29.05.2010 / 22:35

Памёр віцебскі журналіст Сяргей Буткевіч 1

Сяргей Буткевіч быў адным са старэйшых віцебскіх журналістаў, і значную частку свайго жыцьця ён аддаў працы менавіта у незалежнай журналістыцы – газэце «Витебский курьер» і «Народная Воля».

Сяргей Буткевіч пайшоў з жыцьця мінулай ноччу, пасьля цяжкой хваробы, якая цягам апошніх год замінала яму займацца любімай працай. Пасьля перанесеных інсультаў ён ня мог пакідаць свае кватэры – хвароба абмежавала ягоныя фізычныя магчымасьці. Але ён не пакідаў пісаць, і ў гэтага стомленага, але не зламанага хваробай чалавека атрымліваліся энэргічныя, пругкія, эмацыйныя артыкулы на самыя надзённыя тэмы віцебскага жыцьця.

Тэлефон у ягонай кватэры, бывала не замаўкаў цэлымі днямі. Яму тэлефанавалі знаёмцы і сябры, героі ягоных друкаваных матэрыялаў, якім публікацыі дапамаглі вырашыць нейкія праблемы, і зусім не знаёмыя людзі, якія чакалі ад журналіста парады ці дапамогі.

Журналіст Сяргей Буткевіч быў добрым бацькам і мужам. А для тых, хто ня меў зь ім сваяцтва і проста сустракаўся па жыцьцёвым шляху, гэты чалавек застанецца у памяці як добры старэйшы сябар і сапраўдны прафэсіянал, які ніколі ня скардзіўся на нягоды ўласнага жыцьця і быў адданы сваёй справе.

0
Кастусь Севярынец / Адказаць
30.05.2010 / 10:25
НАЎЗДАГОН... Памяці Сяргея Буткевіча, настаўніка, сябра. Май неспадзеў жалобу абвясціў, Па-над Прыдзвіннем спахмурнела сонца: У вечны вырай Віцебск адпусціў Свайго зачараванага ўлюбёнца. На развітанне не хапае слёз. І слоў няма для невымернай страты У тых, хто рос і будаваў свой лёс Пад пільным Пад буткевічскім наглядам. Цяпер ён паглядзіць на нас здаля, Каб мы жылі па праўдзе, Так, як трэба... Хай будзе пухам родная зямля, І памяці Высокім будзе неба. Бывай, незабыўны дружа, Сяргей Сяргеевіч... Шчэ стрэнемся...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру