На чарговым пасяджэнні Рады інтэлігенцыі ўдзельнікі «круглага стала» па вылучэнні адзінага чатыры кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл зацвердзілі свае «Папярэднія абавязацельствы». Кандыдаты паабяцалі, што будуць пазбягаць правакацыйных выказванняў на адрас адзін аднаго, а ў выпадку абрання «адзіным» забяспечаць удзел астатніх у сваім штабе.

«Абавязацельствы» ўтрымліваюць тры асноўныя пункты. Першыя два рэгламентуюць паводзіны прэтэндэнтаў у перыяд працэсу абрання «адзінага» і іх абавязкі ў выбарчай кампаніі.

Так, прэтэндэнты паабяцалі падчас працы «круглага стала» «ўстрымлівацца ад кампраметацыйных і правакацыйных выказванняў на адрас любога з яго ўдзельнікаў» і прыкласці «ўсе намаганні для дасягнення згоды на аснове кансенсуса».

Другім пунктам яны сведчаць: «Кожны з нас гарантуе, што ў выпадку абрання адзіным кандыдатам ён, нягледзячы на супрацьдзеянне кіроўнага рэжыма і рызыку для сябе, зробіць усё магчымае для перамогі на прэзідэнцкіх выбарах, сфармуе свой выбарчы штаб з улікам рэкамендацый усіх удзельнікаў «круглага стала» і забяспечыць іх удзел у гэтым штабе. Таксама кожны з нас гарантуе, што ў выпадку абрання адзіным кандыдатам іншага прэтэндэнта, увойдзе ў яго каманду і зробіць падчас прэзідэнцкай кампаніі ўсё магчымае для перамогі дэмакратычных сілаў».

Трэці пункт гэтага дакумента рэгламентуе абавязацельствы кандыдата ў выніку яго перамогі. Так, стаўшы прэзідэнтам, ён павінен:.

«1. Абараняць незалежнасць Беларусі.

2. Ініцыяваць паслядоўныя і аператыўныя палітычныя рэформы з мэтай усталявання дэмакратычнай палітычнай сістэмы з рэальным падзелам улады і гарантыяй правоў чалавека; забяспечыць прызначэнне свабодных парламенцкіх выбараў на шматпартыйнай аснове не пазней як праз чатыры месяцы з дня сваёй інаўгурацыі.

3. Ініцыяваць сістэмныя эканамічныя рэформы дзеля фармавання ў нашай краіне свабоднай сацыяльнай рынкавай эканомікі.

4. Ініцыяваць наладжванне раўнапраўнага ўзаемавыгаднага партнёрства Беларусі з іншымі краінамі дзеля далучэння нашай краіны да сям’і вольных еўрапейскіх народаў.

5. Спрыяць як найбольш поўнаму і аб’ектыўнаму расследаванню фактаў палітычных знікненняў палітычных апанентаў папярэдняга рэжыму.

6. Падтрымліваць нацыянальную культуру і беларускую мову, спрыяць фармаванню ў беларускім грамадстве негатыўнага стаўлення да таталітарных ідэалогій».

Працэс падпісання гэтага дакумента плануецца завяршыць да канца тыдня.

Свае подпісы пад «Абавязацельствамі» ўжо паставілі чатыры кандыдаты — Мікалай Статкевіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Някляеў, Аляксандр Ярашук, а таксама старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас.

Як вядома, у працэдуры пад эгідай Рады інтэлігенцыі не бяруць удзелу Алесь Міхалевіч, Андрэй Саннікаў і Аляксандр Мілінкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?