03.06.2010 / 16:48

Пане Каханку, газпромаўцы і казёл Майкл Джэксан 2

Паводле казкі этна-трыа «Троіцы» на «Беларусьфільме» зняты мультфільм «Выцінанка-выразанка».

кіна-папярэднік (трэйлер) да анімацыйнай стужкі «Выцінанка-выразанка»

Пане Каханку, танцуючы казёл Майкл Джэксан, шамаханская царыца, расійскія газпромаўцы... На «Беларусьфільме» знялі мультфільм паводле аўдыёпастаноўкі этна-трыа «Троіцы».

Над 7-хвіліным мультфільмам «Выцінанка-выразанка», якая мае за аснову радыёказку этна-трыа «Тройца» «Жар-жар» працавала аж 11 мультыплікатараў. Мультфільм зроблены пад уплывам працаў майстра народнай выцінанкі Вячаслава Дубінкі. Дубінка не толькі выбітны мастак, але і вялікі аматар імправізацыі, аднак анімацыя — гэта хутчэй рамесніцтва, тут трэба дакладнае веданне, што будзе ў кожным кадры. Менавіта таму «Выцінанка-выразанка» — камп’ютарная стылізацыя пад выцінанку, своеасаблівы трыб’ют мастаку.

«Большая частка кадраў рабілася ўсё ж на кампутары, а не нажніцамі, — кажа рэжысёр мультфільму Міхаіл Тумеля. — Разам з тым нам было важна паказаць, як нараджаюцца цуды з паперы, і таму ў мультфільм мы ўключылі некалькі ігравых кадраў з самім Дубінкам».

Паводле сюжэту народнай казкі “Жар-Жар” вясковы хлопец шукае сабе нявесту з дапамогай увішнага зайца, але стваральнікі фільма адступіліся ад чыста традыцыйных, вясковых вобразаў, і таму

некаторыя з 62 персанажаў і пэўныя месцы дзеяння фільму не зусім звыклыя: тут і афрыканка з немкай, заморскія нявесты, і аснежанае радовішча газу ў Сібіры, якое ілюструе «далёкі край»
. Вобразы для мульфільму «Выцінанка-выразанка» былі створаныя яшчэ ў 2008 годзе, і былі нагэтулькі ўдалымі, што пэўная частка герояў (Хлопец, Дзеўка), паспела «сыграць» у іншым паспяховым мульціку «Беларускія прымаўкі».

Уладальнік правоў на анімацыйную стужку, «Беларусьфільм», пакуль вызначаецца, дзе паказаць свой новы твор. Да жалю ў кароткаметражнага мультфільма не так шмат варыянтаў: быць прадэманстраваным на кінафэсце або па тэлебачанні. Аднак планы па прасоўванні мульціка ёсць, пра гэта сведчыць хаця б той факт, што зробленая англійская версія мультфільма, якая на некалькі кадраў адрозніваецца ад беларускай.

У некаторых кадрах былі зробленыя і беларускія тытры.
Нашто? Паколькі «Тройца» ў стужцы спявае на палескай гаворцы, словы сякіх-такіх пасажаў не зразумелыя нават некаторым беларусам. Стваральнікі падалі творчае вырашэнне праблемы: зрабілі субтытры ў форме вясёлага караоке.

Маем спадзевы, што гэты анімацыйны фільм не напаткае лёс мінулага мультшэдэўра Тумеля «Беларускія прымаўкі», калі яскравы прыклад кінамастацтва проста не парупіліся прадэманстраваць шырокаму гледачу.

ЛК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
немчык / Адказаць
04.06.2010 / 12:48
Вельмі файна. дзякуй беларускім аніматарам і гурту Троіца. І тым людзям, які яаднаўляюць і развіваюць мастацтва выцінанкі
0
tumash / Адказаць
05.06.2010 / 11:14
Хай бы аўтары выкладалі поўную вэрсыю сваіх твораў на ютубе - вось бы і вырашылі праблему з дэманстраваньнем шырокаму колу гледачоў.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру