Гэта быў адзін з самых шматлікіх флэш-мобаў. У ім удзельнічала... цэлая рота АМАПу (ніякіх перабольшванняў!) разам з 2-а аўтазакамі і пазікам, якія хаваліся за Палацам рэспублікі. На самім пляцу ў гэты час знаходзіліся яшчэ 10 амапаўцаў і прыкладна 30 гб-шнікаў у цывільным. Што і казаць - агульная колькасць так званых праваахоўных органаў на пляцы была ў 1.5 разы болей за звычайных мінакоў)

На працягу прыкладна 40 хвілінаў на пляцы было нешта кшалту каменданцкай гадзіны. Як высветлілася, ля нулявога кіламетру «cтоять нельзя», побач з выхадам метро «сидеть нельзя», на відэаэкран «cмотреть нельзя». Але мобераў, якія па сцэнару павінны былі павольна шпацыраваць па ўсяму пляцу, гэта зусім не турбавала. На пытанні чаму тут нельга знаходзіцца і чым выклікана такая колькасць кораткастрыжаных байцоў са слухаўкамі, апошнія ці адказвалі «меньше знаешь - лучше спится», ці ўсё ж такі растлумачвалі, што сёння тут збіраюцца «которые со значками и которые «размаўляй са мной па-беларуску». Адразу ж стала відавочна, што без шчырых усмешак сёння ніяк не абыйдзецца)

Выхады з пляца ля ўніверсама Цэнтральны і Палаца прафсаюзаў хутчэй нагадвалі КПП. Некалькімі амапаўцамі праводзіўся жорсткі фэйс-кантроль на наяўнасць значак і сымболікі. Калі такая знаходзілася, яе забіралі, а з уладальнікамі развітваліся, разгортваючы іх у адваротным напрамку. Калі чалавек ішоў з заплечнікам, прасілі паказаць што ў ім знаходзіцца.

Самым цікавым персанажам у той вечар быў хлопец, які вырашыў прыйсці на пляц з таблічкай, на якой чамусьці знаходзіўся малюнак з фільму Матрыца і надпіс унізе «Разом нас богато!» Пры гэтым ён узняў гэтую таблічку на ўзровень сваіх вачэй. Яго ўчынак не да канца быў зразумелы, але ж калі ён хацеў такім чынам выклікаць у мобераў усмешкі - з гэтым ён справіўся проста цудоўна. Відавочна, што з ёй ён не прастаяў і хвіліны, пасля чаго яго чакаў не вельмі прыемны лёс.

Адзін з самых смелых і заядлых мобераў на гэты раз прыйшоў у памаранчавай футболцы з надпісам «Свободу не спинити». Але ўжо праз некалькі хвілін ён вымушаны быў прайсці ў суправаджэнні 2-х гб-шнікаў за Палац рэспублікі. У машыне з ім крыху пагутарылі і растлумачылі, што тут «улыбаться нельзя». Пасля чаго канфіскавалі файную футболачку і адпусцілі.

Глядзі яшчэ:

Аднаму з флэшмобэраў пагражае крымінальная справа?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?