У жыцьці заўжды ёсьць месца подзьвігу. Што ёсьць геройства сёньня? Якія ўчынкі зь сёньняшняга дня ўвойдуць у хрэстаматыі беларускага ўчынку? Чыімі імёнамі заўтра назавуць вуліцы нашых гарадоў?

Адказ на пытаньне “што ёсьць учынак сёньня” тоесны з адказам на пытаньне, што такое рэальная палітыка і хто такі рэальны палітык сёньня. Той, хто геройствуе языком, ці майстар неардынарных рэзанансных ўчынкаў? Як Зьміцер Касьпяровіч, які сарваў сьцяг рэжыму зь Менгарвыканкаму? Для мяне ў гэтым матэрыяле асабліва каштоўныя сьведчаньні ягоных сяброў. Праходзячы праз турму, чалавек пачынае ясьней бачыць.

Геройства заўжды выпадковае, эпізадычнае. Геройства не заплянуеш. Гэта адказ на момант. Але гэта вынік цьвёрда зробленага выбару, вынік настрою.

Каб у краіне памянялася ўлада, патрэбнае геройства. Узьняць людзей на геройства можа фэерыя, разьняволеная творчасьць. Свабода. Апазыцыя нясе гэтае слова на штандарах, але рэзанансных учынкаў ёй бракавала, у тым ліку і першыя чатыры месяцы пасьля абраньня Мілінкевічам новым лідэрам. Ягоныя апошнія заявы скіраваныя на абвастрэньне сытуацыі. Ці азначае гэта, што ў палітыку вернецца драйв?

Адзін зь незалежных сацыёлягаў расказаў мне, што выявілі апошнія дасьледаваньні: 80% беларусаў пэўныя, што выбары падтасоўваюцца. І іншае — упершыню за лукашэнкаўскі час такая вартасьць, як “свабода”, стала больш важыць для людзей, чым “дабрабыт”. Гэта праява фундамэнтальных зьменаў у сьвядомасьці. Яны яшчэ не артыкуляваліся ва ўчынкі, але працэс ідзе. Зьвярну ўвагу на артыкул Міколы Статкевіча, пісаны ў высылцы.

Гісторык — і адаратар, што немалаважна — матэрыяльнай культуры Алесь Белы раскапаў гісторыю моднага напою “Крамбамбуля”. Дырэктар рэстарацыі “Грунвальд” Аляксандар Астрашэўскі асабіста ўзнаўляў традыцыю гатаваньня старадаўняга трунку. Журналіст “НН” выправіўся ў “Грунвальд” “Крамбамбулі” паспытаць. У такі мароз гэта надзвычай прыемна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0