Тыдзень таму ў нашым начным эфіры прагучаў матэрыял, у якім узгадваліся абставіны зьбіцьця 12 верасьня 1995 году блізу Бярозы паветранага шару з двума амэрыканскімі грамадзянамі. Днямі на сувязь з рэдакцыяй выйшаў капітан ваенна-паветраных сілаў у адстаўцы Аляксандар Пашчанка, які на пасадзе бартавога тэхніка верталёту «Мі-24» у той час служыў у вайсковай частцы 02181, раскватараванай блізу вёскі Засімавічы. Менавіта адтуль з загадам зьнішчыць небясьпечны аб’ект у паветра былі ўзьнятыя баявыя верталёты.

Цяпер вайсковы пэнсіянэр Аляксандар Пашчанка жыве ў Жлобіне. А ў сярэдзіне 1990-х ён стаў нявольным сьведкам гібелі двух амэрыканскіх паветраплавальнікаў недалёка ад Бярозы. Спадар Пашчанка рыхтаваў да вылету верталёты, якія атрымалі заданьне зьнішчыць парушальніка беларускай мяжы.

(Пашчанка: ) «Гэта было ў аўторак 12 верасьня, стаяў вельмі ясны дзень. У нас палёты пачаліся дзесьці каля абеду. Але ўжо перад палётамі панеслася пагалоска, што дзесьці недалёка ад Засімавічаў праляцеў паветраны шар. А нехта яго нават і бачыў... Ну, а на самой справе былі два шары; адзін пасьля пасадзілі на поўдні Брэсцкай вобласьці…».

(Карней: ) «Значыць, у паветра быў узьняты не адзін верталёт?»

(Пашчанка: ) «Паднялі адзін, потым другі. Ніхто не чакаў прысутнасьці чалавека на шары. Калі быў дадзены загад на адкрыцьцё агню, то першы раз у мішэнь не пацэлілі (потым гэта было залічана як «кантрольны стрэл»). Трапілі з другой спробы… Той экіпаж потым увесь час тармашылі, разы тры яны ў Менск езьдзілі. Але ніхто ня мог зразумець, што далей рабіць. І завяршыліся іхныя паездкі тым, што ўсім далі па гадзіньніку з новым гербам Беларусі, просьценькі такі гадзіньнік. Вось так аддзячылі за пільнасьць. Бо не маглі ніяк вырашыць, што рабіць і хто тут насамрэч вінаваты. А як мне падалося, то вінаватая ва ўсім была беларуская бульба. Тады не прайшоў дзесьці факс з папярэджаньнем аб палётах, усе ж бульбу капалі, верасень…».

(Карней: ) «А пасьля здарэньня вайскоўцы з гэтага экіпажу служылі там жа ці іх кудысьці перавялі?».

(Пашчанка: ) «Служылі там жа. Тады ж быў, самі ведаеце, такі час… Груба кажучы, бардак суцэльны... Але тады экіпаж у Пружанскім саборы Аляксандра Неўскага замовіў імшу па забітых амэрыканцах...»

(Карней: ) «Менавіта вайскоўцы, якія стралялі ў шар?».

(Пашчанка: ) «Ну, два чалавекі з экіпажу, так…».

(Карней: ) «Іншымі словамі, перажывалі за тое, што ўчынілі?»

(Пашчанка: ) «Перажывалі ж, канешне, тады гарэлкі колькі выпілі. Яны ж ня бачылі тых, каго забілі: стрэльнулі быццам па пустым шары, а загінулі людзі. Перажывалі ж, вядома…».

(Карней: ) «Ці вядома вам што-небудзь пра лёс таго экіпажу зараз?».

(Пашчанка: ) «На гэты момант застаўся служыць толькі былы камандзір экіпажу, два астатнія звольніліся: адзін, дарэчы, быў увогуле родам дзесьці з Сахаліну, а другі зараз у Гародні дзесьці ашываецца».

(Карней: ) «Вы напачатку ўзгадвалі, што былі заўважаныя два паветраныя шары… Як саджалі другі?».

(Пашчанка: ) «Другі шар пасадзілі пазьней, іншым экіпажам. Зараз камандзір таго экіпажу Бароўскі служыць дзесьці ў Менску... Мабыць, на той момант ужо была сувязь паміж шарамі, бо яны з той другой гандолы рукамі махалі, маўляў, не страляйце. І іх пасадзілі ў Маларыцкім раёне, сярод палёў. Народ бульбу капае, а тут паветраны шар раптам садзіцца. Празь нейкі час прыехаў мікрааўтобус, усё хутка пагрузілі, іх забралі. Вось такія былі справы».

12 верасьня 1995 году некалькі дзесяткаў паветраных шароў, якія бралі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах паветраплавальнікаў, накіраваліся са Швэйцарыі далей на ўсход. Аднак гандола паветраных падарожнікаў, амэрыканцаў Алана Фрэнчэля і Джона Сьцюарта да фінішу не даляцела: у раёне Бярозы яны былі зьбітыя сіламі беларускай супрацьпаветранай абароны. Дзяржаўная камісія ў справе разьбіральніцтва прычынаў інцыдэнту так і не патлумачыла, якая была неабходнасьць ва ўжываньні сілы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?