Пра гэта паведаміў 26 мая на прэс‑канферэнцыі ў сталіцы старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Віктар Нікіцін.

Паводле яго слоў, цяпер штогадовы аб’ём жыллёвага будаўніцтва складае 1,2 млн. кв. метраў і не павінен перавышаць гэтую лічбу. Але гэта тычыцца толькі тэрыторыі горада, астатняе жыллё будзе будавацца ў прыгарадзе.

Як адзначыў Нікіцін, разам з жыллём неабходна будаваць і сацыяльныя аб’екты — паліклінікі, школы, дзіцячыя садкі і г.д., аднак тэрытарыяльныя магчымасці Мінска абмежаваныя. Тэрыторыя горада будзе павялічана з 350 да 550 кв. кіламетраў, аднак далейшага пашырэння межаў не плануецца, адзначыў Нікіцін. Да таго ж, паводле генеральнага плана Мінска, яго насельніцтва не павінна перавышаць 2 млн. чалавек.

Паводле слоў архітэктара,

цяпер у сталіцы жыве 24% грамадзян Беларусі, але калі гэта доля вырасце да 30%, агульная сістэма рассялення жыхароў рэспублікі пачне бурыцца, што прывядзе да заняпаду малых гарадоў.

Улічваючы вастрыню жыллёвай праблемы ў сталіцы, выбрана стратэгія па асваенні гарадоў‑спадарожнікаў.

«Падобныя спробы былі яшчэ ў савецкія часы, але не рэалізаваліся. Ідэалогія гарадоў‑спадарожнікаў такая, што спачатку павінна з’явіцца вытворчасць, якая потым будзе абрастаць сацыяльнай інфраструктурай і жыллём», — адзначыў Нікіцін.

Паводле яго меркавання, для таго каб жыхары Мінска пераязджалі ў гарады‑спадарожнікі, неабходна стварыць там умовы, як у сталіцы, і выдзяляць жыллё на больш выгадных умовах. Першы эксперыментальны жылы раён будзе пабудаваны пад Смалявічамі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?