Афіцыйны Мінск увязвае стварэнне Мытнага кодэкса ў рамках Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі з адменай уведзенага ад 1 студзеня 2010 года расійскага экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты.

Пра гэта заявіў у Парыжы першы віцэ‑прэм’ер урада Беларусі Уладзімір Сямашка на штогадовай міжнароднай канферэнцыі вытворцаў калійных угнаенняў.

«Падпісанне Мытнага кодэкса павінна быць увязана з адменай мыта на нафту і нафтапрадукты. Адмена гэтага мыта для Беларусі — гэта наша жалезабетоннае патрабаванне», — сказаў У.Сямашка.

— «Калі б расійскі бок пагадзіўся адмяніць мыта хаця б ад 1 студзеня 2011 года, беларускі бок удзельнічаў бы ў перамовах 28 мая і падпісаў бы Мытны кодэкс. Але расійцы не пагадзіліся».

Паводле спадара Сямашкі, перамовы аб стварэнні Мытнага саюза і падпісанні Мытнага кодэкса будуць працягнутыя.

«Мы не ляскалі дзвярыма. Я думаю, што ўсё завершыцца станоўча. Ідэя Мытнага саюза паходзіць з Расіі, а канкрэтна — ад прэм’ер‑міністра Уладзіміра Пуціна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?