Умбэрта Эка пісаў у 1997 г., што мабільныя тэлефоны розных памераў будуць значыць для іх гаспадароў большыя выдаткі на майстра скураной галянтарэі. «Добра, але хто такі майстар скураной галянтарэі?» – спытаў мой дзесяцёхгадовы сын. Я хацеў растлумачыць – і тут паўстала праблема, бо хто з нас сапраўды памятае, чым займаецца прадстаўнік гэтай прафэсіі? Пра новыя прафэсіі піша Яцэк Кавальскі

Што азначае «прафэсія будучыны»? З аднаго боку, гэта той, хто – паводле прагнозаў – у хуткім часе зьявіцца на рынку альбо паволі на ім ужо зьяўляецца, але ня будзе мець панавальнага становішча. Вось, такая цікавостка – новы занятак, ніша. З другога боку, гэта прафэсія, у якую можна інвэставаць, бо неўзабаве – празь пяць, дзесяць ці пятнаццаць год – яна будзе нарасхват. «Гэтак ёсьць, што адныя прафэсіі зьнікаюць, а іншыя зьяўляюцца, – кажа Анна Бучыньска, мэнэджарка ў паспалітых рэляцыях і стратэгіях разьвіцьця (PR & Business Development) у кампаніі Jobpilot.pl. – На працягу апошніх пяці год у Польшчы зьявілася некалькі новых прафэсіяў, якія могуць прэтэндаваць на званьне ўзыходзячых зорак на рынку працы».

Мэхатронік, ці перапляценьне некалькіх прафэсіяў

Сьпіс новых прафэсіяў зь вялікай будучынай адкрывае мэхатронік. Гэта перапляценьне прафэсіяў мэханіка, электроніка і інфарматыка. Мэхатроніка знаходзіць прымяненьне там, дзе зьяўляецца складаная апаратура – напрыклад, мэдыцынская, станкі з праграмным кіраваньнем у лічбавай форме і г.д. «Сёньня ў нас паўсюль мэхатроніка», – кажа Артур Грахоўскі, мэхатронік у фірме FESTO, які абслугоўвае станок з праграмным кіраваньнем у лічбавай форме.

Трэба было доўга чакаць на сустрэчу зь ім. «Артур страшэнна заняты – сёньня ў Зялёнай Гуры, заўтра ва Ўроцлаве, а пасьлязаўтра ў Варшаве», – перасьцерагалі ягоныя калегі. «Насамрэч, у мяне шмат працы, – сьмяецца Грахоўскі. – Але цяпер ужо гэтак і будзе – з кажным годам яе будзе ўсё болей. У рэшце, мэхатроніка ўсё шчыльней нас атачае. Мэханік, які ў майстэрні падыходзіць да Вашай машыны, ужо падыходзіць не з францускім ключом, а з лэптопам. І ён акурат і ёсьць мэхатронікам!»

Таямнічасьць запісаная ў заданьні

Іншая новая прафэсія, што мае добрую будучыну: «mystery client», альбо «mystery shopper». Ці «таямнічы кліент» – асоба бяз твару, бяз прозьвішча, якую бяруць унаймы карпарацыі, каб тая на ўласнай скуры праверыла якасьць абслугоўваньня ў аддзелах фірмы. Зь Ёанай мы сустракаемся на бэнзазапраўцы. «Гэта тая самая запраўка, на якой я колькі месяцаў таму ўчыніла дзікі скандал, бо тут не было маёй улюбёнай жавальнай гумкі», – сьмяецца дзяўчына. Выглядае яна непрыкметна – ніхто б ня даў веры, што працуе яна ў адной зь вялікіх фірмаў, якія высылаюць «таямнічых» на спэцмісіі. «Гэта нялёгкі кавалак хлеба. Заходзіш у гатэль, на запраўку, у краму, што належыць да буйной сеткі, і мусіш спраўдзіць, як пэрсанал ставіцца да «звычайнага» кліента. Усе прыёмы дазволеныя. А таму можна лаяцца, можна патрабаваць чагосьці, чаго акурат няма – і старанна запамінаць рэакцыі пэрсаналу. Калі з табой абыходзяцца груба, трэба запісаць гэта ў справаздачу. Пасьля маіх «акцыяў» пару кіраўнікоў заправак і гатэляў ужо страцілі свае пасады.

Ці выгадна фірмам браць на працу «шпегаў»? Так. Бо здабываньне новага кліента – як ацэньваюць канцэрны – каштуе ў пяць разоў болей за ўтрыманьне старога, а задаволены кліент варты дзесяцёх звычайных. Задаволеныя вяртаюцца і распавядаюць пра свае назіраньні іншым. Аднак кліент можа і ня мець мажлівасьці пераканацца ў добрай якасьці тавару альбо паслугі, калі непрафэсійны пэрсанал адаб’е ў яго ахвоту. «Кліент рэдка скардзіцца на дрэнны сэрвіс. Дзевяць зь дзесяці незадаволеных кліентаў не падаюць скаргаў, аднак сямёра зь іх ужо ніколі ня вернуцца. Тыповы незадаволены спажывец падзеліцца досьведам з васьмю знаёмымі, якія перададуць гэтую інфармацыю іншым. Займіся сувязямі з сваімі кліентамі. Іх якасьць мае асноўны ўплыў на вынікі, да якіх імкнецца Твая фірма», – пераконваюць на сваёй інтэрнэт-бачыне супрацоўнікі фірмы Secret Client, што пазычае канцэрнам «таямнічых».

Тэле...што?

Гэтак звычайна рэагуюць знаёмыя тэлет’ютара, калі той распавядае пра сваю прафэсію. І ня дзіва.

Я тэлефаную да тэлевізіі EduSat – магната ў тэлевізійнай адукацыі. «Ці магу я пагутарыць з кім-кольвек з тэлет’ютараў?» – пытаюся. «А што гэта за трасца такая?» – адказвае мне мужчына ў сакратарыяце рэктара. Толькі пасьля тлумачэньняў высьвятляецца, што гэта банальная рэч: тэлет’ютар – усяго толькі тэлевізійны выкладчык.

Пра гэта ня ведае нават прафэсар Войцех Памыкала, рэктар Вышэйшай сацыяльна-эканамічнай школы ў Варшаве і адначасна аніматар і кіраўнік EduSat’у. «Хто, Вы кажаце, я? Т’ютар? Цікава, трэба запомніць».

Колькі тэлет’ютараў у Польшчы – цяжка сказаць. Аднак вядома, што гэта эліта. «Выкладаць абы хто ня можа, гэта відавочна. Нават у тэлевізіі. Праца ва ўнівэрсытэце, аднак, адрозьніваецца ад працы на TБ. Таму мы бяром на працу штаб рэжысэраў, сцэнарыстаў, пішам сцэнары лекцыяў – усё належыць рабіць прафэсійна. У людзей усё меней часу застаецца на вучобу, яны ўважаюць за лепшае навучацца з тэлевізарам. І ў гэтым сэнсе гэтая прафэсія сапраўды мае вялізную будучыню – кажа Памыкала.

Санітар-альпініст

Крывінь (Krzywiń) – першая гміна ў Польшчы, дзе па хуткім часе можна будзе атрымаць адукацыю санітара дрэваў. «Санітар – гэта перапляценьне альпініста з прыродазнаўцам. Альпініста, бо ён карыстаецца падобным рыштункам падчас працы. Прыродазнаўца – вядома, дрэвы», – кажа Анджэй Кузьміньскі з Кіраўніцтва гміны у Крывіні. Карацей кажучы: гэткі чалавек залазіць на дрэвы і абразае старыя галіны.

У крывіньскай вучэльні, магчыма, ужо ў наступным годзе адкрыецца адмысловы напрамак для асобаў, якія хочуць працаваць гэткім чынам. Нядаўна ў гміне былі санітары з Францыі. «Ну й далі ж дыхту! – з захапленьнем кажа Анджэй Кузьміньскі. І адразу ўздыхае: – Калі б хто-небудзь з тых, хто прымае ў Варшаве рашэньні, пабачыў, можа, было б прасьцей правесьці ідэю зь іх навучаньнем у нас».

З грумэраўскай жылкай

Грумэр (groomer) – чалавек, які дбае пра прыгажосьць сабакі. Ён стрыжэ поўсьць, падразае кіпцюркі, мадэлюе, дэзынфэкуе, душыць парфумай. «Я цырульніца сабак. Два гады як нічога болей не раблю і вельмі задаволеная», – кажа Катажына Зброя з Кракава.

Чаму грумэр – прафэсія з будучыняй? «Мы жывём ва ўсё больш стэрыльным сьвеце, – кажа Катажына. – Два разы на дзень мыемся, карыстаемся мноствам касмэтыкі. Мы ствараем вакол сябе стэрыльнае асяродзьдзе. Што ў такім асяродзьдзі робіць негігіенічны сабака? Трэба яго прыстасаваць – кажучы проста. А значыць, яго трэба добра памыць, пастрыгчы, падстрыгчы, дастрыгчы, каб быў сапраўдным сабакам XXI стагодзьдзя. Таму і адкрываецца штораз болей салёнаў прыгажосьці для сабак і грумэраўскіх інтэрнэт-сэрвісаў, на якіх можна набыць аксэсуары для догляду за жывёламі.

Прафэсіі з (найбліжэйшай) будучынай – тут будзе праца ў раёне 2010 г.

* агенты бюро, што дапамагаюць у гаспадарчай дзейнасьці і гандлёвыя пасярэднікі * тэхнічны пэрсанал кампутарнага абслугоўваньня * апэратары аптычнага і электроннага рыштунку * фізыкі, хімікі і блізкія да іх * гаспадары будынкаў, мыйшчыкі шыбаў і падобныя * апэратары вытворчых лініяў і прамысловых робатаў у прамысловасьці * інфарматыкі * сакратаркі і апэратары офісных машын * спэцыялісты сацыяльных навук * работнікі ў вытворчасьці дакладных вырабаў з мэталу * работнікі аховы * работнікі ў фінансавых і статыстычных справах * спэцыялісты ў справах бізнэсу * астатнія спэцыялісты сыстэмы адукацыі і выхавацелі * работнікі артыстычнай дзейнасьці, забаўлянак і спорту * архітэктары, інжынэры і блізкія да іх * грузчыкі адкідаў і блізкія да іх * работнікі офіснага абслугоўваньня * работнікі асабістай апекі * апэратары машын вытворчасьці вырабаў з гумы і плястмасы

У гэтых прафэсіях не шукай працы каля 2010 г.

* кажамяка * гарняк і апрацоўшчык каменю * земляроб на полі * земляроб у расьліннай вытворчасьці і садоўнікі * работнік у суднаходзтве і авіяцыі * рыбак, які працуе на ўласныя патрэбы * апэратар мэталюргічных машын * работнік у вытворчасьці тэкстыльных вырабаў, вопраткі і блізкія да іх * каваль, сьлесар і блізкія да іх * апэратар здабыўных машын і абсталяваньня і блізкія да іх * апэратар поліграфічных і папярова-апрацоўчых машын * работнік транспарту і насільшчык * работнік на простых работах * памочнік у сельскай гаспадарцы, рыбацтве і блізкія да іх * настаўнік пачатковай школы * работнік паліграфіі і блізкія да яго * памочнік у горнай прамысловасьці і будаўніцтве * апэратар машын у вытворчасьці вырабаў лёгкай прамысловасьці * дрэваапрацоўшчык, сталяр

Крыніца: Урадавы цэнтар стратэгічных дасьледаваньняў, 2003 г.

Новыя прафэсіі, якія набываюць (альбо набудуць) папулярнасьць:

• грумэр – заробкі: ад 2200 злотых на руку;

• «таямнічы кліент» – заробкі вышэй за сярэднія ў Польшчы;

• мэхатронік – заробкі: ад 1500 да 5000 злотых на руку;

• тэлет’ютар – заробкі: каля 2000 злотых на руку

• работнік бэнзакалёнкі – заробкі: каля 1500–2200 злотых на руку;

• работнік аховы электронных каналаў разьмеркаваньня фінансавых прадуктаў, ці антыхакер, – заробкі: ад 2000 злотых і вышэй.

Кагадзе італьянскія футуролягі прэзэнтавалі сьпіс новых прафэсіяў. Фізычна іх яшчэ няма, але выглядае на тое, што ўзьнікнуць. Новыя прафэсіі гэта, між іншым:

• біятэхноляг, які займаецца геннай інжынэрыяй, што ўжываецца для вырошчваньня расьлінаў і бактэрыяў;

• работнік у дэзынфэкцыі, які ліквідуе наступствы катастрофаў, шум, дымы фабрыкаў, чысьціць заражаную ваду;

• біяземляроб, які пераўтварае хімічнае земляробства ў натуральнае;

• нэўрапраграміст, які займаецца будовай «штучнага мозаку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?