Ён праводзіцца паводле адмысловага даручэньня Савету Міністраў, і галоўнымі арганізатарамі фэстывалю ёсьць Беларускі экзархат, Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасьцей, а таксама міністэрствы культуры і адукацыі. Таму фэстывальныя імпрэзы прыводзяцца ў кожнай аршанскай бібліятэцы, а мясцовым школьнікам загадалі абавязкова зьявіцца на хросны ход, дакладна як некалі загадвалі на Першамайскую ды Кастрычніцкую дэманстрацыі.

Афіцыйнае адкрыцьцё Першага Рэспубліканскага фэстывалю «Беларусь праваслаўная» адбылося 16-га верасьня, але яшчэ за колькі дзён да таго ў гарадзкіх бібліятэках адкрыліся кніжныя выставы з пераважна расейскамощными назвамі: «Православие – источник духовности», «Торжество православия на Беларуси», «Чтобы знать свою веру».

Увогуле ў праграме праваслаўнага фэстывалю заплянаваныя самыя разнастайныя імпрэзы: фотавыстава «Беларусь православная», выстава дзіцячых малюнкаў, фэстываль праваслаўнага кіно. Але найбольш масавымі сталіся тыя імпрэзы, што праходзілі ў Воршы ў мінулую нядзелю і мелі агульнагарадзкі маштаб. Перадусім гэта хросны ход з абразом Аршанскае Божае Маці, у якім узялі ўдзел некалькі соцень жыхароў горада, у тым ліку супрацоўнікаў МНС, вайскоўцаў і вучняў старэйшых клясаў, якім загадалі зьявіцца на імпрэзу школьныя настаўнікі.

У гарадзкім парку ўвесь дзень працаваў кірмаш, на якім гандлявалі вырабамі царкоўных майстэрняў, рэлігійнай літаратурай ды рознымі прысмакамі, зробленымі, як запэўнівалі гандляркі, выключна паводле праваслаўных рэцэптаў. Прайшло таксама й «Сьвята буквара» – прысьвечанае, вядома, не падручніку для першаклясьнікаў, а дзейнасьці аршанскай Куцеінскай друкарні, адкуль у 1631 годзе выйшаў «Буквар» друкара Сьпірыдона Собаля. Праводзілася гэтае сьвята, да ўдзелу ў якім таксама прыцягнулі школьнікаў, выключна па-расейску, хаця віктарыны й конкурсы будаваліся на матэрыяле гісторыі Беларусі ўвогуле ды аршанскай мінуўшчыны ў прыватнасьці.

На праваслаўным фэстывалі прагучала меркаваньне, што комплекс Куцеінскага манастыра варта ператварыць у цэнтар праваслаўнае культуры – з бібліятэкай старажытных кніг ды музэйнымі экспазыцыямі, і прадстаўнікі дзяржаўных структураў паабяцалі дапамогу ў ажыцьцяўленьні гэтай ідэі. Дарэчы, манастырскія пабудовы 17-га стагодзьдзя, сёньня ўжо адноўленыя, захаваліся да нашых дзён перадусім дзякуючы намаганьням сябра аматарскага гістарычнага клюбу «Повязь»Алеся Сярожкіна, які ў сярэдзіне 1980-х гадоў уратаваў занядбаныя парэшткі помнікаў архітэктуры, накрыўшы іх дахам.

Зрэшты, менавіта дзякуючы Першаму рэспубліканскаму праваслаўнаму фэстывалю ў Воршы ўдалося захаваць яшчэ адну гістарычную каштоўнасьць – падмуркі Царквы Апекі Маці Боскай, на якіх гарадзкі аддзел міліцыі ўжо быў распачаў будаваць ізалятар часовага ўтрыманьня. Як распавёў мясцовы актывіст Алесь Шутаў, менавіта аргумэнт пра набліжэньне праваслаўнага фествалю спыніў будаўніцтва і паспрыяў таму, што падмуркі старажытнае царквы міліцыянтам загадалі не кранаць.

(Шутаў:) «Мы тут сабраліся -- некалькі краязнаўцаў, іхныя сябры – ды напісалі лістоў у Савет Міністраў, у Міністэрства культуры, у адміністрацыю прэзыдэнта, у пракуратуру, у Камітэт дзяржкантролю пра тое, што руйнуюцца падмуркі царквы 18-га стагодзьдзя. І дадалі, што ў горадзе плянуецца праваслаўны фэстываль. Як, маўляў, паглядзяць на гэта: з аднаго боку праходзіць праваслаўны фэстываль, а паралельна руйнуюцца падмуркі царквы. Гэтыя дзьве падзеі дужа ўжо дысануюць адна з адной.»

Цяпер падмуркі Царквы Апекі Маці Боскай вырашана ня толькі пакінуць у спакоі ў чаканьні верагоднага аднаўленьня храма, але нават занесьці ў пералік помнікаў, што ахоўваюцца дзяржавай.

Але падрыхтоўка да фэстывалю прынесла гораду гістарычныя страты іншага кшталту -- гэтак лічыць краязнаўца Віктар Сьцяпанаў.

(Сьцяпанаў:) «Рашэньнем гарвыканкаму адбылося перайменаваньне аўтобуснага прыпынку «Вуліца Францыска Скарыны» на «Усьпенскі манастыр». Ніякага грамадзкага абмеркаваньня зьмены назваў не праводзілася. І гэтае рашэньне, як мне здаецца, ёсьць недарэчным супрацьпастаўленьнем духоўных каштоўнасьцяў».

На знак нязгоды з рашэньнем гарвыканкаму спадар Сьцяпанаў адмовіўся ад удзелу ў навукова-практычнай канфэрэнцыі «Куцеінскія чытаньні», якая таксама праходзіць у межах праваслаўнага фэстывалю. 18-га верасьня Першы рэспубліканскі фэстываль «Беларусь праваслаўная» завяршыцца імшой і прэсавай канфэрэнцыяй з арганізатарамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?