу Васіля Быкава.

Як распавёў Свабодзе адзін з затрыманых у офісе кампаніі «Гавары праўду» пасля таго як яго дапытаў маёр міліцыі, зараз у Ленінскім РУУСе каля 20 актывістаў кампаніі.

Па розных кабінетах іх апытваюць у рамках крымінальнай справы пра дзейнасьць ад імя кампаніі «Гавары праўду»: дзе друкуюць улёткі, якія мерапрыемствы плануюць.

Уладзімір Някляеў знаходзіцца ў офісе.

Аляксандра Уліцёнка, а таксама яшчэ чатырох чалавек, забралі з офісу і павезьлі рабіць ператрус дадому.

Усяго з офісу ў РУУС было дастаўлена 11 чалавек, астатніх прывозілі з іншых месцаў.

Ператрус у Ваўкавыску

Адбываецца зараз у сябры АГП Віталя Гуляка. Па тэлефоне ён толькі сказаў, што яго праводзяць міліцыянты з Горадні. Што шукаюць і чаго хочуць міліцыянты Віталь Гуляк, зь яго слоў, так і не зразумеў. Праўда, сказаў, што кампутар канфіскоўваюць. Ператрус пакуль працягваецца, паведамляе Радыё Свабода.

***

Гродна: ператрусы ў актывістаў АГП

Ператрусы адбыліся на кватэрах у намесніцы старшыні гарадской арганізацыі АГП Аляксандры Васілевіч і моладзевага актывіста партыі Змітра Бандарчука.

Са слоў Аляксандры Васілевіч, ператрус рабілі на падставе ордэра выдадзенага Ленінскім РАУС г. Мінска ў якім было запісана, што ў кватэры могуць знаходзіцца матэрыялы, якія маюць адносіны да справы.

Але да якой справы, са слоў Аляксандры Васілевіч, там нічога запісана не было і аб гэтым ёй нічога не патлумачылі. Спадарыня Васілевіч кажа, што шукалі нейкія дакументы, а канфіскавалі ноўтбук, тэлефон мабільны, прынтар, флэшкі, дакументы АГП — уліковыя карткі маладых дэмакратаў.

Следчых таксама цікавіла, што Аляксандра Васілевіч ведае пра рухі «Гавары праўду!» і «Наперад». З яе слоў, пытанні задавалі з паперкі, дзе яны былі заранёў запісаныя.

Тэлефон Змітра Бандарчука дагэтуль не адказвае.

15:11

Вывелі з офіса актывістку кампаніі Ніну Пахопку, пагрузілі ў машыну і павезлі на яе кватэру праводзіць ператрус. Ніна Пахопка пацвердзіла, што ў офісе знаходзіцца Уладзімір Някляеў.

Ніна прыехала некалькі гадзін таму на званок аб ператрусе Уладзіміра Някляева, зайшла ў офіс і адтуль ужо не выйшла.

14:54

Прыехалі чатыры спецназаўцы ў «касцюмах касманатаўтаў», яны пачынаюць адціскаць журналістаў. Таксама заносяць у офіс пустыя скрыні. Будуць грузіць аргтэхніку.

Па непацверджанай інфармацыі ператрус адбываецца ў офісе сацыялагічнай лабараторыі NOVAK. Тэлефон кіраўніка арганізацыі Андрэя Вардамацкага не адказвае, дадае Радыё Свабода.

Карэспандэнт Свабоды зараз знаходзіцца ў Магілёве на вуліцы Ленінскай каля дома № 27. У гэтым доме знаходзіцца офіс дабрачыннага фонду «Шчырасць». Уваход у памяшканне офісу ахоўваюць двое дужых у цывільным хлопцаў. Карэспандэнта туды не прапусцілі, сказалі, што вядзецца ператрус. Таксама патлумачылі, што ўжо вызначанае кола людзей, якія маюць права прысутнічаць падчас ператрусу.

Колькі працягнецца ператрус, не сказалі, але далі зразумець, што доўга.

14:32

Выйшаў міліцыянер і сказаў, што ў офісе следчая група праводзіць эксперымент. Больш нічога не вядома.

У Твітэры на pravda_by паведамляецца, што цяпер усе затрыманыя знаходзяцца ў Ленінскім РУУС.

14:21

Так, у мінскім офісе быў затрыманы галоўны рэдактар газеты «Товарищ» Сяргей Вазняк.

Тэлефоны лідэра кампаніі Уладзіміра Някляева і іншых актывістаў не адказваюць. Паводле нашай інфармацыі, у мінскім офісе знаходзіцца Някляеў. Але журналістаў у офіс не пускаюць невядомыя. Тады журналісты выклікалі міліцыю, прыехалі двое супрацоўнікаў, адзін з іх зайшоў у офіс. Карэспандэнтаў па-ранейшаму не пускаюць.

* * *

Ператрусы таксама праходзяць у Магілёве, Брэсце, Гродне (кватэра Ігара Ламекі), Барысаве.

* * *

У Гомелі трасуць адразу ў некалькіх месцах, у тым ліку ў кватэры актывіста Юрыя Варонежцава.

Варонежцаў паспеў паведаміць БелаПАН, што да яго прыехалі супрацоўнікі міліцыі і патрабуюць пусціць іх у кватэру. Пасля гэтага сувязь з актывістам абарвалася, яго мабільны тэлефон зараз адключаны.

Да дома вучонага прыехала некалькі журналістаў. Зараз каля кватэры дзяжурыць супрацоўнік міліцыі, які нікога не пускае ўнутр і тлумачыць гэта тым, што ў кватэры праводзяцца следчыя дзеянні. Аднак з чым звязаныя гэтыя дзеянні, ён не паведамляе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?