18.09.2006 / 15:21

Таксоўкі пад нацыянальным сьцягам 11

Былы баскетбаліст менскага РТІ Пятро Крышчык маніцца згуртаваць вакол сябе беларускамоўных таксоўшчыкаў Менску. Зь лютага на панэлі Пётравага аўтамабіля прымацаваны бел-чырвона-белы сьцяжок. Замовіць паслугу менавіта ў такога кіроўцы, напэўна, гонар для кажнага беларускамоўнага грамадзяніна ў нашай сталіцы.

Былы баскетбаліст Пятро Крышчык маніцца згуртаваць вакол сябе беларускамоўных таксоўшчыкаў Менску.

На стылёва зробленай візытоўцы ў таксоўшчыка Пятра Крышчыка выява бел-чырвона-белага сьцяга, а таксама надпісы «Жыве Беларусь!» і «Нашай Ніве» сто гадоў». Замовіць паслугу менавіта ў такога кіроўцы, напэўна, гонар для кажнага беларускамоўнага грамадзяніна ў нашай сталіцы. «Перад выбарамі занёс свае візытоўкі ва ўправу БНФ, думаў, будзе шмат замоваў. Аж не! Званкі пачаліся, толькі калі людзі сталі вызваляцца з Акрэсьціна».

Пятро працуе таксоўшчыкам меней за год, ён у мінулым – прафэсійны баскетбаліст. За сваю кар’еру многа дзе гуляў.

Крышчык пачынаў у слаўным менскім РТІ, у найвышэйшай лізе савецкага чэмпіянату, а гэта быў сапраўдны ўзровень, не раўняй зь сёньняшнім беларускім першынством. Выступаў за зборную БССР.

Пасьля пачалася легіянэрская старонка ў біяграфіі Крышчыка: Славаччына, Лібан, Расея, Гішпанія. «Менавіта ў Славаччыне, – кажа, – я канчаткова вызначыўся як беларус. Усе гэтыя падзеі, што адбываліся тады ў краінах былога сацыялістычнага лягеру, рабілі на мяне моцнае ўражаньне. Славакі адкрыта казалі, што Саветы – гэта акупанты. Я й падумаў: і мы ж, беларусы, таксама ўвесь час былі пад чыімсьці панаваньнем».

Пётра адзначае, што беларускасьць заўсёды праходзіла фонам празь ягонае жыцьцё. «Мой бацька працаваў журналістам у мастоўскай раёнцы «Зара над Нёманам», таму я быў прывучаны чытаць па-беларуску. Потым быў інтэрнат РТІ, там я прачытаў «100 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі», пачуў пра Курапаты, упершыню трапіў на Плошчу», – апавядае Пётар.

У 1998 г., калі кар’еры гульца яшчэ працягвалася, Пётра з падачы сябра пачаў чытаць «Нашу Ніву», тады ў яго быў ня самы лепшы жыцьцёвы этап, і «НН» дапамагла яму пераадолець траўму і пачаць зноў гуляць. Ён і сёньня застаецца верным газэце.

Сёлета ў сакавіку Пётра таксама быў на Плошчы. Ён кажа, што да яго і блізка не падыходзілі спэцназаўцы, хоць і хадзіў блізка ля іх. Гэта й ня дзіва – Крышчык мае двы мэтры ўвышкі і важыць болей за цэнтнэр. Празь ягоныя калярытныя габарыты на яго доўгі час з падозраньнем пазіралі на той жа ўправе БНФ. «Думалі, што я агент», – сьмяецца ён.

Скончыўшы кар’еру спартоўца, Пётар Крышчык, як бальшыня ягоных калегаў, пайшоў працаваць трэнэрам зь дзецьмі. «Але ж вы самі мусіце разумець, што такое быць дзіцячым трэнэрам, – уздыхае ён. – Заробку хапае толькі на паліва, каб езьдзіць на працу і назад». Пятро і сёньня спрабуе не пакідаць трэнэрства, працягваючы працаваць зь дзецьмі на Аўтазаводзе, але часу выпадае ўсё меней.

Крышчык пачаў кіраваць маршруткай. «У Зялёны Луг хадзіла маршрутка, дзе гучала музыка Бартосіка й «Народны альбом».

Аднак праца кіроўцы маршруткі стамляла Пятра. «Праца таксоўшчыка ж мае тую перавагу, што я магу ў любы момант дня, калі няма выклікаў, прыехаць і дапамагчы жонцы па гаспадарцы».

Зь лютага на панэлі Пётравага аўтамабіля прымацаваны бел-чырвона-белы сьцяжок. Кліенты радуюцца: «Хоць раз у жыцьці пад праўдзівым сьцягам праедуся». Неяк нават ДАІшнік спыніў мяне за відавочнае парушэньне правілаў, але пры выглядзе сьцяжка адпусьціў проста так.

Пятро мае мару: згуртаваць вакол сябе каманду беларускамоўных таксоўшчыкаў і нават адкрыць фірму ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Хто ведае, можа па нейкім часе ў Менску зьявіцца беларускамоўная фірма таксовак, уладальнікам якой стане Пётар Крышчык.

Зьміцер Панкавец

0
за моцную і росквітную... / Адказаць
18.09.2006 / 15:37
салідарнасьць - рэч высакародная. толькі ня кожнаму па кішэні - у дадзеным выпадку :(
0
W/ / Адказаць
18.09.2006 / 16:07
малайчына, братка! Так трымаць!
0
Sjabr / Адказаць
18.09.2006 / 17:14
Наш баец.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру