02.06.2010 / 16:55

Колькасць таксікаманаў у Беларусі штогод павялічваецца на 10% 1

Пра гэта паведаміў на прэс‑канферэнцыі ў Мінску загадчык сектара наркалогіі Рэспубліканскага навукова‑практычнага цэнтра (РНПЦ) псіхічнага здароўя Уладзімір Максімчук.

Паводле яго звестак, на 1 чэрвеня ў краіне зарэгістравана 414 хворых на таксікаманію. На прафілактычным уліку знаходзяцца 1.058 чалавек.

Лідэрам па колькасці хворых з’яўляецца Магілёў (84 хворыя і 277 на прафілактычным уліку), у Мінску адпаведна 79 і 124. Пры гэтым у Магілёўскай вобласці на ўліку з прычыны наркатычнай залежнасці знаходзяцца 300 чалавек, у сталіцы — 2,5 тыс.

Максімчук зазначыў, што пасля ўспышкі таксікаманіі ў канцы 80‑х гадоў колькасць хворых на працягу апошніх дваццаці гадоў заставалася нязначнай — не больш за 150 чалавек. Рост колькасці хворых пачаўся ў апошнія чатыры гады і звязаны з «вяртаннем моды на таксікаманію».

Пры гэтым ужываць розныя таксічныя рэчывы ў якасці нюхальных у Беларусі пачынаюць усё больш у раннім узросце. Сярод хворых — трое дзяцей ва ўзросце да 10 гадоў, 364 — ва ўзросце ад 11 да 15 гадоў, астатнія — ва ўзросце 16‑18 гадоў. Дзяўчаты і дзяўчынкі складаюць 18% таксікаманаў, якія знаходзяцца на ўліку.

Большасць таксікаманаў упершыню пакаштавалі таксічнае рэчыва ў пошуку новых уражанняў, з‑за цікаўнасці, каб адысці ад рэчаіснасці. На думку Максімчука, для выяўлення скрытых прычын павелічэння колькасці хворых на таксікаманію неабходна правесці сацыялагічнае даследаванне ў маладзёжным асяроддзі.

У якасці таксічных рэчываў ужываюцца клей, ацэтон, бензін. Дзеці пачынаюць нюхаць таксічныя рэчывы, не ўсведамляючы наступстваў, зазначыў Максімчук.

0
чытачка / Адказаць
03.06.2010 / 10:03
І такіх праблемаў у рэальнай, а не віртуальнай Беларусі вагон і яшчэ больш. Вядома ж начальству нашаму ўтульней жыць у краіне "без праблемаў", з-за танаваных шкел лімузінаў людзкіх праблемаў не відаць, а прачытаць пра іх няма дзе, ды і не надта хочацца. Навошта асабіста створаную казку псаваць? Вось такія праблемныя тэмы і трэба каб газэта ўздымала, пажадана, каб інфармацыя падавалася ў форме рэпартажу.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру