Чаму ў святочны год няма грошай на дзіравы дах у кватэры ветэрана.

Сёлета парад у гонар Перамогі быў пампезны як ніколі. Асабліва ў сталіцы, дзе кіламетры галоўнага праспекту шчыльна завесілі каляровымі палотнішчамі, а савецкія гімнасцёркі з узнагародамі начапілі нават на манекенаў у цэнтральных крамах.

Сёлетні парад быў яшчэ і надзвычай марнатраўны. Як і летась, шматмільённымі (у даляравым эквіваленце) ахвярамі рэпетыцый вайсковай тэхнікі сталі сталічныя дарогі. А 9 мая неспрыяльнае надвор’е не спыніла арганізатараў святочнага салюту. Так і сіпелі тысяча за тысячай бюджэтных даляраў, згасаючы ў цяжкіх шэрых хмарах.

А тым часам у Гродне на вуліцы Сацыялістычнай у кватэры Мікалая Цікунова ўжо сем гадоў цячэ дах. У кватэры заўсёды сыра і холадна — летам 17 градусаў, зімой усяго 15. Банальная гісторыя, скажа нехта. Магчыма, але Мікалаю Мікалаевічу 84 гады. З вайны, на якую ён пайшоў у 17 год, вярнуўся інвалідам. Трое ягоных братоў не вярнуліся зусім. Важкая прычына, каб мець шанаванне і спагаду на дзевятым дзесятку, падумаюць многія. Ды не, скажа закон РБ «Аб ветэранах», які не прадугледжвае бясплатнага рамонту за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Дый іх і няма, тых грошай, паціскаюць плячыма ў гродзенскай ЖКГ.

Сакрэт сёлетняй пампезнасці хутчэй не ў даце, хоць лічба «65» была зафіксаваная ці не ў кожным элеменце грандыёзнай мілітарысцкай пастаноўкі. Справа ў іншым — на носе выбары. А таму парад — толькі нагода, каб прадэманстраваць усім сваю моц і ўпэўненасць. Колькі б гэта ні каштавала.

У святочны 65-ы год Перамогі ні адна рука не ўзялася перапісаць закон аб ветэранах, як не было гэта зроблена і да 60-годдзя. Ніхто не даўмеўся спыніць салют у дождж, каб ашчадзіць грошы (магчыма, і на некалькі дзіравых дахаў). Чаму? Бо сапраўдным героям, такім як Мікалай Цікуноў, у гэтай бессардэчнай гульні адводзіцца роля, не большая за ролю манекена з медалямі ў вітрыне ЦУМа. Дзіравы дах 84-гадовага ветэрана нікога не хвалюе. Ну і праўда, каго турбуюць праблемы манекенаў?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?