Здавалася б, ну чым яшчэ можна зьдзівіць беларусаў? То нечуваным клопатам пра родную мову, то рэкорднымі ўраджаямі, то прарывамі ва ўсясьветнай палітыцы беларускія ўлады ўражваюць нас штодзень. Але раптам, паміж летам і восеньню ў Лукашэнкі зьявіўся новы клопат – культура! Насамрэч, яна спрадвечная падчарка ў нашай айчыне: нецікавыя музэі, якім дзесяцігодзьдзямі не выдаткоўвалі сродкаў на набыцьцё і рэстаўрацыю экспанатаў, тысячы напаўразбураных помнікаў старасьвеччыны, панявечаныя паркі. Гады палітычнага змаганьня зьвялі адных творцаў у магілу, іншых – сагналі ў эміграцыю. Палац мастацтва і Палац культуры прафсаюзаў зарабляюць камэрцыйнымі выставамі й здачаю плошчаў у арэнду. Посьпехі ў эстрадзе вызначаюцца тым месцам, што заняла ў Эўропе Смолава. А ў кінэматографе не вызначаюцца наагул, бо няма болей беларускага кіно як зьявы. Пасьля таго, як Тэатар опэры і балету быў пастаўлены на даўгабудную рэканструкцыю, у краіне ня стала й балету. Ну як дзяўчынка-беларусачка захоча стаць балерынаю, калі ня тое што жыўцом, але й на родным БТ балету ня бачыла ўжо цэлае пакаленьне? Культура-жабрачка...

Але 7 верасьня Лукашэнка захацеў прыняць з дакладамі міністра культуры Ўладзімера Мацьвейчука і памочніка прэзыдэнта – начальніка Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі Алега Праляскоўскага.

Усачыць хаду думак правадыра даволі складана. Нават былому зэнітчыку з былым дырэктарам ПТВ. Прынамсі, Праляскоўскі пасьля сустрэчы здолеў сказаць у тэлеаб’ектыў тузін малазьвязаных словаў. Вой, як цяжка ім вымавіць слова культура! Дый аналітыкам гэтае знамянальнае падзеі цяжкавата: у адных камэнтарах і артыкулах гаворыцца пра «сфэру культуры», у іншых пра «сацыяльную сфэру».

«Вонкава мы праводзім фэсты, канцэрты, іншыя мерапрыемствы, пры тым на самым высокім узроўні. Але гэтага не дастаткова», – заўважыў Лукашэнка. То бок, вонкава праводзім на высокім узроўні, а тамака, у сярэдзіне... Ну, вядома ж, недастаткова. Пэўна, мала праводзім? Вой, не!

Фэстаў у нас замнога! «Іх праводзіцца надта шмат, а разьвіваць трэба толькі «Славянскі базар». Колькасьць фэстаў і конкурсаў будзе скарочана! Ну як не паспачуваць спадару Фінбергу, які толькі пахваліўся, што разгарнуў фэстывальную дзейнасьць па ўсёй краіне...

Напэўна, «недастаткова» – гэта пра грошы, што дзяржава выдае на культуру, традыцыйна мала, паводле астаткавага прынцыпу й зазвычай скрайне нераўнастайна. Вось таму ў нас і няма канкурэнтаздольнай прадукцыі ў культуры. Не. Мелася наўвеце штосьці зусім іншае. «Грошы дзяржава на кінавытворчасьць выдаткоўвае спраўна, прытым з кожным годам сумы растуць. А істотных вынікаў няма. Таму кінастудыю «Беларусьфільм» трэба ўзмацніць у кадравым сэнсе».

Але сумы растуць і на цэньніках у крамах. І значна шпарчэй, чым з году ў год. І адкуль у нашай краіне яшчэ могуць быць кадры для кінавытворчасьці? Хіба ва ўсходняй Магілёўшчыне... Кадры для Лукашэнкі – наагул балючая тэма.

Выпускнікі творчых ВНУ ня едуць па абавязковым разьмеркаваньні. А ў аграгарадках павінны ж разьвівацца клюбы, бібліятэкі, школы мастацтваў і музычныя школы. «Яны павінны быць сапраўднымі патрыётамі, любіць сваю краіну і свой народ», – запатрабаваў Лукашэнка.

А рашэньні пра ўдзел беларускіх артыстаў у замежных мерапрыемствах (гэта хіба пра «Эўрабачаньне»...) трэба прымаць больш грунтоўна. Хто б сумняваўся... Але... На думку Лукашэнкі, творчыя людзі надта шмат гавораць пра свае творчыя пляны, а не займаюцца канкрэтнай працай. Выснова: «Гэтак быць не павінна. Пара гарэць, а ня тлець...» Вось ужо ж пэўна ніхто не чакаў, што Лукашэнка працытуе паўзабытага расейскага паэта-барда Юр’я Кіма, які ў сваю чаргу зрабіў парыфразу зь Цьвятаевай.

Гарэць загадана! Гарэць актору Гасьцюхіну, сьпеваку Ярмоленку, мастаку Кузьмічу, рэжысэру Азаронку ды іншым славутым дзеячам.

Ну, і нарэшце, раскрыты сэнс пабудовы Нацыянальнай бібліятэкі. Паводле Лукашэнкі, «фонды галоўнай бібліятэкі краіны трэба папаўняць сацыяльна значнай літаратурай, галоўным чынам, айчыннае вытворчасьці». Гэта ўжо камень у лоб літаратарам: Чаргінцу, Аўруціну, Скобелеву ды іншым палымяным майстрам пяра. Будуць запаўняць цяпер «брыльянт». Зрэшты, можна шматкроць перавыдаць «Прыгоды Гарбузіка і Бябешкі»...

Але на вялікі плён свайго гарэньня «за Беларусь!» лічыць ужо ня мусяць. «Лішніх растратаў і ўкладаньняў быць не павінна. Усе структуры павінны быць дзейснымі», – падкрэсьліў галоўны спэцыяліст у галіне культуры.

«Пэрыяд адаптацыі скончыўся, сёньня я чакаю канкрэтных дзеяньняў», – зазначыў Лукашэнка.

Калі паспрабаваць усё ж перакласьці на людзкую мову, выходзіць, што правадыр пакрыўджаны на дзеячаў культуры, якіх ён карміў з сваіх вялікіх далоняў. Яго балюча закранае поўная пустапарожнасьць афіцыёзных функцыянэраў у галіне культуры, то бок, па-іхнаму – «у сацыяльнай сфэры». Апроч як аплёўваць беларушчыну й зьневажаць іншых творцаў бальшыня наагул ні на што ня здатная. Ну, яшчэ гаварыць па-расейску. Гэта стала цалкам яўна за апошнія дзесяць гадоў «адаптацыі» нашае культуры пад аднаго чалавека. Зь іх, са сваіх падпявалаў, і будзе Лукашэнка спаганяць за марнаваньне сродкаў і бязьмежны палітычны крэдыт. Пара гарэць, а ня тлець! Гарэць усё будзе гарам.

Ілюзіяў, што хоць што-небудзь перападзе й на нармальныя, вартыя праекты, няма. Хоць мы ўсе разам і плацім падаткі, але ў праве голасу нам адмаўляюць, як раней. І па-ранейшаму сама будзе выжываць беларуская Культура. Яна ўмее выжываць, як чароўнага хараства краскі між пустазельля на нішчымных пустках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?