Беларуская партыя «Зялёныя» высунула ў кандыдаты Юрыя Глушакова з Гомеля.

Беларуская партыя «Зялёныя» высунула ў кандыдаты Юрыя Глушакова з Гомеля.

 Праграму прэзентавалі Дзмітры Кучук, Юры Глушакоў і Алег Новікаў.

Праграму прэзентавалі Дзмітры Кучук, Юры Глушакоў і Алег Новікаў.

 Госцем прэзентацыі быў генерал Фралоў, які таксама заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.

Госцем прэзентацыі быў генерал Фралоў, які таксама заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.

Але перамовы з Аляксандрам Мілінкевічам працягваюць.

У панядзелак 31 траўня ў мінскім гатэлі «Crown Plaza» Беларуская партыя «Зялёныя» прадставіла свайго кандыдата ў прэзідэнты. Ім стаў першы намеснік старшыні партыі 43-гадовы Юры Глушакоў. Сустрэча пачалася са згадкі пра мінулую прэзідэнцкую кампанію, калі «зялёныя» высунулі сваім кандыдатам Мілінкевіча. Сёлета, па словах прадстаўнікоў «зялёных», па шэрагу прычын працэдура абрання адзінага сарвалася. Таму партыя вырашыла ісці на выбары самастойна, вылучыўшы свайго кандыдата. Але на Мілінкевіча тут усё адно не забываюцца. Адказваючы на пытанне, з кім партыя «Зялёных» гатовая ўступіць у кааліцыю, Юры Глушакоў заявіў, што партыя працягвае перамовы з Аляксандрам Мілінкевічам.

Кажучы пра магчымасці партыі, кандыдат ад «зялёных» падкрэсліў, што галоўны іх рэсурс — гэта людзі. «Мы ўсведамляем, што будзе цяжка, але разлічваем на нашых паплечнікаў. Маем структуры па ўсёй краіне. А грошы — гэта ўжо другі шэраг. Галоўнае — нашы людзі».

У «Crown Plaza» была прэзентаваная праграма кандыдата ад «зялёных». Асноўнымі прынцыпамі сваёй новай палітыкі партыя назвала сацыяльную справядлівасць, экалагічную бяспеку і самакіраванне. Самакіраванне — асноўны спосаб дасягнення пастаўленых партыяй задач, заявіў Глушакоў. На самакіраванні рабіў акцэнт на сваёй Алесь Міхалевіч, які прадставіў сваю праграму ў Ратушы 27 траўня. Ён прыйшоў і на прэзентацыю праграмы «зялёных». Быў і генерал Валер Фралоў, які таксама заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.

Праграма «зялёных» пакуль не мае акрэсленага слогана, але ў ім абавязкова будуць прысутнічаць словы «свабода» і «справядлівасць», адзначыў Глушакоў. Ён акрэсліў кола найважнейшых пытанняў, якія будуць вырашаныя ў выпадку абрання яго прэзідэнтам. Гэта ліквідацыя кланавасці і кумаўства ва ўладзе. Пераход да прынцыпаў самакіравання, што дасць магчымасць рэалізавацца ў палітыцы, эканоміцы і грамадскім жыцці кожнаму грамадзяніну краіны. Будзе ліквідаваная кантрактная сістэма. «Зялёныя» звяртаюць увагу на імклівае расслаенне на бедных і багатых, на адставанне рэгіёнаў ад сталіцы па якасці жыцця, складаную дэмаграфічную сітуацыю. «Хутка ў Беларусі будзе жыць два народы, замест аднаго», — сумна пажартаваў кандыдат ад партыі «Зялёных».

«Зялёныя» катэгарычна супраць пабудовы АЭС у Беларусі. Акрамя таго яны звяртаюць увагу на небяспекі шырокага выкарыстання мясцовых відаў паліва, найперш лясоў.

***

Юры Глушакоў нар. у Гомелі ў 1966 г. Скончыў БДУ. У 1997-2005 гг. працаваў навуковым супрацоўнікам у Гомельскім абласным краязнаўчым музеі. У 2006-2009 гг. працаваў выкладчыкам у Гомельскі дзяржаўным медыцынскім універсітэце. У 2003-2007 гг. быў незалежным дэпутатам Гомельскага гарадскога савета дэпутатаў. Першы намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя».

Аўтар навуковых публікацыяў і сцэнароў для навукова-папулярных фільмаў на тэлеканале «Лад».

Удавец, выхоўвае дачку.

У 1991 г. быў адным з арганізатараў Чарнобыльскага страйку ў Гомелі. У тым жа годзе ўдзельнічаў у абароне «Белага дому» ў Маскве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?