На сядзібе

У канаве на вадзе — загінулая дзікая качка — селех, на другі бок моста з жабурыння высунула голаў андатра, а перад мостам па дарозе да пасадак сцішылася парачка — курапатка і курапат, — шукаюць месца для кубловага прытулку.

Філадэльфаваць

Прысніўся надоечы сон, быццам бы я заігрываю з нейкаю чарняваю жанчынаю. А яна, не здзіўляючыся, прыемна кажа мне:

— Што ты з мною філадэльфуеш?!

А я нешта нічога не сказаў, здзіўлёны пайшоў убок.

* * *

На камяні сядзець нельга

Збіраюся перадаць колькі нумароў «Нашай Нівы» паэту Івану Арабейку, які жыве цяперака ў вёсцы ля Жабінкі і якому як ніколі хочацца як мага болей ведаць, што творыцца ў малым і вялікім свеце. То бок яшчэ раз пераглядаю нумары з мэтаю не прапусціць нешта важнае для свае працы. Другі раз перачытваю «Знакі прыпынку» Уладзіміра Някляева ў «НН» ад 17 сакавіка 2010 года. У адным з запісаў пісьменнік расказвае пра сваю бабулю, якая любіла сядзець на валуне, а валун быў такі вялізны, што, каб на яго ўзлезці, трэ было прыстаўляць лесвіцу. Усё гэта мне каторы раз нагадала, што мае продкі аніколі не садзіліся на валун ці на звычайны камень, асабліва гэта тычылася дзяўчатаў ці жанчын, бо і сапраўды на камні нельга сядзець: зверху ён можа быць цеплаватым, а спаднізу заўсёды халодны. У маёй вёсцы жыла непадалёк сям’я — Саўка з Саўчыхай. Гісторыя ці памяць нават не захавалі імя гаспадыні. Дык вось, у дзяцінстве маім гэта было, калі я чуў ад маці майго сябрука Жэнькі, хата якога побач з хатаю Саўкі, што Саўчыха пасвіла чаргу і там за скацінаю пасядзела на камні, неўзабаве захварэла па жаночаму і па часе памерла з гэтага.

Успамінаецца і другая гісторыя. У няблізкім ад нас Камянецкім лесе была крыніца, называўся калодзеж Свенты Воды. Хто ні ехаў ля ляснога бору, кожны спыняўся ля крыніцы, каб папіць вады. Ад брата меншага, які працуе майстрам у лясніцтве, чую, што крыніца знікла. Пытаюся ў яго — чаму? Аказваецца, вада выцякала з-пад вялікага камня, які напалову быў у зямлі. Лесніку Пятру Мосіку (мянушка) захацелася зазірнуць пад камень — а што там е? Калі камень выкапалі з зямлі, крыніцы не стала. Я добра ведаў дзядзьку Пятра, мы з ягонаю старэйшаю дачкою аднакласнікі, хацеў у дзядзькі распытаць, як і што адносна Свентых Водаў, але не паспеў…

* * *

Амерыка

— Уладзя, пайшлі да мяне на хвіліну, паможаш акацыю перарэзаць на тапарышча, — звяртаецца да мяне сусед, брат па касе Валодзя Рыжы. — Пачаў рэзаць нажоўкаю, але душыць акацыя палатно, цвёрдае дрэва.

Мы ўдвух з Валодзем ручною пілою «Дружба-2» перарэзваем кавалак акацыі якраз на дзве раўнюткія палавіны. Валодзя, кажу, а пілка вашая вострая, развод харошы.-То яшчэ бацькава. У нас і амерыка была, што рэзаць лес на дылі, ды зяць узяў зглуміў, на нешта парэзаў палатно. Жалеза не хапае, хай бы была амерыка, бацькава памяць.

Валодзя глядзіць на здзіўленага мяне і кажа:

— А хіба ты не ведаў, што такая піла называецца амерыка?

Не, не ведаў, Валодзя, не ведаў.

Пасыпаліся куры…

— Цётка Ганна, ці ёсць у вас на продаж курыныя яйкі?

— Няма, цяпер яек зусім мала, пасыпаліся куры…

Цётка Ганна ловіць маё здзіўленне і дадае: — Перасталі несціся.

* * *

Найлепшая навіна

Пазваніў у аблбальніцу Лёні Філатаву, пісьменніку, справіцца, як ён там, пасля аперацыі, паабяцаўшы пад’ехаць.

— Валодзя, мне лягчэй, не едзь, і харчоў хапае, дачушка прыходзіла.

Лёня, кажу, учора хацеў цябе адведаць, не атрымалася, ездзіў у вёску да маці.

— Малайчына, што з’ездзіў, гэта найлепшая для мяне навіна.

* * *

Цвітуць крокусы

Пажэжынскі зяць Міша Турыч зрабіў невялічкі самаробны млынок. З братам Толікам мелем у Мішы Турыча ячмень, а леваруч ад нас за штакетнікам цвітуць крокусы — першыя веснавыя кветкі.

Маларыцкі раён, в. Пажэжын

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?