Дырэктар літоўскага агенцтва па наглядзе за радыяактыўнымі адкідамі Дайнюс Яненас распавёў карэспандэнту «НН» пра сёньняшні стан праекту пабудовы могільніка радыяактыўных адкідаў.

На сёньня разглядаюцца тры праекты. Апошні зь іх ужо пададзены на абмеркаваньне грамадзкасьці і бліжэйшым часам будзе дасланы ў Беларусь. Гэты ўчастак знаходзіцца на адлегласьці 5 км ад літоўска-беларускай мяжы. Меркаваны могільнік будзе паверхневага тыпу, у ім будуць захоўвацца адкіды, што зьмяшчаюць радыяактыўныя элемэнты сярэдняй і малой актыўнасьці. Існуюць таксама траншэйныя сховішчы, для захоўваньня малаактыўных элемэнтаў, і глыбінныя, для захоўваньня высокаактыўных элемэнтаў з працяглым пэрыядам распаду. Будучае сховішча будзе дзейнічаць каля 300 год. Гэта модульнае збудаваньне, аб’ёмам 100 тыс. м³ (на сёньня Літва мае каля 93 тыс. м³ радыяактыўных адкідаў), якое будзе напаўняцца паступова. Канструкцыі яго будуць жалезабэтонныя. Сэкцыі сховішча будуць перасьцілацца адмысловай воданепранікальнай глінай. Адпрацаванае ядравае паліва, а яно ўтрымлівае высокаактыўныя элемэнты, будзе захоўвацца ў спэцыяльным сховішчы на тэрыторыі АЭС, якое ўжо пабудаванае. Там адкіды захоўваюцца 50–70 гадоў. У плянах магчымы вываз адпрацаванага паліва ў Расею. Захоўваць яго ў заплянаваным могільніку не зьбіраюцца – супакоіў Д.Яненас. Як і разьмяшчаць на тэрыторыі могільніка адкіды зь іншых краінаў – гэта забаронена літоўскімі законамі. Сп. Яненас запэўніў, што беларускі бок паінфармаваны ў поўным аб’ёме: «Адмыслоўцы зь беларускага Праматамнагляду і зацікаўленых міністэрстваў пабывалі ў нас двойчы. Яны валодаюць неабходнай інфармацыяй у роўнай ступені з нашымі спэцыялістамі. Літоўскі бок і надалей будзе працягваць усебаковае супрацоўніцтва зь Беларусяй». Вызначыцца з выбарам месца літоўцы мусяць пры канцы гэтага году ці на пачатку наступнага.

Летась місія МАГАТЭ разгледзела ўсе тры варыянты разьмяшчэньня сховішча. З пункту гледжаньня бясьпекі для Беларусі, Літвы і Латвіі яны ацэненыя здавальняльна.

Міністэрства аховы прыроды Беларусі распаўсюдзіла зьвесткі пра магчымы нэгатыўны ўплыў на тэрыторыю Беларусі ў выніку будаўніцтва Літвой сховішчаў радыяактыўных адкідаў і адпрацаванага ядравага паліва. Гідраграфічныя і гідралягічныя ўмовы ў раёне будаўніцтва абумоўліваюць сьцёк паверхневых водаў на тэрыторыю Беларусі. У выпадку выкіду радыяактыўных элемэнтаў у навакольнае асяродзьдзе менавіта воднымі шляхамі можа адбыцца асноўнае забруджаньне вадатокаў Беларусі. Магчымае забруджваньне можа распаўсюдзіцца на Беларусь і паветраным шляхам.

Навучаная досьведам Чарнобылю, Беларусь распрацавала аўтаматызаваную сыстэму радыяцыйнага кантролю.

У 30-кілямэтровай зоне ля Ігналінскай АЭС на тэрыторыі Беларусі такая сыстэма функцыянуе 10 гадоў. 9 стацыянарных пастоў працуюць у бесьперапынным рэжыме. Кожныя 10 хвілінаў зьвесткі вымярэньняў перадаюцца ў Цэнтры рэагаваньня ў Браславе і Менску.

З праблемамі захоўваньня радыяактыўных адкідаў сутыкаюцца ўсе дзяржавы «ядравага клюбу», ці атрымліваюць электраэнэргію ад АЭС. Суседнія з намі Расея і Украіна не вынятак. У Расеі ўжо 10 гадоў вядуцца выпрабаваньні новага тыпу сховішчаў, якія верагодна збудуюць на Кольскай паўвысьпе. Калі экспэрымэнт будзе ўдалым (высьветліцца гэта толькі яшчэ празь 10–15 гадоў), то захоўваць шкодныя адкіды можна будзе без перазахоўваньня некалькі тысячаў гадоў.

Ігналінская АЭС

выйдзе з эксплюатацыі на пачатку 2010-га, калі спыніць працу 2-гі блёк станцыі. Першы блёк ІАЭС быў спынены 31 сьнежня 2004. Балтыйскія краіны маюць праект збудаваньня новай АЭС на тым самым месцы, паводле заходніх тэхналёгій. Зачыненая станцыя працавала на савецкіх тэхналёгіях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?