19 верасьня Менскі гарадзкі суд разгледзіў скаргу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна адносна выраку, вынесенага яму ў ліпені судом Маскоўскага раёну сталіцы. Тады сп. Казулін атрымаў амаль па максымуму – пяць з паловай гадоў зьняволеньня.

У суд падтрымаць палітыка, прыйшло багата людзей, у залі на паседжаньні прысутнічала каля 50 чалавек, немалая колькасьць людзей чакала выніку на вуліцу. Сярод прысутных былі маці і дочкі Аляксандра Казуліна, амаль усё кіраўніцтва ягонай партыі, журналісты, праваабаронцы, дыпляматы.

Людзі сутыкнуліся з праблемай трапіць у суд, бо пры ўваходе пільныя міліцыянты дапытваліся ўсіх куды яны прыйшлі.

Разгляд скаргі пачаўся з таго, што судзьдзі адхілілі хадайніцтва адвакатаў Аляксандра Казуліна аб прысутнасьці іх падабароннага на паседжаньні.

Пасьля слова ўзялі адвакаты. Яны гаварылі доўга і эмацыйна. Колькі разоў судзьдзя нават прасіў іх пакінуць сваю патэтыку па за заляй суду. Калі Ігар Рынкевіч пачаў разважаць над недасканаласьцю беларускай судовай сістэмы нехта з судзьдзяў сумна адзначыў: «Што маем, тое і маем».

Слова пракурора было кароткім і вытрыманым, адзінае чым ён насьмяшыў прысутных гэта расказам пра тое, як 2 сакавіка – пасьля затрыманьня пры спробе прайсьці на ўсенародны сход – Казуліну ў міліцэйскім пастарунку прапаноўвалі папіць вады і памыцца, а ён замест гэтага пачаў біць партрэт прэзыдэнта.

Калі судзьдзі пайшлі раіцца, яшчэ былі спадзевы, што прысуд зьмякчаць. Але спадзевы былі марныя – суд пакінуў вырак бязь зьменаў.

Выканаўца абавязкаў спраў кіраўніка БСДП (Грамада) гісторык Анатоль Сідарэвіч адзначыў, што чакаць іншага рашэньня суду ў нашых умовах папросту не выпадала.

Ад сёньняшняга дня Аляксандар Казулін лічыцца зьняволеным і ўжо ў бліжэйшы час ён мусіць быць накіраваны адбываць пакараньне ў адну папраўчых калёніяў краіны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?