Міністэрства адукацыі Беларусі разглядае магчымасць арганізацыі цэнтралізаванага тэставання на працягу года. Пра гэта на адкрыцці рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Роля педагога ў працы з адоранай моладдзю» 20 мая ў Мінску паведаміў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў.

Па яго словах, арганізацыя ЦТ на працягу года зняла б нагрузку на абітурыентаў, знізіла б чэргі на рэгістрацыю і іншыя пытанні. «Чаму ў Англіі можна здаць тэст на паступленне ў студзені, а ў нас трэба здаваць тры ў чэрвені?» — задаўся пытаннем міністр. У заходніх краінах, працягнуў Радзькоў, «ніхто нават не ведае пра тэрміны ўступнай кампаніі», тады як у Беларусі гэта адна з самых галоўных тэм.

На думку міністра адукацыі, тэсты можна было б распрацаваць за курс 10-ці класаў, каб ЦТ маглі здаваць усе жадаючыя, уключна з выпускнікамі гэтага года.

Нагадаем, рэгістрацыя на ЦТ у Беларусі праходзіць з 3 мая па 1 чэрвеня. Тэставанне стартуе 14 чэрвеня і працягнецца да 1 ліпеня. У гэтым годзе 55 беларускіх ВНУ плануюць прыняць 102,7 тысячы абітурыентаў на ўсе формы навучання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?