Журналістку Ірыну Халіп дапыталі сёння ў Першамайскім РУУС Менска.

Спачатку гомельскі дазнаўца Пусеў азнаёміў яе з заключэннем паўторнай экспертызы ноўтбука, канфіскаванага ў Ірыны пры ператрусе 16 сакавіка.

Міліцэйскія эксперты ўстанавілі, што на кампутары ўсталяваная шыфравальная праграма, а таксама праграмы-камунікатары для зносін. Доступу да паштовых скрыняў Халіп атрымаць не ўдалося, бо, як напісаў эксперт, «для гэтага неабходна ведаць паролі».

Ноўтбук, аднак, паведаміў Пусеў, прызнаны рэчавым доказам і далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы. Ірына Халіп, нагадаем, праходзіць як сведка па справе аб абразе палкоўніка КДБ Івана Каржа. Як сведкі па гэтай справе на мінулым тыдні былі дапытаныя журналісты Наталля Радзіна, Марына Коктыш і Святлана Калінкіна. У іх падчас ператрусаў 16 сакавіка таксама былі канфіскаваныя кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі.

Пасля азнаямлення з заключэннем экспертызы і апавяшчэння аб далучэнні ноўтбука да матэрыялаў справы дазнаўца Пусев правёў допыт Ірыны Халіп. Па словах журналісткі, галоўным чынам яго цікавіла прафесійная дзейнасць Ірыны, а таксама функцыянаванне сайтаў charter97.org і «Беларускі партызан».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?