Лукашэнка заклікае не шукаць «нічога надзвычайнага» ў ратацыі кадраў. Пра гэта ён заявіў 25 мая, прадстаўляючы новага старшыню Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыса Батуру актыву Мінскай вобласці.

«Па меры развіцця дзяржавы павінен ісці нармальны і натуральны працэс станаўлення і ўдасканалення кадравага патэнцыялу. Застой тут непрымальны, яго быць не можа, бо ён прывядзе, як прынята цяпер гаварыць, да стагнацыі, рэгрэсу і адкату назад», — цытуе Лукашэнку прэс‑служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што змена губернатара Мінскай вобласці не мае якой‑небудзь палітычнай падаплёкі. «Усе мы будзем нармальна працаваць у органах дзяржкіравання, калі ў нас будуць нармальныя вынікі ў эканоміцы.

Эканоміка — гэта галоўнае для нас», — заявіў Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на неабходнасць паляпшэння кадравай палітыкі ў сталічнай вобласці. «Даручэнні навесці ў вобласці парадак з кадрамі, якія я даваў, калі прызначаў ранейшага губернатара, так і не выкананы, — падкрэсліў прэзідэнт. — Вы не змаглі скончыць з чахардой пры падборы і расстаноўцы кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый. Ад іх высокай змяняльнасці і працяглых вакансій пакутуе справа».

Паводле яго слоў, 19 сельгасарганізацый вобласці і сёння застаюцца без кіраўнікоў, некаторыя — ужо больш за паўгода. Сем месяцаў заставаліся вакантнымі пасады намеснікаў старшыняў Старадарожскага і Крупскага выканкамаў. Лукашэнка адзначыў дэфіцыт галоўных спецыялістаў у АПК. Штогадовая змяняльнасць гэтай катэгорыі работнікаў у Мінскай вобласці складае каля 17%.

Прэзідэнт асоба закрануў праблемы працаўладкавання маладых спецыялістаў. «Без замацавання моладзі на вядучых пасадах ва ўсіх сферах эканомікі мы не зможам забяспечыць паступальнае дынамічнае развіццё нашай дзяржавы», — сказаў ён. «Гэта павінна быць пад жорсткім кантролем губернатара. Калі малады спецыяліст з’ехаў на іншае працоўнае месца, вас павінны неадкладна праінфармаваць і вы павінны ўнікнуць і разабрацца з тым, хто яго ўзяў на працу», — звярнуўся Лукашэнка да Батуры і яго намесніка Валерыя Іванова.

Гаворачы аб працы Леаніда Крупца на пасадзе губернатара, прэзідэнт адзначыў, што ён не дапусціў эканамічнага абвалу, даволі спакойнай застаецца сацыяльна‑палітычнае становішча ў рэгіёне. Вобласць урэшце пераадолела дзвюхмільённую мяжу збору збожжа, выконваецца пастаўленая задача па забеспячэнні Мінска прадуктамі харчавання. Аднак, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы,

няма дынамікі эканамічнага развіцця, і сёння неабходна павялічваць эфектыўнасць вытворчасці ў сельскай гаспадарцы.

Што да цяперашніх кадравых рашэнняў, ён таксама адзначыў, што «кадрам Міншчыны неабходны жорсткі і прынцыповы стыль кіраўніцтва». Прэзідэнт упэўнены, што «тандэм губернатара Барыса Батуры і яго першага намесніка Валерыя Іванова ўяўляе сабой сплаў вопыту і маладосці, закліканы вывесці Мінскую вобласць на лідзіруючыя пазіцыі ў многіх сферах». Перад новым кіраўніцтвам стаяць вельмі адказныя і напружаныя задачы, бо гэта асаблівы рэгіён, развіццё якога шмат у чым вызначае агульную дынаміку сацыяльна‑эканамічнага развіцця Беларусі. «Міншчына павінна быць прыкладам для ўсіх рэгіёнаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Я вельмі хачу, каб Мінская вобласць дадала ў тэмпах. Нават сёлета, заклаўшы тым самым асновы для будучай пяцігодкі. Дадасць Мінская вобласць — значна прасунецца наперад уся краіна. Бо Міншчына — гэта аснова, гэта велізарная тэрыторыя з добрымі землямі, вельмі добрымі людзьмі і вялікімі магчымасцямі», — падкрэсліў прэзідэнт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?