Пра папулярнасьць Андрэя Вазьнясенскага у 1960‑ыя гады можна меркаваць па фотаздымках ланцугоў коннай міліцыі, якая стрымлівала натоўп ягоных прыхільнікаў. У 1970‑ыя гады яго паэзію чыталі ў тым ліку і «між радкоў» — так, фразу «в летаргическом веке пробудитесь от галиматьи» зь вершу пра Гогаля мы ўспрымалі датычную больш да нашага, брэжнеўскага часу, чым да царскага, «мікалаеўскага» пэрыяду.

 Фота з Вікіпедыі.

Фота з Вікіпедыі.

З Вазьнясенскім я пазнаёміўся ў 1982 годзе, калі паэт прыяжджаў у Менск, зрабіў зь ім інтэрвію для віцебскай абласной газэты (калі нядаўна паэт перадаваў свой архіў у амэрыканскі ўнівэрсытэт, высьветлілася, што гэта было адзінае ў той год інтэрвію зь ім у савецкай прэсе — і гэта на піку папулярнасьці Вазьнясенскага на Захадзе).

У тым інтэрвію ўпершыню за дзесяцігодзьдзі ў віцебскай газэце было згадана імя Марка Шагала.

Наогул, з Вазьнясенскім у мяне зьвязаны два здарэньні, якія можна назваць невялікім цудам.

У лютым 1985 году на занесены сьнегам ракетны палігон у Капусьціным Яры (на дзясятак кілямэтраў у стэпу вакол нашай пазыцыі — нікога і нічога) выпадкова трапляе нумар «Литературной газеты». У ім — эсэ Вазьнясенскага, а ў эсэ — радкі з майго ліста пра зруйнаваньне гістарычнай забудовы ў Віцебску.

У сьнежні 1986 году еду цягніком з Масквы ў Віцебск, а ў суседнім купэ — Вазьнясенскі!

Ён хацеў у Віцебску адшукаць тое, што засталося ў горадзе ад Шагала.

Тры дні мы хадзілі па Віцебску, разам з паэтам Давідам Сімановічам і фотамастаком Міхаілам Шмерлінгам завялі Вазьнясенскага ў абласны архіў (там адшукаліся некаторыя дакумэнты, зьвязаныя з Шагалам), паказалі карціны настаўніка Шагала, Юрыя Пэна ў запасьніках краязнаўчага музэю. Я звадзіў Вазьнясенскага да Пакроўскай царквы, якую ўратавалі ад зьнішчэньня члены клюбу «Узгор’е» (віцебскі аналяг «Талакі»). Пабывалі ў майстэрні скульптара Аляксандра Гвозьдзікава — ён потым зрабіў помнік Марку Шагалу ля яго роднай вуліцы…

Празь некалькі дзён у маскоўскім «Огоньку» зьявілася эсэ Вазьнясенскага «Гала Шагала»,

але сапраўдная барацьба за вяртаньне ў Віцебск памяці пра выбітнага мастака толькі пачыналася. Сучаснай моладзі цяжка зразумець, якую крамолу маглі ўбачыць у творчасьці Шагала — але імя Шагала выкрэсьлівалася, а ў дзень стогадовага юбілею Шагала, які адзначаўся ў ва ўсім сьвеце, «Віцебскі рабочы» не зьмясьціў пра мастака ні радка. Усё гэта мы абмяркоўвалі з Вазьнясенскім і па тэлефоне, і у ягоным доме (яшчэ старым) у Перадзелкіне. Ён шмат нам дапамагаў,

і ліст у абарону ідэі стварэньня музэя Шагала ў Віцебску падпісаў разам з Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным.

Канешне, у Вечнасьці застануцца паэтычныя радкі Вазьнясенскага, але віцябляне ўдзячныя яму і за вяртаньне Шагала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?