18.09.2006 / 18:27

У Салігорску актывістаў аштрафавалі і выпусьцілі

Сёньня судзілі лідэра суполкі КХП-БНФ Алега Борына й моладзевага актывіста Аляксея Валабуева

У Салігорску сёньня судзілі лідэра суполкі КХП-БНФ Алега Борына й моладзевага актывіста Аляксея Валабуева. Ім прысудзілі штрафы – адну й пяць базавых велічыняў адпаведна.

Разглядала справу актывістаў судзьдзя Валянціна Лапіна.

Спадары Борын і Валабуеў былі затрыманыя 15 верасьня мясцовымі міліцыянтамі. На іх склалі пратаколы. Дзяжурны Салігорскага гараддзелу ўнутраных справаў патлумачыў Радыё Свабода прычыну затрыманьня:

(Дзяжурны:) «Зьдзейсьнілі дробнае хуліганства», – тут напісана. Нецэнзурна лаяліся. 156-ты артыкул Адміністрацыйнага кодэксу».

Каардынатар жаночага руху Салігорску Ларыса Насановіч, якая прысутнічала на судовым разглядзе, паведаміла падрабязнасьці:

(Насановіч:) «Валабуеў Аляксей і Борын Алег сваёй віны не прызналі. І судзьдзя пагадзілася, што гэтае пытаньне трэба вырашаць пры сьведках».

Судовае паседжаньне перанесьлі на некалькі гадзінаў. У другой палове дня судзьдзя выслухала міліцыянтаў-сьведкаў і вынесла вэрдыкт: Аляксею Валабуеву – штраф пяць базавых велічыняў, Алегу Борыну – адну базавую. Пасьля гэтага абодвух адпусьцілі. Ці згодныя актывісты з судовым рашэньнем? Спадар Валабуеў:

(Валабуеў:) «Вядома, не. Я проста ішоў па вуліцы. Мяне злавілі пасярод вуліцы. Нічога я не рабіў. Калі вяртаўся з працы, мне адразу заявілі, што я нібыта займаюся наркотыкамі. Яны, дарэчы, былі ў цывільным. Вырвалі ў мяне тэлефон, дасталі «сімку» – якой, дарэчы, так і не вярнулі. Сказалі, што недзе згубілася. Даведаўся, што ў гэты дзень быў арыштаваны Зьміцер Дашкевіч. На наступны дзень 16-га я зьбіраўся паехаць у Менск на фэст, і, думаю, што гэта нейкая такая прэвэнтыўная мера. Безумоўна, гэта было перад 16-га зроблена».

Спадар Борын таксама ня згодны як з рашэньнем суду, так і з затрыманьнем:

(Борын:) «Гэта проста замова ад кіраўніцтва. Можа, зь Менску пайшла – на колькасьць чалавек. А нашы мясцовыя выбралі, што гэта мы з Аляксеем. Гэта проста фальсыфікацыя, брудная. Буду пісаць скаргу ў пракуратуру, таму што не вінаваты ні ў чым. Я наагул не мацюкаюся. А тут аказаўся злосным «мацяршчыньнікам».

Ларыса Насановіч свае ўражаньні ад сёньняшняга суду падсумавала гэтак:

(Насановіч:) «Гэта справа палітычная. У нас няма іншай думкі».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру