Палітык Алесь Міхалевіч, які збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, сёння прэзентаваў сваю праграму ў мінскай Ратушы, што на плошчы Свабоды.

У Ратушы па-расійску

Прэзентацыя праграмы Алеся Міхалевіча рыхтавалася ў атмасферы таямнічасці. Журналістам загадзя паведамілі толькі час і месца збору — 27 траўня, а 15-й каля каталіцкай катэдры на плошчы Свабоды. Чакаючы, пакуль збяруцца ўсе запрошаныя, журналісты жартам выказвалі здагадкі наконт месца правядзення. Згадвалася кавярня «Правінцыя», французская амбасада, гатэль «Еўропа». Праўда апынулася недзе пасярэдзіне — у вызначаны час усіх павялі праз дарогу ў Ратушу. «Мы проста прыйшлі і заключылі дамову», — адказаў палітык на пытанне, як удалося арандаваць такое месца. Ён выказаў спадзяванне, што прэзентацыі праграмы ў рэгіёнах таксама пройдуць у найлепшых месцах.

Гэта быў не адзіны сюрпрыз, які чакаў прадстаўнікоў прэсы. Сваю праграму палітык, якога ведаюць, як прынцыпова беларускамоўнага, прадставіў па-расійску.

Пазней ён патлумачыў карэспандэнту «НН», што гэта сведчыць пра цвярозую ацэнку кандыдатам моўнай сітуацыі ў краіне. «Большая частка маіх агітацыйных матэрыялаў будзе падрыхтаваная па-расійску, бо гэтую мову большасць беларусаў лепш ведаюць і ўспрымаюць». Тым не менш, кандыдат абяцае, што ў выпадку абрання яго прэзідэнтам, дзяржава адкрыецца для беларускай мовы на ўсіх узроўнях.

«Мая праграма антыкрызісная»

У Ратушы былі прэзентаваныя тэзісы праграмы. Цалкам праграма, якая будзе складацца больш чым са ста старонак, з’явіцца ў верасні. «Мая праграма антыкрызісная», — адразу ж адзначыў Алесь Міхалевіч. Называецца яна «Беларусь: Стратэгія эвалюцыі». Складаецца праграма з трох вялікіх раздзелаў: І. Эканамічны рост. ІІ. Эфектыўная дзяржава. ІІІ. Актыўнае грамадства.

Праграма кандыдата падкрэслена акцэнтуецца на Беларусі. Назва краіны сустракаецца ў кожным падпункце раздзелаў. «Прывабная Беларусь», «Канкурэнтаздольная Беларусь», «Энергетычная Беларусь», «Дзелавая Беларусь», «Экалагічная Беларусь» і г.д.

І Міхалевіч, і яго паплечнікі неаднаразова падкрэслівалі цягам азнаямлення з праграмай, што рухавіком яе будзе эканоміка. Моцная эканоміка, якая выцягне на сабе ўсе астатнія сферы жыцця. Сёння поплеч з палітыкам стаялі адразу два эканамісты — Алесь Лукашэвіч і Віктар Яўмененка. Акрамя іх, сёння журналістам прадставілі правізара Дануту Чыгір, навукоўца Канстанціна Лукашова ды філосафа Ігара Драко.

Забараніць «чарнілы»

Адзіны момант, калі ў зале прагучалі дружныя апладысменты, быў выкліканы заявай Міхалевіча пра забарону выпуску і продажу пладова-ягадных вінаў. Палітык акурат згадаў закон па забарону распіцця спіртных напояў у грамадскіх месцах. Ён вітае новаўвядзенне, аднак пры гэтым падкрэслівае неабходнасць развіцця сферы адпачынку. Што датычыць алкаголю ў цэлым, падкрэсліў Міхалевіч, то найбольшую шкоду беларусам нясуць «чарнілы», таму іх трэба забараніць.

На пытанне, ці не баіцца ён ісці на выбары з такім непапулярным абяцаннем, палітык адзначыў, што актыўныя спажыўцы падобных напояў не ўваходзяць у ягоную электаральную групу і папрасіў пабачэння ў прысутных, калі кагосьці пакрыўдзіў гэтым выказваннем.

«Не бачу сэнсу ў вылучэнні адзінага»

Пасля азнаямлення з праграмай і камандай кандыдата Міхалевіча папрасілі выказацца пра сітуацыю вакол адзінага кандыдата ад апазіцыі. Ён заявіў, што не бачыць сэнсу ў выбарах адзінага кандыдата, бо да выбараў засталося вобмаль часу. На яго думку, вызначацца з адзіным трэба было гады тры таму. «Да выбараў засталося зусім мала часу. На маіх візітоўках вы бачыце надпіс «Кандыдат у Прэзідэнты — 2011», але выбары могуць адбыцца ўжо напрыканцы гэтага году», — заявіў палітык. Пры гэтым ён згадаў канкурэнтаў, адзначыўшы, што яшчэ не азнаёміўся з праграмай Яраслава Раманчука ад АГП, і дадаўшы, што ў любым выпадку лічыць сваю праграму найбольш рэалістычнай і выканальнай.

«Калі няма скрадзенай перамогі, змагацца няма за што»

Цікавіла журналістаў і тое, якім чынам Міхалевіч збіраецца перамагаць на выбарах. Адкуль упэўненасць, што на выбарах гэтым разам будзе інакш, што будуць лічыцца галасы і агучвацца рэальныя лічбы, чаму абраны эвалюцыйны шлях да змены ўлады, сыпаліся пытанні. На гэта Міхалевіч адказваў досыць расплывіста.

Нам вельмі важна, каб людзі прыйшлі на выбары, прагаласавалі за нас, паверылі ў нас, казаў палітык. Ён даводзіў, што колькасць знявераных ва ўладзе людзей расце штогод, аднак, на жаль, не расце пры гэтым колькасць прыхільнікаў дэмакратычных палітыкаў. «Наша задача, каб было больш тых, хто за нас. Калі будзе больш паловы такіх грамадзянаў, мы пераможам. Тады прыход да ўлады будзе выключна тэхнічнай працэдурай».

Палітык так і не адказаў на пытанне, якім чынам можна будзе даведацца пра рэальныя лічбы вынікаў галасавання, каб заявіць пра сваю перамогу. Ён ізноў паўтарыў тэзу пра неабходнасць электаральнай падтрымкі і дадаў, што калі няма скрадзенай перамогі, змагацца няма за што.

Нагадаем, што Міхалевіч першым з палітыкаў абвесціў, што кідае выклік Аляксандру Лукашэнку. Гэта адбылося яшчэ 27 студзеня 2010 г. Месца для пачатку кампаніі Міхалевіч абраў досыць нечаканае — планетарый у парку Горкага.

* * *

Алесь Міхалевіч нар. у 1975. Ён з сям’і навукоўцаў. Скончыў БДУ па спецыяльнасці паліталогія. Узначальваў Задзіночанне беларускіх студэнтаў, доўгі час уваходзіў у Партыю БНФ. Быў дэпутатам Пухавіцкага райсавета. Жанаты, мае дзвюх дачок.

Глядзі яшчэ:
Пяць плюсаў і пяць мінусаў Міхалевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?