Стала вядома, што на 19 траўня журналісткі Ірына Халіп, Сьвятлана Калінкіна, Марына Коктыш і Натальля Радзіна зноў выкліканыя ў Першамайскі РУУС Менску.

Інфармацыю пацьвердзіла Сьвятлана Калінкіна: «Так, заўтра мы павінны быць ў дазнаўцы Пусева, які паведаміў нам, што ёсьць ужо высновы экспэртаў, і ён нас з імі пазнаёміць. Але ці верне тэхніку, якая была ў нас забраная, ён, на жаль, не сказаў».

28 красавіка журналістак ужо выклікалі для азнаямленьня з экспэртызай канфіскаваных у іх кампутараў, але тады стала вядома, што патрабуецца новая экспэртыза, падчас якой экспэрты правераць асабістую інфармацыю.

Напрыканцы сакавіка на кватэрах Калінкінай і Халіп, а таксама ў офісе «Хартыі‑97» прайшлі ператрусы.

Супрацоўнікі сілавых структураў канфіскавалі носьбіты інфармацыі, на якіх, аднак, нічога супрацьзаконнага знойдзена не было, пасьля чаго кампутары былі накіраваныя на дадатковую экспэртызу.

Паводле следчых, канфіскацыі і праверкі адбываюцца ў межах справы аб распаўсюджваньні паклёпніцкіх зьвестак пра старшыню гомельскага УКДБ Івана Каржа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?