У 14 з 17 гарадоў Менскай вобласьці месцкія ўлады забаранілі сходы жыхароў, на якіх зьбіраўся браць удзел лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч. Пра арганізацыю гэтых акцыяў рупіліся актывісты Партыі БНФ і грамадзкай ініцыятывы «Незалежная Рэспубліка Жодзіна».

Як паведаміў «Беларускага партызана» адзін з арганізатараў сустрэч Павал Красоўскі, яны меліся адбыцца з 23 верасьня па 27 кастрычніка. Галоўная тэма, якую маніўся абмеркаваць лідэр дэмакратычных сілаў з насельнікамі, – гэта сацыяльна-эканамічнае становішча рэгіёнаў.

Адказы чыноўнікаў, паводле П.Красоўскага, былі ляканічныя і стандартныя: нельга ладзіць масавыя мерапрыемствы бліжэй як 50 мэтраў ад адміністрацыйных будынкаў. Аднак у некаторых гарадох адказы былі шчэ мудрэйшыя. Да прыкладу, у Нясьвіжы сустрэчы з насельнікамі забаранілі дзеля рэспубліканскага фэстывалю-ярмаркі «Дажынкі», што акурат тады ладзіўся. У Стоўпцах мясцовыя чыноўнікі адказалі, што названае месца для сустрэчы – плошча Перамогі – ня йснуе, а ў Валожыне на цэнтральнай плошчы, дзе маніліся правесьці мерапрыемства, неўспадзеўкі ўсчаўся рамонт. «Пакуль не было адповедзяў толькі з трох гарадоў – Барысава, Маладэчна і Смалявічаў, але мы ня маем сумневаў, што адказы чыноўнікаў будуць такія самыя», – кажа П.Красоўскі.

Тым ня меней, як запэўніваюць арганізатары, сустрэчы А.Мілінкевіча зь месьцічамі адбудуцца, але «ў іншым фармаце». Гэта, найхутчэй, будуць сустрэчы з рэгіянальным дэмакратычным актывам.

Фота Андрэя Лянкевіча, НН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?