01.06.2010 / 14:15

У юбілейны год Багушэвіча надмагільны помнік паэту мае зусім не юбілейны выгляд 4

Чаму ў юбілейны год Францішка Багушэвіча зусім не юбілейны выгляд мае надмагільны помнік паэту ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна, хоць магіла ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка‑культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай?

Некалі чуў такі выраз: як мы будзем самі сябе паважаць, так і нас будуць шанаваць у свеце. А мо трошкі іначай, але сэнс дакладна такі. З часам пераконваюся, што так і адбываецца насамрэч. І не ў адпаведнасці з нашым жаданнем ці хаценнем. А ў залежнасці ад рэальнай сітуацыі і рэальнага становішча спраў. Як бы мы ні заяўлялі, што мы лепшыя, што мы непаўторныя і г.д., але калі словы нашы не будуць падмацоўвацца справамі, то ніякая дэкларацыя не знойдзе неабходнага нам водгуку.

Пераконваўся то пераконваўся, але па нашай звычцы апраўдваць усе праблемы нейкімі незалежнымі ад нас прычынамі я таксама нібыта пагаджаўся з тым, што ў нас рэальна ёсць. А вось зусім нядаўна мусіў упэўніцца ў вялікай памылцы дараваць нашу непавагу да нашага мінулага і да нашых праслаўленых папярэднікаў.

Толькі што Беларусь адсвяткавала 170‑гадовы юбілей аднаго з самых першых нашых асветнікаў, дзяржаўнікаў, абаронцаў, ахвярнікаў на ніве беларускасці і чалавечай справядлівасці, удзельніка паўстання 1863 года, а акрамя таго — выдатнага паэта, чыё жыццё і дзейнасць прасякнутыя натуральным і таму звыклым патрыятызмам і сапраўднай грамадзянскасцю — Францішка Багушэвіча. Адсвяткавала так, як магла, як зразумела ролю гэта выбітнага прадстаўніка нацыянальнага гонару беларусаў у нашай гісторыі.

22 мая ў Кушлянах, што на Смаргоншчыне, дзе з 1898 года і да сваёй смерці ў 1900 годзе жыў паэт і дзе сёння дзейнічае музей‑сядзіба Францішка Багушэвіча «Кушляны», адбылося паэтычнае свята, наладжанае Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Смаргонскім райвыканкамам.

Прысвечана яно слаўнаму юбілею нашага знанага паэта. З удзелам прадстаўнікоў мясцовых уладаў, гасцей — пісьменнікаў і музейшчыкаў з Мінска. Не будзем наракаць, што для такога юбілею і для такой асобы, як Францішак Багушэвіч, магло б быць і больш высокае прадстаўніцтва. Разумеем: занятасці, праблем і клопатаў хапае і іншых. А вось тыя мясцовыя жыхары, хто ў не па‑вясенняму моцную спёку адважыўся аддаць свой выхадны дзень удзелу ў гэтым свяце на лужку каля дома‑музея, не пашкадавалі, бо і свята атрымалася святочным, цікавым і пазнавальным, і наталіць свой інтарэс да беларускай мінуўшчыны было можна.

Я таксама застаўся задаволены тым, што ў чарговы раз пабываў у гэтым святым для беларусаў куточку. Чуў, што і іншыя, хто прыехаў з Мінска, таксама. Пад гэтым узнёслым настроем вырашылі мы наведаць іншыя мясцінкі, звязаныя з імем Францішка Багушэвіча. З задавальненнем паклалі кветкі да выдатнага помніка паэту ў Смаргоні, які паўстаў на гэтай зямлі ў мінулым годзе, падчас святкавання Дня беларускага пісьменства.

Затым вырашылі пакласці кветкі да помніка паэту ў Жупранах і да месца яго вечнага спачыну ў гэтай жа вёсцы. І які ж сорам, якое пачуццё ўласнай віны апанавалі нас, калі падышлі да помніка на могілках, што побач з велічным касцёлам! Ад бронзавага барэльефа на помніку па ўсёй паверхні пацяклі брудныя палосы.

Няўжо яны не паддаюцца рукам ні школьнікаў, ні гаспадароў‑захавальнікаў гэтай святыні — бо магіла знаходзіцца пад аховай дзяржавы як гісторыка‑культурная каштоўнасць (унесена ў дзяржаўны спіс у 2003 годзе пад нумарам 413Д000072, ахоўнае абавязацельства выдадзена тады ж Жупранскаму сельвыканкаму, якому належаць мясцовыя могілкі), пра што сведчыць аж занадта як для надмагілля аб’ёмная ахоўная шыльда, прымацаваная да помніка, — ні вернікам, якія так дбайна даглядаюць іншыя пахаванні на гэтых могілках?

Самае непрыемнае і незразумелае, што помнік элементарна разбураецца. Зроблены, відаць, з недаўгавечнага матэрыялу, ён сёння проста рассыпаецца, развальваецца, літаральна ападае кавалкамі на зямлю. І сам помнік паэту, і той, што стаіць побач і пад якім пахаваны родзічы паэта. Рассыпаецца не проста помнік. Як падаецца мне, рассыпаюцца напышлівыя словы нашай уяўнай павагі і фальшывай пашаны, наша пустая дэкларацыя аб павазе і шанаванні слаўнага сына зямлі беларускай. Вядома, словы прамаўляць прасцей. А вось зрабіць тое канкрэтнае, чаго патрабуюць сённяшнія абставіны, усё‑ткі аказваецца цяжэй. А для гэта ж трэба ўсяго толькі сапраўды паважаць памяць продкаў. Нават звычайных людзей. Ну а выбітных сыноў народа — найперш. Як мы іх, так і саміх нас будуць шанаваць іншыя, чужаземныя людзі. І не трэба чакаць чарговага юбілею, не варта спасылацца на каманды і патрабаванні зверху — ці то самага высокага, ці то крыху ніжэйшага. А мы самі хто? Няўжо нам самім цяжка паправіць і дагледзець магілы нашых заслужана памятных продкаў? Дальбог, калі б хто дасведчаны кінуў кліч, я таксама падаўся б у валанцёры і паехаў у Жупраны, каб дапамагчы прывесці ў парадак помнік таму чалавеку, які заклікаў і заклікае ўсіх нас быць людзьмі, быць беларусамі, быць грамадзянамі сваёй краіны, або разам з іншымі ахвяраваў бы сродкі на аднаўленне надмагілля.

Часам бывае дастаткова неабыякавасці аднаго чалавека, каб справа зрушылася. Згадайма зусім нядаўні прыклад з помнікам бабулі Уладзіміра Караткевіча ў Рагачове. Варта было карэспандэнту «Звязды» Глебу Лабадзенку спачатку ў газеце, а пасля на сваім уласным блогу паведаміць пра недапушчальна запусцелы выгляд магілы і прапанаваць збор сродкаў на надмагілле, як неабыякавых людзей знайшлося шмат (нягледзячы на тое, што магіла не ў дзяржаўным рэестры і што не ўсе зацікаўленыя чытаюць блог журналіста альбо стала карыстаюцца інтэрнэтам), і неўзабаве з дапамогай мясцовых уладаў помнік быў усталяваны. Значыць, можам, калі захочам.

Францішак Багушэвіч прасіў, пераконваў, маліў нас не выракацца мовы сваёй — каб не ўмёрлі. Я ж прашу ўсяго толькі: не забывайма сваіх папярэднікаў, бо дрэва без каранёў — недаўгавечнае. Яно памрэ, засохне. Незваротна, назаўсёды. А лесу без падлеску не бывае. Які падлесак вырасцім і выхаваем сёння, такі лес, такі бор будзем мець заўтра.

Каб жа не пашкадаваць, што забыліся, што не хапіла часу, што паспадзяваліся на іншых…

Анатоль Бутэвіч,
старшыня грамадскай назіральнай
камісіі пры Міністэрстве культуры
Рэспублікі Беларусь па захаванні
гісторыка‑культурнай спадчыны.

0
сыч / Адказаць
01.06.2010 / 14:41
Асабліва кранальна гледзіцца дэбільная бляшанка ад "Мінкультуры". Трэба было проста на барэльеф Багушэвічу прыкалаціць! На лоб! Во, нехта ж разумны парупіўся. Каб справаздачку аб працы напісаць. Культура! Тымчасам як тысячы помнікаў развальваюцца і з бляшаначкамі іхнымі і без мінкультаўскіх бляшаначак. З касьцёлу ў Бабруйску дык і сцягнулі такі значок... Мусіць, на памяць пра лядовы палац.
0
Віталь з Менску / Адказаць
01.06.2010 / 15:37
Нейкай фарбай надумаліся барэльеф намазаць. Мабыць, фарбавалі помнік тыя ж, хто і шыльду замацоўваў. Падрыхтаваліся да свята так сама, як і да дажынак - рабілі прыгожа, а атрымаўся факт вандалізму.
0
Мазынскі Валеры / Адказаць
01.06.2010 / 16:12
Ужо тое добра, што хоць адзін з чальцоў гэтай самай Рады, наведвае падобныя месцы, ды рэагуе.А чым займаюцца астатнія? Баюся, што такую арганізацыю , (з аднаго нераўнадушнага) ,ў тым жа Міністэрстве не пачуюць.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру