Пацярпелі за Мілінкевіча

У Воршы 3 студзеня загадчыца садка №2 Тацяна Качагарава зьнішчыла падпісныя лісты з 40 прозьвішчамі, сабранымі Вольгай Францішкевіч.

У вёсцы Яглевічы (Івацэвіцкі р-н) 10 студзеня міліцыянты ўварваліся ў дом Клаўдзіі Садкоўскай: маўляў, было ананімнае тэлефанаваньне, што яна зьбірае подпісы супраць прэзыдэнта. Канфіскаванае пасьведчаньне зьбіральніка подпісаў і блянкі ўдалося вярнуць толькі пасьля ўмяшальніцтва кіраўніка ініцыятыўнай групы.

У Дзятлаве зьбіральніка подпісаў Пятра Цярэшку 17 студзеня затрымалі міліцыянты-аўтаматчыкі: хтосьці з жыхароў дому паведаміў, што па кватэрах ходзяць невядомыя.

18 студзеня адміністрацыйная камісія Пінскага гарвыканкаму вынесла папярэджаньне Алесю Аўсеенку за тое, што нібыта перашкаджаў мінакам ісьці на рынак. Аляксандра Рамановіча пакаралі штрафам у 1 базавую велічыню (29 тыс.) за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў без выходных зьвестак.

На Пятра Явідовіча (Ашмяны) заведзена 19 студзеня адміністрацыйная справа за датэрміновую агітацыю й заклік на несанкцыяваны сход. Выклік у пракуратуру адбыўся напярэдадні прыезду адзінага кандадата.

Ірыну Лаўроўскую, Сяргея Вакуленку, Канстанціна Турчаняка й Аляксея Шарэнду ў Берасьці 20 студзеня спрабаваў затрымаць міліцыянт, які зьвінаваціў зьбіральнікаў подпісаў, што яны плацяць грошы за подпіс.

21 студзеня ў Сьвіслачы ў Генадзя Радзецкага міліцыянты канфіскавалі партрэт Мілінкевіча.

...і Пазьняка

Сябар КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў 16 студзеня падаў скаргу ў пракуратуру Першамайскага раёну Віцебску: яму забараняюць зьбіраць подпісы ў інтэрнатах тэлезаводу «Віцязь» і ліцэю №1.

22 студзеня ў Менску затрыманыя кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Папкоў, Тацяна Цяцёркіна, Ангеліна Масюта, Валеры Забродзін, якія распаўсюджвалі інфармацыю пра акцыю Народнае галасаваньне. С.Папкова затрымалі й 23 студзеня.

Перадвыбарчыя мітрэнгі

Зьбіральнікі подпісаў Валер Шаўчэнка й Міхаіл Чадаеў 18 студзеня зьвярнуліся ў пракуратуру: адміністрацыя Полацкага ўнівэрсытэту не пускала іх у інтэрнаты. 13 студзеня пракуратура адказала, што пытаньне ў кампэтэнцыі гарадзкой выбарчай камісіі. 18 студзеня камісія адказала, што разгляд прапускнога рэжыму ў інтэрнатах — у кампэтэнцыі пракуратуры й іншых наглядных органаў.

19 студзеня ініцыятыўная група Казуліна заявіла пра перасьлед актывістаў у Верхнядзьвінскім раёне. Да Лідзіі Вейп участковы зьявіўся на працу, да Тацяны Пірог — дадому, Тацяне Барысавай тэлефанавалі 3 студзеня з КДБ.

20 студзеня Андрэя Клімава афіцыйна папярэдзілі ў пракуратуры Крупскага раёну за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, перадвыбарную агітацыю, зьнявагу і паклёп на службовых асобаў Беларусі, заклікі да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу. Падставай стала інтэрвію палітвязьня на сайце euramost.org.

У Рэчыцы 23 студзеня адбыўся пажар у гаражы, дзе стаіць машына Алега Шабетніка — актывіста групы Валер’я Фралова. Актывіст лічыць здарэньне падпалам.

Палякі

17 студзеня а 6-й раніцы да рэдактара часопісу «Magazyn Polski na uchodzstwie» Андрэя Пачобута прыйшлі міліцыянты — даставіць бяз позвы ў пастарунак. А.Пачобута дома не аказалася, але ў той жа дзень ён і Анджэй Лісоўскі былі затрыманыя пад Скідзелем, калі везьлі наклад новага нумару. Канфіскавана 50 асобнікаў.

17 студзеня затрыманая машына з кіраўнічкай непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Анжалікай Борыс: міліцыянты праверылі дакумэнты ва ўсіх, хто ехаў у аўтамабілі.

Моладзевыя актывісты

У Менску 16 студзеня на Дзень салідарнасьці затрыманыя Натальля Вушка і Аляксей Ляўковіч. Сяргея Марчыка ў Баранавічах 18 студзеня пакаралі за ўдзел у Дні салідарнасьці ў сьнежні. Вырак — 20 б.в. (580 тыс.).

Уначы 22 студзеня ў Магілеве затрыманы Сяржук Нягацін: яго зьвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі, калі ён нёс з сабой налепкі «Яны хлусяць».

Графітысты

Моладзевым актывістам Аляксандру Казакову й Зьмітру Зубру 17 студзеня прад’явілі пастанову аб прызнаньні іх падазраванымі ў крымінальнай справе паводле арт.363 ч.2 КК (супраціў работніку міліцыі). Хлопцам, якіх затрымалі па падазрэньні ў графіці, пагражае да пяці гадоў турмы.

Суд Цэнтральнага раёну Гомелю даў 15 сутак Сяргею Касьцючэнку: якога затрымалі 2 студзеня за графіці «Беларусь без...».

Працэс над Скрабцом

На судовае пасяджэньне 17 студзеня выклікалі доктара. Сяргей Скрабец заявіў, што пастаянна траціць прытомнасьць. 18 студзеня экс-дэпутат заявіў пра катаваньні ў турме: нібыта ў халодным памяшканьні яго распранаюць, ладзячы асабісты надгляд, у СІЗА невядомыя ў масках зьбіваюць тых, хто знаходзіцца пад сьледзтвам (зьбілі сукамерніка палкоўніка Восіпава). 19 студзеня суд адмовіўся зьмяніць Скрабцу меру стрыманьня на час прэзыдэнцкай кампаніі.

«Кур’еру» адмовілі

Берасьцейская філія «Белпошты» 18 студзеня адмовілася дастаўляць у раёны недзяржаўную газэту «Брестский курьер».

«Радзе» канец

Вярхоўны суд 17 студзеня паведаміў сакратарыяту Беларускага саюзу моладзевых і дзіцячых грамадзкіх аб’яднаньняў «Рада», што з ініцыятывы Мін’юсту пачатая справа па ліквідацыі аб’яднаньня. Разгляд прызначаны на 28 студзеня.

Рэчыца

Улады Рэчыцы 10 студзеня скасавалі прадпрымальніцкае пасьведчаньне спн.Невар. Яе муж Леанід Невар зьвязвае ліквідацыю сямейнага бізнэсу зь ягонай грамадзка-палітычнай дзейнасьцю: ён намесьнік старшыні рэспубліканскага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва».

Віцебск

11 студзеня віцебскія ўлады правялі сход філіі ГА «Саюз палякаў Беларусі», дзе прызначылі новага кіраўніка (сп.Даманеўскага заміж Аліцыі Галуставай) і прыпынілі дзейнасьць Польскага дому: аблвыканкам забараніў праводзіць там якія-кольвек імпрэзы.

Пэнсіянэры

Сябру ініцыятыўнай групы па стварэньні аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў Леаніда Цялегіна 29 сьнежня зьбіў невядомы: малады чалавек загаварыў зь ім пра палітыку, а потым ударыў па галаве палкай і ўцёк, нічога ня ўзяўшы. Празь некалькі дзён у Цялегіна, аднагалосна абранага старшыні савету вэтэранаў пры ЖЭС-45 Менску, супрацоўнікі ЖЭСу забралі ўсе дакумэнты савету, спаслаўшыся на тое, што «паступіла ўказаньне».

У Баранавічах

11 студзеня ў Баранавічах судзілі Сяргея Марчыка за ўдзел у «незаконным сходзе» на мінулы Дзень салідарнасьці. Адвакат пераканаў судзьдзю, што сходу не было: справу накіравалі ў міліцыю на дапрацоўку. Новае разьбіральніцтва прызначанае на 18 студзеня.

У той самы дзень Аркадзя Блінкоўскага асудзілі на 800 тыс. руб. за «несанкцыяваны пікет»: ён удзельнічаў у акцыі ў падтрымку забароненых газэтаў.

Бабруйск

11 студзеня дырэкцыя прадпрыемства «Ліфттранс» у Бабруйску пазбавіла гарадзкую фіілію БСДП(Г) офісу, заявіўшы, што памяшканьне ў аварыйным стане.

Вялейка

Актывіста АГП Уладзімера Малярчука адміністрацыйная камісія Вялейскага райвыканкаму 9 студзеня аштрафавала на 5 базавых велічыняў за распаўсюд 12 лістапада інфармацыйнага бюлетэню пра Дзень салідарнасьці.

Прафсаюзы

13 студзеня адміністрацыя прадпрыемства «Лёс» прад’явіла ўльтыматум суполцы Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, даўшы 3 дні на высяленьне з памяшканьня. Між тым, у калектыўнай дамове пазначана, што памяшканьне даецца прафсаюзу бясплатна.

Кіраўніцтва ВА «Беларуськалій» 13 студзеня адмовілася падпісваць калектыўную дамову зь Незалежным прафсаюзам гарнякоў.

Штраф за распаўсюд

11 студзеня ў Горадні аштрафавалі Ўладзімера Леванеўскага на 87 тыс.руб за распаўсюд выданьняў без выпускных зьвестак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?