Страта першага беларускага спадарожніка Зямлі «БелКА», які ўсё ж стаў першым спадарожнікам, што не даляцеў арбіты, не надламала беларускай навукі. Хутчэй, нават навыварат. Аварыя толькі спарадзіла высокі інтарэс да работы, праведзенай беларускімі навукоўцамі і прамысловымі прадпрыемствамі на працягу стварэньня гэтага спадарожніка. А гэта значыць, што клопаты пра запуск беларускага спадарожніка на арбіту маюць працягнуцца. Прынамсі пра гэта на прайшоўшай у Менску прэсавай канфэрэнцыі казаў кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч.

Такім чынам, ён паведаміў, што ўжо з Расеі, Кітаю, Украіны прыйшло 9 прапановаў на стварэньне чарговага апарату. А частка прапановаў зводзілася да таго, каб акуратна ўзнавіць клон БелКі; другая частка – да таго, каб стварыць спадарожнік, скарыстаўшы з апошніх дасягненьняў навукі і тэхнікі ў сфэры засваеньня космасу.

Скажам так, што гаворка ідзе пра тэхналёгіі, якія касьмічныя дзяржавы могуць прадаць Беларусі. Бо пра апошнія дасягненьні і марыць нават не выпадае. Гэтыя дасягненьні працуюць на Расею, ЗША і часткова на Эўразьвяз. Таму калі галоўны беларускі акадэмік цьвердзіць пра тое, што ў сьвеце «няма апаратаў грамадзянскага прызначэньня» нападоб новай БелКі з дазвольнай здольнасьцю блізка 0,5–1,0 мэтра, можна сказаць, што той трохі перабольшвае. Але канчатковыя высновы на гэтую тэму наагул рабіць шчэ зарана. Паводле Мясьніковіча, новую БелКу змайструюць не раней чым праз 2–2,5 гады.

Але, гэта не навіна. Навіна – гэта тое, што пад новы спадарожнік Беларусь маніцца стварыць свой собскі... цэнтар кіраваньня палётамі.

«Мы, – кажа, – будзем імкнуцца да таго, каб ствараць палётныя задачы, перадаваць дадзеныя і кіраваць бортам самастойна».

А чаго яшчэ можна было чакаць ад кіраўніка НАН «незалежнае» краіны? Пагатоў пасьля таго, як «пяршак» скончыў свой век на вачох самога прэзыдэнта. А пра тое, ці наступіць за ЦКП будаўніцтва собскага касмадрому, Мясьніковіч дэталяў не даваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?