15.09.2006 / 14:12

Дыхаць: канцэпцыі не праглядаецца Праект, «Гукі і малюнкі», 2006. 1

«Бяжы, хлопец», «Беларусь uber alles», «Радзіма-Свабода» ды іншыя гіты былі адмыслова перазапісаныя да гэтага праекту.

Дыск, які чакалі яшчэ летась, зьявіўся ў дыскарнях незаўважна. Бяз гучных прэзэнтацыяў і лішніх словаў. Грошы на яго выданьне сканчаліся, а потым знаходзіліся і сканчаліся ізноў. Таму рэліз праз увесь час адкладаўся. Па выхадзе ён пакінуў шмат пытаньняў.

Чакалі новы музычны праект, выйшаў чарговы «The Best». «Бяжы, хлопец», «Беларусь uber alles», «Радзіма-свабода» ды іншыя беларускія гіты былі адмыслова перазапісаныя да гэтага праекту. Цікавей было б пачуць новыя творы ад «Крамы», Neuro Dubel і ZET. А так «старыя» запісалі для «Дыхаць» свае галоўныя гіты, а «маладняк» (IQ-48, Indiga, :B:N:) – абсалютна новыя творы.

Канцэпцыі не праглядаецца, калі гэта ня ёсьць канцэпцыяй, вядома.

Галоўная разынка праекту, якую ня кожны заўважыць,– усе трэкі прапісваліся на польскай студыі Rembrandt. Таму гучаньне песень цешыць. Асабліва шыкоўна гучыць 8-хвілінная споведзь Сенькі з Zero-85 («Вольны») і апошні па часе гіт «Палацу» – «Кола грукатала».

Пакідае пытаньні «Уліс», які перапісаў для складанкі добрую, але не выбітную песьню зь «Люстэрка» – «Мы ўцякаем». Цікавае, але малазразумелае бліцвяртаньне «Мроі» з гітом 15-гадовай даўніны – «Краіна крывавых дажджоў».

З новага асабліва чапляе «Бяжы са мной» гурту Indiga, якія істотна палягчэлі з моманту выхаду іх дэбютных «Дзён». Ну, і дзьве песьні, якія сталі гітамі яшчэ да моманту іх выданьня: «Сьвятло ў цемры» IQ-48 і «Гадзючнік» («Усё роўна мы пераможам») N.R.M.

Мець дыск у хатняй калекцыі варта. Няхай зойме месца на палічцы побач з «Генэраламі айчыннага року» і «Песьнямі свабоды».

Сяргей Будкін

0
Юрый / Адказаць
17.09.2006 / 15:20
Дзе набыць
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру