У дзень нараджэння Алесь Аркуш распавядае пра тыя падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх ён быў.

Фота litbel.org.

Фота litbel.org.

«НН»: Чым сёння займаецца Алесь Аркуш?

Алесь Аркуш: Займаюся беларускай радыёжурналістыкай. Пішу раман «Палімпсэст». Выхаваў аднаго сына, выхоўваю другога. Па-ранейшаму апякуюся літаратурнай прэміяй «Гліняны Вялес».

«НН»: Яшчэ ў 1980-х, у пік адраджэнскага руху, вы з’ехалі ў Наваполацк. Не шкадуеце, што засталіся ў правінцыі — на ўзбочыне літаратурнага працэсу?

Даведка. Алесь Аркуш нарадзіўся 28 мая 1960 года ў Жодзіне. Скончыў Жодзінскі політэхнікум і Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. З 1987 года жыве ў Наваполацку. Уваходзіў у літсуполку «Тутэйшыя». Першая кніжка «Вяртанне» выйшла ў бібліятэцы часопіса «Маладосць» у 1988 годзе. Аўтар кніг «Крылы ператворацца ў карэньні», «Прывід вясны», «Аскепкі вялікага малюнку» і іншых. Заснаваў Таварыства вольных літаратараў і літпрэмію «Гліняны Вялес».

АА: Пры канцы 1980-х — напачатку 1990-х, жывучы ў Наваполацку, я знаходзіўся ў самым эпіцэнтры беларускага літаратурнага жыцця. Дастаткова пералічыць некаторых пісьменнікаў, якія ў той час былі сябрамі наваполацкага літаратурнага аб’яднання «Крыніцы»: Уладзімір Арлоў, Сяржук Сокалаў-Воюш, Вінцэсь Мудроў, Лявон Баршчэўскі, Ірына Жарнасек, Якуб Лапатка, Лявон Неўдах, Лера Сом, Іна Снарская. Літаратурнае жыццё тады на Полаччыне актыўна віравала: імпрэзы, сустрэчы, вандроўкі.

І літаратары былі паўсюль першымі — і на археалагічных раскопках, і на апазіцыйных мітынгах.

Я прыехаў на Полаччыну пасля заканчэння інстытута народнай гаспадаркі. Быў ужо вядомым паэтам, прынамсі, у Наваполацку мяне добра ведалі, і дзякуючы «Тутэйшым», у гэту літсуполку ўваходзіў ад самага яе заснавання, быў грамадска актыўным, хоць за сваё жыццё не з’яўляўся афіцыйна сябрам ніводнай палітычнай партыі. Прынялі мяне на Полаччыне вельмі цёпла. Калі мы з Таццянай вырашылі пабрацца шлюбам, дык яе старэйшая сястра паведаміла па сакрэце, што на прадпрыемствах Нафтаграду на партыйных сходах папярэджваюць,

каб былі пільнымі, бо ў горад з Мінска прыехаў эмісар ад «нацыяналістаў»,

які праводзіць падрыўную дзейнасць. І гэтым эмісарам з’яўляюся я. Таму, маўляў, сястра, падумай. Таццяна толькі пасмяялася. Яна сама, калі вучылася ў рэспубліканскай мастацкай школе ў Мінску, хадзіла на мерапрыемствы «Майстроўні». Таму гэтых страшных «нацыяналістаў» ведала амаль усіх. А Генік Лойка, Алесь Костка, Алена Каравай, Сяргей Кныш, Андрэй Радзівонаў — былі яе аднакласнікі.

«НН»: Ваша пакаленне адметна тым, што стварыла «Тутэйшых», «Талаку», «Майстроўню». Ці ёсць сёння ў маладых пісьменнікаў такая энергія, каб зрабіць нешта падобнае?

АА: Зрабіць штосьці знакавае, што застанецца, можна толькі тады, калі парушаецца маналіт палітычна-сацыяльна-грамадскай структуры і з’яўляецца магчымасць рабіць сур’ёзныя справы. Грамадства тады само прагне зменаў, ёсць зацікаўленне і патрэба. Калі нешта ладзіцца толькі дзеля нейкай замкнёнай тусоўкі, выключна ў яе межах, дык жыць гэтаму нядоўга. Адкрыццё феномена і «Майстроўні», і «Тутэйшых», і Таварыства вольных літаратараў яшчэ наперадзе. Будзе напісана шмат кніг, знята фільмаў. Гэтыя міфы будуць жыць доўга.

«НН»: У 1993 годзе ўзнікла Таварыства вольных літаратараў. Тады было модна аб’ядноўвацца, бо ў СССР тое не дазвалялася. А наколькі патрэбныя літаратурныя суполкі, таварыствы ў наш час? Ці можа пісьменнік існаваць па-за імі?

АА: Пісьменнік сам па сабе не можа існаваць. Як лётчык не можа існаваць без самалёта, тэхнічнай службы, аэрадрома, дыспетчараў і г.д. Пісьменніку таксама патрэбна інфраструктура: перыядычныя выданні, выдавецтвы, кніжны маркетынг, кнігарні і г.д. Каб ствараць падобную інфраструктуру патрэбны юрыдычныя арганізацыі, якія маглі б займацца гаспадарчай дзейнасцю. Такой арганізацыя было ТВЛ. Гэта быў крок наперад. ТВЛ было легальнае, афіцыйна зарэгістраванае, грамадскае аб’яднанне. Я зарэгістраваў літсуполку ў наваполацкім гарвыканкаме. Планавалася, што таварыства стане такім «рухавіком» культурнага жыцця рэгіёна. І шмат чаго мы паспелі зрабіць. Прынамсі, нашы літаратурныя канферэнцыі многія пісьменнікі згадваюць як надзвычай цікавыя і карысныя. На іх практычна вырасла наступнае пакаленне. Пра гэтыя літсустрэчы можна прачытаць у кнізе Сержа Мінскевіча «Я з Бум-бам-літу». У першай палове 1990-х я лічыў, што трэба тэрмінова пашыраць жанравыя абсягі беларускай літаратуры і актыўнае яе мадэрнізаваць. Таму запрашаў прадстаўнікоў літавангарду з Расіі і Украіны. Прыязджалі Іздрык, Жадан, Цыбулька, Кузьмін, Лукомнікаў.

Меркавалася, што затым легалізуецца выдавецтва «Полацкае ляда», якое напаўлегальна выдавала альманах «Ксеракс беларускі» і просценькія паэтычныя зборнічкі. Шмат іншых планаў было. Але часы змяніліся. Пачаўся ціск на ўсё незалежнае і нацыянальнае. Адбыўся разгром трэцяга сектару. Перарэгістравацца, ужо ў Мінску, мы не змаглі.

«НН»: ТВЛ стала гісторыяй. Але чаму так і не сталі сябрам ні аднаго з двух беларускіх Саюзаў пісьменнікаў?

АА: У статуце ТВЛ было пазначана, што тэвээлавец можа быць сябрам толькі адной айчыннай літаратурнай арганізацыі. І мы гэтага прытрымліваліся. Але калі Саюз пісьменнікаў на чале з Алесем Пашкевічам апынуўся ў такім самым незайздросным становішчы, як і ТВЛ, мы вырашылі падтрымаць СБП і далучыліся да яго. Усе, нават такі зацяты незалежнік, як Вінцэсь Мудроў. Акрамя мяне. Я вырашыў застацца да канца пры сваіх перакананнях і мроях.

Як капітан, які апошнім сыходзіць з палубы карабля, або нават і застаецца на ім назаўсёды.

«НН»: Працяглы час вы спрабавалі перацягнуць літаратурны працэс у Полацк: заснавалі ТВЛ, прэмію «Гліняны Вялес», выдавалі альманахі «Ксеракс беларускі»і «Калоссе» разам з кніжнай серыяй. Ці не спроба гэта нешта даказаць тым, хто з’ехаў у Мінск?

АА: Гэта звычайная праца. Усе мае пачынанні многія старэйшыя пісьменнікі ўспрымалі ў штыкі. Нават

адгаворвалі іншых мець са мной якія-кольвек справы, называючы мяне «масонам» і нават «сіяністам», які хоча разваліць і знішчыць беларускую літаратуру.

Дарэчы, менавіта таму падчас аднаго з семінараў маладых літаратараў у Іслачы, у якім я ўдзельнічаў, была створана славутая насценгазета «Масонская лажа».

Сёння гэта ўсё згадваецца з гумарам. А тады часам было не да смеху.

«НН»: «Гліняным Вялесам» ганаруюцца выключна незалежныя пісьменнікі. Адноўленая Дзяржаўная прэмія Беларусі ўручаецца членам СПБ Чаргінца. Тым самым творцы працягваюць самі сябе дзяліць. Вы гэты падзел адчуваеце?

АА: Я нікога ні ў чым не хачу абвінавачваць. Праз нейкі час нікога не будзе цікавіць, у якім саюзе хто быў. Іншая справа, што я не змог бы быць сябрам СПБ Чаргінца ў прынцыпе. Наш тэвээлаўскі нонканфармізм гэтага не можа дазволіць. Было б кепска не толькі псіхалагічна, але і фізічна.

А я – не мазахіст.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?