Генэральная пракуратура Літвы перакваліфікавала абвінавачваньні, вылучаныя 25 асобам па справе пра спробе вайсковага перавароту ў Літве ў студзені 1991 года, у ваенныя злачынствы. 25 асобам, якія пражываюць у Расеі і Беларусі, падрыхтаваныя паведамленьні пра перакваліфікацыю вылучаных ім абвінавачваньняў.

Сярод падазраваных — былы камандуючы Віленскім ваенным гарнізонам, генэрал Уладзімер Усхопчык, які ў дадзены момант пражывае ў Беларусі.

Літоўскія праваахоўныя органы сьцвярджаюць, што ён аддаў загад страляць у бяззбройныя людзей.

Былы намесьнік міністра абароны Беларусі генэрал‑лейтэнант Уладзімер Усхопчык ачольваў віленскі гарнізон у часе падзеяў 13 студзеня 1991 году, калі падчас штурму тэлевежы і парлямэнту ў Вільні загінулі людзі. Яго вінавацяць у шэрагу крымінальных злачынстваў, зьвязаных са спробаю замаху на незалежнасьць Літоўскай рэспублікі, а таксама ў тым, што ён прымаў удзел у забойствах грамадзянаў Літвы й нанясеньні ім цяжкіх цялесных пашкоджаньняў пры разгоне мірных дэманстрацыяў у Вільні.

Літва ад 1994 году намагаецца прыцягнуць да адказнасьці генэрала Ўсхопчыка, які жыве зараз у Менску.

1 сакавіка 2010 году Генэральная пракуратура Беларусі дапытала генэрала Ўсхопчыка. Афіцыйная Вільня публічна вітала гэты крок, і тое, што беларускія пракуроры перадалі пратакол допыту генэрала літоўскаму боку.

Таксама вылучаныя абвінавачваньні генэралу Альгімантасу Наўджунасу, Анатолю Субоціну, палкоўніку Эдмундасу Касьпяравічусу і іншым.

Згодна Крымінальнага кодэкса Літвы, асоба, якая, грунтуючыся на палітыцы дзяржавы ці арганізацыі, нападае на грамадзянскіх асобаў, забівае іх ці наносіць шкоду здароўю, караецца пазбаўленьнем волі тэрмінам ад 5 да 20 гадоў, або пажыцьцёвым зьняволеньнем. У гэтых злачынстваў няма тэрміну даўніны.

У адпаведнасьці з літоўскімі законамі, 25 абвінавачаных у вайсковых злачынствах стануць падазраванымі, калі праваахоўныя органы Расеі і Беларусі перададуць ім паведамленьні, дапытаюць альбо выдадуць Літве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?