Фота Юліі Дарашкевіч

19:42

Згортваюць сцэну.

Валянтэры зьбіраюць сьмецьце.

Людзі масава разыходзяцца.

На разьвітаньне далі фаервэрк.

Брус Ўіліс так і не прыехаў

19:40

Адзін з арганізатараў фэсту Мікалай Халезін нашаму рэпарцёру: «Афіцыйная прычына, як нам паведамілі, – упаў рубільнік.

— А што наконт ранейшых заяваў, што фэст адбудзецца нават без электрычнасьці?

— Я вам магу толькі сказаць адно: здавайце білеты, ідзіце дадому – вам вернуць усе грошы.

19:34

Са сцэны абвесьцілі, што канцэрту ўжо ня будзе. Кулінковіч павітаў моладзь. Музыкі, якія рыхтаваліся да выступу, зачахляюць інструмэнты. Людзі пачынаюць разыходзіцца.

19:31

Адключэньне сьвятла, высьвятляецца, не было заплянаванае. Арганізатары зьвярнуліся ў адміністрацыю раёну, дзе ім адказалі, што ў іх сьвятло ёсьць, і яны ня ведаюць, якія праблемы. Генэратараў на месцы няма. А часу, каб іх падвезьці, не застаецца. Таму, магчыма, канцэрт на гэтым скончыцца. Нагадаем, што кагадзе адзін з арганізатараў фэсту Віктар Івашкевіч заявіў літаральна наступнае: Самае вялікае, што могуць зрабіць нам на злосьць, – вымкнуць электраэнэргію падчас канцэрту. Але, трэба сказаць, што на мінулых мерапрыемствах выступалі і без стацыянарнага падлучэньня энэргіі.

19:20

Гледачы каля сцэны ўздымацюць чорна-белыя здымкі зьніклых палітыкаў і сёньняшніх палітвязьняў — каля сотні партрэтаў розных фарматаў. Трымаюць запаленыя зьнічкі. З боку вуліцы Багдановіча нечакана ўсчынаецца фаервэрк. Магчыма, адключэньне сьвятла і фаервэрк – тыя самыя сюрпрызы, якія абяцалі арганізатары.

19:13

Зьнікла электрычнасьць.

19:12

У бліц-інтэрвію «НН» лідар «Нэйра-Дзюбеля» Аляксандар Кулінковіч сказаў, што вельмі рады, што гэтак шмат народу, асабліва моладзі. Тут сабралася самая правільная моладзь. Сказаў, што спадзяецца гэтым разам на добры гук.

Ужо выступілі «Парасон», «Чырвоным па белым». Зараз на сцэне «Крама».

Са сцэны павіталі аднаго з гледачоў, які прыехаў на фэст у інвалідным вазку.

Над натоўпам зьявіліся сьцягі з чырвонай ружай.

19:03

Карыстальнік Жывога Часапісу выклаў у сваім дзёньніку фатанарыс: Джынсавы Фэст: Даканцэртная частка.

18:56

На фэст дазваніўся Фінкевіч, перадаў вітаньні сабраным. Яму зладзілі авацыю. Над натоўпам зьявіўся нацыянальны сьцяг, бел-чырвона-белыя парасоны. Ёсьць таксама маленькія сьцягі Ўкраіны.

18:44

На сцэне начальнік менскага АМАПу Юры Падабед. Ён заявіў, што і сярод удзельнікаў фэсту ёсьць п’яныя. Сказаў, што ён супрацоўнічае з дружынай фэсту – людзьмі зь белымі павязкамі. Пажадаў удачы.

Адзін з арганізатараў фэсту Зьміцер Бандарэнка заявіў нашаму рэпарцёру, што прапанова пра ачапленьне вакол фэсту была выкліканая тым, што п’яныя правакатары ўсчынаюць бойкі, чапляюцца да людзей. Прынамсі, ёсьць ужо два факты такіх паводзінаў. Гэтым і было абгрунтаванае зьяўленьне дадатковых сілаў міліцыі на фэсьце.

Паводле ягоных ацэнак, зараз на фэсьце каля 10 тысяч гледачоў.

18:34

Паведамляюць пра затрыманьні па пэрымэтры акцыі – як п’яных, так і тых, хто з сымболікай. Бандарэнка на сцэне: «Ганьба АМАПу»! Заклікае стварыць ачапленьне вакол гледачоў каля сцэны, каб прадухіліць затрыманьні. Зараз на сцэну ідзе чалавек з рацыяй...

18:33

Радыё Свабода перадае першыя кадры з «Джынсавага фэсту».

18:24

Да сцэны пад’ехаў аўтобус з танаванымі шыбамі. Адтуль выйшла зь дзясятак міліцыянтаў у чорнай форме. Зь іхных перамоваў становіцца зразумела, што ім загадана «разьбірацца» з тымі, у каго незарэгістраваная сымболіка. Тым часам рацыі шыпяць і з-пад куртак некаторых «цывільных» з сымболікай джынсавага фэсту.

Канцэрт працягваецца.

18:07

Пачынаецца канцэрт. Яго адкрывае гурт «Парасон».

18:04

Выступае Мілінкевіч. Дзячыць моладзі за ейную ролю ў рэвалюцыі.

Увогуле, адзначае наш рэпарцёр, з вуснаў усіх прамоўцаў са сцэны гучаць агульныя звыклыя лёзунгі.

Людзі трошкі пачынаюць сумаваць ад суцэльнага мітынгу і чакаюць канцэрту.

Правакатары таксама сьцішыліся без увагі відэакамэраў і чытаюць улёткі фэсту.

Пасьля выступу Мілінкевіча чакаецца пачатак канцэртнай часткі.

17:48

Зьявілася група правакатараў – п’яных людзей, якія ледзьве стаяць на нагах. За імі ідзе апэратар зь вялікай камэрай. Калі людзі паклікалі дружыну фэсту, вялікая камэра зьнікла, замест яе зьявіліся «цывільныя» з маленькімі камэрамі і фільмуюць хто адкрыта, а хто потайкі з-пад курткі. Дружыньнікі сказалі, што ў іх мала сілаў для такой групы. Зараз правакатары гуртуюцца каля сцэны.

17:33

Выступіў Мікіта Сасім у джынсавай кашулі. Менавіта Мікіта першы ўзьняў джынсавую кашуляю як сьцяг, пасьля чаго і пачаўся джынсавы рух у Беларусі.

У гэты момант прамаўляе Ігар Марыніч, арганізатар руху за свабоду палітвязьняў.

Распаўсюджваюцца чуткі, што канцэрт нібыта адменены. Вядоўцы ў зьвязку з гэтым абвесьцілі, што канцэрт пачнецца неўзабаве. Людзей ужо сабралася болей, чым на мінулым канцэрце.

17:20

Стала вядома, хто дакладна будзе сёньня выступаць. Гэта «Крама», «Таварыш Маўзэр», «Чырвоным па белым», «Парасон».

У бліц-інтэрвію «НН» лідэр прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі расказаў, што прадпрымальнікі дапамагалі ў арганізацыі фэсту: аформілі сцэну, усталявалі некалькі прыбіральняў, прывялі людзей.

Праходзіць запіс у валянтэрскія рухі, сярод якіх асобна – рух Мілінкевіча.

Вядоўцы абвесьцілі са сцэны, што быў затрыманы 12-гадовы хлопец, які бясплатна раздаваў газэту пра «Джынсавы фэст».

17:13

Ад прапрымальнікаў выступае Валер Леванеўскі. Вядучыя, даючы яму слова, адзначылі, што прадпрымальнікі вельмі дапамаглі арганізаваць фэст і «сёньня яны тут з намі».

17:04

Выступае «Свабодны тэатар».

Перад гэтым былі зачытаныя лісты жонкі Ганчара і прывітальны ліст Дашкевіча, які ён перадаў празь сяброў, з-за кратаў.

16:46

Зьявілася інфармацыя, што на падыходзе да плошчы Бангалор людзі ў форме і цывільным чапляюца да юнакоў, задаюць пытаньні, ці яны за Лукашэнку і затрымліваюць тых, хто кажа “не”.

З школаў чытачы-настаўнікі пацьвярджаюць інфармацыю пра прымусовыя дыскатэкі.

16.25

На гэты момант на «Джынсавым фэсьце» сабралася каля дзьвюх тысячаў гледачоў і людзі працягваюць падыходзіць. Па некаторых зьвестках, у раёне правядзеньня фэсту закрытыя некаторыя маршруты грамадзкага транспарту. Паступае таксама інфармацыя, што ў раёне Акадэміі навук, дзе першапачаткова плянаваўся збор удзельнікаў, праходзяць затрыманьні адпаведна апранутых людзей з сымболікай і значкамі.

У натоўпе лунаюць пераважна сьцягі Менску. Многія трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі на плячах.

Сцэна ўся абцягнутая джынсам. Выстаўленыя фатаздымкі зьніклых актывістаў. На сцэне тры сьцягі Менску і адзін Эўразьвязу.

Заўважаныя музыкі гуртоў «Крама» і «Таварыш Маўзэр», а таксама ўдзельнікі «Свабоднага тэатру» і беларускія палітыкі: Бандарнэнка, Саньнікаў, Вайтовіч і іншыя.

Зараз выступіла 17-гадовая Валерыя Красоўская.

Міліцыі ў форме амаль не відно, у асноўным заўважаныя «супрацоўнікі ў цывільным».

Гук на парадак лепшы, чым на мінулым канцэрце.

Арганізатары папярэджваюць не ўжываць алкаголь і не паліць. Таксама было папярэджаньне пра магчымыя затрыманьні за выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0