Калі нас будуць так «нахіляць» браты‑расіяне, мы сыдзем ад нафтавай залежнасці.»Няма больш прарасійскага чалавека, чым прэзідэнт, які стаіць перад вамі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 27 мая ў Магілёве на сустрэчы са студэнтамі ВНУ горада і вобласці.

Разам з тым, на яго думку, у пытаннях пастаўкі бяспошліннай нафты Расія вырашыла прыперці Беларусь да сцяны. «Мы падпісалі дагаворы, якія сталі ў нашых дзяржавах законамі. Адзін з законаў — роўныя ўмовы для ўсіх суб’ектаў гаспадарання, — зазначыў Лукашэнка. — Яны выйшлі з гэтага пагаднення.

Хто б мог падумаць: наша саюзная Расія, гэта наогул факт такі адзінкавы ў сусветнай практыцы, выходзіць, гэта значыць адмаўляецца ад выканання гэтага дагавора, які быў падпісаны раней прэзідэнтамі, мною, Ельцыным, Пуцін пагадзіўся».

«І пры Пуціне яны выходзяць з гэтага: мы не хочам роўных умоў, мы вам будзем даражэй прадаваць энерганосьбіты і энергарэсурсы, сабе — танней. Убачылі, што мы занадта шмат ад гэтага атрымліваем. Дык мы ж мадэрнізавалі свае заводы, у нас глыбіня перапрацоўкі пад 80%. Гэта значыць 80% у нас дызельнае паліва, бензін і іншае і 30% або 20% — мазут. А ў іх 50 на 50, як было ў савецкія часы, яны аказаліся неканкурэнтаздольнымі не толькі ў Расіі і Беларусі, але і на Захадзе. І яны вырашылі нас прыперці да сцяны, кажуць: аддавайце заводы нам, мы вам будзем пастаўляць бяспошлінную нафту.

Гэта значыць яны ўвялі пошліну, якая павялічвала цану ў два разы. І хацелі нас прыперці да сцяны», — заявіў Лукашэнка.

Паводле слоў беларускага кіраўніка, беларускі бок не задавальняе, што Расія паставіць толькі 6,3 млн. бяспошліннай нафты. «Калі нас будуць так «нахіляць» браты‑расіяне, мы сыдзем ад гэтай залежнасці. Нас усё роўна на калені паставіць нельга.

Гэта не таму, што я няўступчывы, у мяне характар такі. За мною вы — дзесяць мільёнаў», — сказаў ён.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе прадаваць акцыі нафтаперапрацоўчых заводаў, «але яны ж хочуць, каб мы гэтыя заводы аддалі амаль бясплатна». «Я ім публічна сказаў: бясплатны сыр у пастцы. Нічога бясплатна мы не прададзім. Мы не супраць, але за добрыя грошы», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Фрагменты сустрэчы Лукашэнкі са студэнтамі былі паказаны на айчынных тэлеканалах.

У вячэрнія справаздачы не была ўключана яго заява аб тым, што Беларусь гатова аддаць кантрольны пакет акцый «Белтрансгаза», калі будзе атрымліваць газ па ўнутрырасійскай цане.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?