Палата прадстаўнікоў 4 чэрвеня прыняла ў другім чытанні законапраект аб амністыі.

Як паведаміў кіраўнік парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы Віктар Гумінскі, пасля прыняцця ў першым чытанні дакумент быў дапрацаваны з улікам заўваг і прапаноў рэдакцыйна‑тэхнічнага і ўдакладняльнага характару.

У першым чытанні законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 65‑годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў» быў прыняты дэпутатамі 6 мая.

Тады міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў, выступаючы ў парламенце, заявіў, што законапраект распрацаваны «ў мэтах рэалізацыі прынцыпу гуманізму ў дачыненні да асоб, якія сталі на шлях выпраўлення пасля ўчынення злачынства, што не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі».

Міністр паведаміў, што ў выніку амністыі могуць быць вызвалены: з папраўчых устаноў закрытага тыпу — амаль 2.230 чалавек, адкрытага тыпу — прыблізна 900. Скарочаны на год тэрмін адбывання пакарання ва ўстановах закрытага тыпу 9.300 асуджаным, ва ўстановах адкрытага тыпу — 1.100.

Законапраект прадугледжвае вызваленне ад крымінальнай адказнасці і пакарання непаўналетніх, цяжарных жанчын, жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, асоб пенсіённага ўзросту, інвалідаў, хворых на актыўную форму туберкулёзу, ВІЧ‑інфікаваных, ветэранаў баявых дзеянняў, удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, асоб, якія атрымалі раненні пры выкананні абавязкаў у перыяд праходжання службы, учынілі злачынствы, што не адносяцца да катэгорыі цяжкіх.

Ад пакарання ў выглядзе арышту, абмежавання волі, накіравання ў дысцыплінарную вайсковую часць, пазбаўлення волі могуць быць вызвалены таксама іншыя катэгорыі асоб пры асуджэнні: за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі (да двух гадоў пазбаўлення волі), а таксама пры асуджэнні да арышту — незалежна ад тэрміну адбытага пакарання; за менш цяжкія злачынствы (да шасці гадоў пазбаўлення волі) — пры адбыцці не менш як адной чвэрці тэрміну пакарання.

Пры гэтым асуджаныя, якія ўчынілі іншыя катэгорыі злачынстваў і не падлягаюць вызваленню ад далейшага адбывання пакарання, вызваляюцца ад названых пакаранняў часткова тэрмінам на адзін год.

Амністыя не распаўсюджваецца на асоб, да якіх раней прымяняліся амністыя або памілаванне і якія зноў учынілі наўмыснае злачынства, а таксама на тых, хто не кампенсаваў прычынены злачынствамі ўрон (за выключэннем названай «ільготнай» катэгорыі асоб), злосна парушае устаноўлены парадак падчас адбывання пакарання; прызнаных асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі; асуджаных да пажыццёвага зняволення; якім смяротная кара або пажыццёвае зняволенне заменены іншым пакараннем; аб’яўленых у вышук у сувязі з ухіленнем ад адбывання пакарання; тых, хто ўчыніў забойства, згвалтаванне, разбой або вымагальніцтва з кваліфікавальнымі прыкметамі, а таксама бандытызм, тэрарызм, злачынствы супраць дзяржавы; якія стварылі злачынную арганізацыю або ўдзельнічалі ў ёй ці ўчынілі карупцыйныя злачынствы з карыслівай зацікаўленасці; прыцягнутых да крымінальнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення.

Паводле звестак МУС, паўторныя злачынствы ўчыняюць ад 7 да 10% асоб, вызваленых па амністыі.

Апошні раз амністыя ў Беларусі праводзілася ў 2009 годзе і была прымеркавана да 65‑годдзя вызвалення краіны ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?