24.05.2010 / 16:20

Арганізатары акцыі супраць павышэння цэн на паліва «Стоп бензін!» чакаюць рэакцыі ўладаў 6

Чарговае нядаўняе падаражанне бензіну абурыла многіх беларускіх аўтааматараў. За няпоўныя пяць месяцаў, якія прайшлі з пачатку года, цэны на гаручае ў Беларусі павышаліся тры разы і выраслі ўжо на 15%. Аўтамабілісты таксама гавораць аб тым, што з сярэдзіны 2004 года цэны на бензін выраслі ў два, а на дызельнае паліва — у два з паловай разы.

W выніку сярод наведвальнікаў сайтаў «Аўтамалінаўка», stop‑gai.by і некаторых іншых нарадзілася ідэя пратэстнай акцыі «Стоп бензін!». Ініцыятары акцыі заклікаюць неабыякавых вадзіцеляў 1—4 чэрвеня абмежаваць сваё перамяшчэнне на аўто і ігнараваць некаторыя аўтазаправачныя станцыі.

БелаПАН сустрэўся з адным з актывістаў гэтай кампаніі Канстанцінам Міхайлавым.

«Мы чакалі, — расказвае Канстанцін, — што прыход венесуэльскай нафты пакіне цэны на паліва на ранейшым узроўні. Аднак падаражанне адбылося, што выклікала буру эмоцый з боку аўтамабілістаў. Таму мы вырашылі не маўчаць, аб’явілі грамадзянскую ініцыятыву «Мы — не дойныя каровы». Матывуем мы гэту акцыю тым, што з Расіі да нас ідзе бяспошлінная нафта, прызначаная для продажу на нашым унутраным рынку зусім не па тых цэнах, па якіх нам прыходзіцца яе купляць.

Мы заклікаем усіх неабыякавых з 1 па 4 чэрвеня праігнараваць запраўкі канцэрна «Белнафтахім», а запраўляцца на станцыях АСТА, «Славнефть», «Юнайтэд компані». Мы не хочам нанесці нікому ніякага эканамічнага ўрону, але хочам паказаць, што мы адзіныя, салідарныя і не станем маўчаць, бо мы разбіраемся ў цэнах. Акрамя таго, нас хвалююць усе праблемы, якія ёсць у нашай дзяржаве».

Міхайлаў лічыць, што неабыякавых да павышэння цэн на транспартныя паслугі ў краіне проста няма, бо «следам за цэнамі на бензін падняліся цэны на мяса і малако, затым на праезд у маршрутным таксі, а заўтра можа падаражэць праезд у астатнім гарадскім грамадскім транспарце».

Паводле слоў удзельніка акцыі, яе арганізатары не адчуваюць ніякага націску з боку ўлад. «Дзяржава маўчыць, і нас гэта не радуе, — адзначыў ён. — Мы ўсё ж чакаем ад яе нейкай рэакцыі. Мы, аўтааматары, вельмі хацелі б атрымаць адказы на свае пытанні. Калі рэакцыі не будзе і пасля правядзення акцыі, магчыма, будзем пісаць скаргі, каб на нас звярнулі ўвагу, байкатаваць запраўкі «Белнафтахіма».

0
Scooter / Адказаць
24.05.2010 / 18:54
"Мы заклікаем усіх неабыякавых з 1 па 4 чэрвеня праігнараваць запраўкі канцэрна «Белнафтахім», а запраўляцца на станцыях АСТА, «Славнефть», «Юнайтэд компані»." --дзякуй, але запраўляйся сам на сваёй Славнефті! Пасьля таго, як заправіўшыся на адной зь яеных заправак, праз 3 км у машыне здохла бензапомпа, больш я на яеных запраўках не запраўляюся. "Міхайлаў лічыць, што НЕабыякавых да павышэння цэн на транспартныя паслугі ў краіне проста няма" --ага, судзячы па колькасьці машын на запраўках што да падаражаньня, што пасьля яго, у нас і сапраўды няма НЕабыякавых да гэтага падаражаньня :) 2Рэд. Прапаную замест савецкага "аўтааматары" пісаць "аўтамабілісты". Бо ні ўсе аўтамабілісты зьяўляюцца "аматарамі" аўто.
0
Кнехт / Адказаць
24.05.2010 / 19:32
Мы заклікаем усіх неабыякавых з 1 па 4 чэрвеня праігнараваць запраўкі канцэрна «Белнафтахім», а запраўляцца на станцыях АСТА, «Славнефть», «Юнайтэд компані» =============================== На станцыях АСТА, «Славнефть», «Юнайтэд компані» цэны таннейшыя? Калі не, дык заклік чыста-проста антыбеларускі.
0
eisernWolf / Адказаць
24.05.2010 / 20:53
>>>Пасьля таго, як заправіўшыся на адной зь яеных заправак, праз 3 км у машыне здохла бензапомпа, больш я на яеных запраўках не запраўляюся. Фільтры трэба часьцей мяняць. :)
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру