3 чэрвеня адбылася прэзентацыя кнігі «Адкуль узяліся ідалы?», прысвечанай унікальнаму помніку беларускай мусульманскай думкі часоў ВКЛ. Адшуканы на пачатку 2000-х беларускім арабістам Міхасём Тарэлкам і выдрукаваны выдавецтвам «Тэхналогія», твор прыемна здзівіць аматараў гісторыі культуры Вялікага Княства абсалютна новай культурнай перспектывай дый прадэманструе наяўнасць у беларускай старасветчыне цэлага шэрагу выбітных і глыбокіх твораў, якія чакаюць адкрыцця.

Сапраўды сенсацыйная кніга даводзіць, што літаратура мусульманскай беларускай грамады была шмат багацейшая з пункту гледжання жанравай разнастайнасці і сэнсавай глыбіні, чым меркавалася. Але гэта яшчэ не ўсё. Рэч у тым, што «Адкуль узяліся ідалы» -- гэта надзвычай цесна знітаваны з пратэстанцкай (і, мажліва, юдэйскай) традыцыяй разумення Бібліі зборнік арыгінальных трактатаў з крытыкай каталіцкіх дагматаў, напісаны тутэйшым мусульманінам з апорай на тутэйшы кантэкст і для тутэйшай аўдыторыі. Апрача расчытвання самога тэксту, яго перакладу і падрыхтоўкі мовазнаўчай часткі, Міхась Тарэлка у супрацы з культуролагам Ірынай Сынковай зрабіў цудоўны падрабязны аналіз кантэксту і крыніцаў гэтага твора.

Невядомы мусульманскі аўтар ці аўтары канца XVI — пачатку XVII стагоддзя ва ўсіх чатырох трактатах, якія склалі кніжку, ніводнага разу не ўзгадалі Каран, а ў сваім адказе тагачаснай дзяржаўнай палітыцы паланізацыі і пашырэння каталіцтва абапіраліся, паводле словаў Тарэлкі, пераважна на выданні асветніка Сымона Буднага
, які спавядаў пратэстанцкую плынь трынітарызму і быў па дагматычных пытаннях (як то наконт прыроды Ісуса) шмат бліжэйшы мусульманам, чымся прадстаўнікі любой іншай хрысціянскай плыні. Калі еўрапейскі іслам і мае пэўны часавы момант свайго нараджэння, дык ім можа лічыцца дата стварэння гэтае кнігі на беларускай зямлі.

Цікава, што ад 2004 года заўважна павялічваецца плынь публікацый, прысвечаных беларускай мусульманскай літаратуры. За гэтыя гады ўслед за фундаментальным даследаваннем Паўля Сутэра, выдадзеным па-нямецку і пазней па-беларуску, былі апублікаваныя таксама вынікі цэлага шэрагу даследаванняў Міхася Тарэлкі, а летась нарэшце пабачыла свет і манаграфія Шырын Акінэр.

Разам з тым, па-ранейшаму існуе праблема ўспрыняцця гэтае літаратуры і іншых звязаных з ёй помнікаў і з’яваў культуры як паўнавартаснай часткі менавіта беларускай культуры.

На прэзентацыі ізноў гучалі развагі пра беларускіх татараў як асобны этнас, а не рэлігійную групу ў складзе беларускай нацыі, ды абмяркоўвалася веліч Волжскай Булгарыі, быццам бы беларускія татары – гэта адломак казанцаў.

Зрэшты, праблема таго, што многія творы, напісаныя нашымі суайчыннікамі для нашага ж народу, але не па-беларуску ці ў нязвыклай сучаснікам графіцы, закранае не толькі мусульманскую (татарскую) грамаду з яе кітабамі. Адзін з выступоўцаў, Георгі Галенчанка, зазначыў, што

свайго даследніка чакае каля 4 000 польскамоўных помнікаў беларускай культуры. Сюды трэба дадаць лацінамоўныя творы дый яшчэ адзін дыямент беларускай культуры – яе жыдоўскую спадчыну ў тым ліку на ідыш. Усе гэтыя кавалкі мусяць разглядацца намі менавіта ў кантэксце беларускае культуры, а не як кур'ёзныя выпадкі асіміляцыі дыяспарных групаў «беларускімі жанчынамі»
ці яшчэ нейкімі чыннікамі – сюжэты, якія ізноў былі агучаныя на прэзентацыі.

Такое вяртанне цэлых пластоў карэнным чынам змяніла б парадыгму беларускай культуры ды літаратуры, павялічыўшы яе класічны абсяг, разнастайнасць ды ўзбагаціўшы канон. Цешыць адметная як для такой строга навуковай працы па культуры самай малалікай рэлігійнай групы беларускай нацыі, шматлюднасць на імпрэзе ў чацьвер. Апрача знаных навукоўцаў – А. Цыхуна, А. Мальдзіса, Г. Галенчанкі ды муфція Абубакіра Шабановіча – у Навуковую Бібліятэку АН завіталі чалавек пяцьдзясят слухачоў, у тым ліку моладзь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?