Суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Алена Цалкова 31 мая прызнала невінаватым ва ўхіленні ад прызыву на вайсковую службу члена рэлігійнай абшчыны »Сведкі Іеговы» Дзмітрыя Смыка і апраўдала яго.

Смык абвінавачваўся на падставе ч. 1 арт. 435 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу). Прысуд, калі не будзе апратэставаны пракуратурай, набудзе законную моц праз 10 дзён.

Нагадаем, малады чалавек адмовіўся ісці ў армію, спасылаючыся на свае рэлігійныя перакананні, і прасіў даць яму права альтэрнатыўнай службы.

Крымінальны працэс па справе члена рэлігійнай абшчыны пачаўся восенню 2009 года — 6 лістапада судом Цэнтральнага раёна Смык быў прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад мерапрыемстваў прызыву і аштрафаваны на 100 базавых велічынь (3,5 млн. рублёў). Гомельскі абласны суд пакінуў у сіле прыгавор раённага суда. Але 15 сакавіка, пасля таго як Вярхоўны суд унёс пратэст на рашэнне Гомельскага абласнога суда, аблсуд адмяніў прыгавор і накіраваў справу на новы разгляд.

«Я вельмі задаволены, я шчаслівы, што ўсё так завяршылася. На самой справе я і разлічваў на такое рашэнне, таму што мне няма чаго было ўтойваць і хаваць. Але поўную радасць буду адчуваць праз дзесяць дзён — калі пракуратура не падасць апеляцыю», — пракаментаваў рашэнне суда журналістам Смык. Ён дадаў, што заўсёды ведаў, што «з адданымі Бог абыходзіцца аддана». «Я заставаўся адданым Божым нормам, таму Ён і заступіўся за мяне, і плюс гэта справядліва. Лічу, што ў нашай краіне дастаткова кампетэнтныя суддзі, не пазбаўленыя цвярозага розуму, яны вынеслі справядлівае рашэнне», — сказаў малады чалавек.

«Рашэнне суда сведчыць аб тым, што нашы ўлады сталі на больш рэалістычную пазіцыю, таму што пазіцыя, з якой асуджаліся да гэтага працэсу сведкі Іеговы, зыходзіла з таго, што гэта можа нейкім чынам падарваць абараназдольнасць дзяржавы. Потым улады пераканаліся, што гэта адзінкавыя выпадкі, калі людзі адмаўляюцца і гатовы за свае погляды пайсці ў турму або атрымаць штраф. Улады прыйшлі да высновы, што лепш распрацоўваць прававыя асновы, закладзеныя ў Канстытуцыю, у прыватнасці ў артыкул, дзе гаворыцца пра альтэрнатыўную службу. Тое, што закон не распрацаваны 14 гадоў, — гэта недапрацоўка нашых заканадаўцаў», — адзначыў член Беларускага Хельсінкскага камітэта праваабаронца Віктар Адзіночанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?