У Генеральную пракуратуру Беларусі па пошце паступіў арыгінал запыту аб выдачы зрынутага прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева і матэрыялы ў дачыненні да яго, паведамілі ў Генпракуратуры.

gПаводле слоў суразмоўцы агенцтва, матэрыялы на 18 старонках цяпер вывучаюцца. Нагадаем, копія запыту паступіла з Кыргызстана па факсе 11 мая.

Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі з 19 красавіка. 4 мая кіраўнік часовага ўрада Кыргызстана Роза Атунбаева падпісала дэкрэт аб пазбаўленні яго прэзідэнцкай недатыкальнасці. У дэкрэце гаворыцца, што «Бакіеў дапусціў расстрэл мірных грамадзян і тым самым сам пазбавіў сябе статусу экс‑прэзідэнта і недатыкальнасці».

У той жа дзень прэзідэнт Беларусі заявіў, што не збіраецца выдаваць Бакіева новым уладам Кыргызстана. «Да мяне ніхто афіцыйна не звяртаўся, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але адразу хачу афіцыйна заявіць: гэтыя звароты будуць дарэмныя і зневажальныя для часовага ўрада. Прэзідэнт Кыргызстана знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы і прэзідэнта. Не трэба гэтак званаму часоваму ўраду звяртацца з патрабаваннем выдаць Бакіева. Каму выдаць? Ці захачу я яшчэ размаўляць з тым, хто сёння кіруе ў Кіргізіі».

11 мая Атунбаева заявіла, што часовы ўрад мае намер дабівацца экстрадыцыі Бакіева. «Сёння кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзяў пад сваю апеку Курманбека Бакіева. Хачу сказаць, што падобныя дзеянні пагаршаюць палітычную сітуацыю ў самой Беларусі, дзе зараз актыўна прачынаецца апазіцыя. Яна жорстка выступае супраць палітыкі Лукашэнкі. Я думаю, што ён сам вінаваты ў сітуацыі, якая склалася», — цытуе Атунбаеву кыргызскае інфармагенцтва 24.kg.

Раней, каментуючы БелаПАН магчымасці экстрадыцыі Бакіева, крыніца ў праваахоўных органах палічыла, што гэтае пытанне будзе вырашацца не ў агульнакрымінальнай, а ў палітычнай плоскасці. Паводле слоў эксперта, у агульнакрымінальнай практыцы на тэрыторыі СНД пытанне аб экстрадыцыі вырашаецца на падставе Мінскай канвенцыі 1993 года аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах. Калі грамадзянін якой‑небудзь дзяржавы ўчыніў на яго тэрыторыі злачынства і схаваўся ў Беларусі, то беларускія ўлады абавязаныя выдаць яго боку, які робіць запыт.

У той жа час у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і нацыянальным заканадаўствам Беларусь не выдае сваіх грамадзян. Не выдаць абвінавачанага Мінск можа таксама ў выпадку давання яму палітычнага прытулку — дзяржава бярэ чалавека пад сваю апеку, і яму няма неабходнасці нават уступаць у беларускае грамадзянства.

Нагадаем, на прэс‑канферэнцыі ў Мінску Бакіеў заявіў, што не мае намеру прасіць палітычнага прытулку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?