15 верасьня ў Менскім эпархіяльным упраўленьні прайшло паседжаньне Эпархіяльнае рады пад старшынёўствам мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта. На паседжаньні разглядалі пытаньні публіцыстычнай дзейнасьці клірыкаў Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сетцы Інтэрнэт і друкаваных выданьнях.

Як паведаміў «Праваслаўе ва Ўкраіне» рэфэрэнт у сувязях з СМІ Беларускага Экзархату архімандрыт Аляксей (Шынкевіч), гаворка ішла пра дзейнасьць сьвятара Аляксандра Шрамка, клірыка Сьвята-Пакроўскага храму места Менску. Айцец Аляксандар даўна вядомы карыстальнікам сеткі Інтэрнэт як аўтар сайту «Дзёньнік сьвятара», матэрыялы з каторага пазьней выдалі кніжкай. Апошнім часам а.Аляксандар пісаў публіцыстычныя артыкулы на розныя пільныя пытаньні царкоўнага жыцьця ў Беларусі, часам пытаньні тыя былі палемічныя, і публікаваў іх на сайце «Царква» і ў «Жывым журнале».

Як кажа архімандрыт Аляксей, у тых публікацыях а.Аляксандар Шрамко часьцяком выяўляў меркаваньні, якія «не адпавядаюць высокаму сану праваслаўнага сьвятара» і якія спрычыняліся да нэгатыўнае рэакцыі сярод праваслаўных інтэрнэт-карыстальнікаў. У Менскае эпархіяльнае ўпраўленьне зьвярталіся зьбянтэжаныя чытачы з водгукамі на выказваньні а.Аляксандра Шрамка ня толькі зь Беларусі, але і з Расеі, Украіны і Прыбалтыкі.

Эпархіяльная рада пастанавіла параіць а.Аляксандру Шрамку кінуць дзейнасьць у Інтэрнэце і засяродзіць свае высілкі беспасярэдне на пастырстве.

Рэдакцыя «Праваслаўя ва Ўкраіне» таксама зьвязалася з а.Аляксандрам Шрамком, аднак той адмовіўся камэнтаваць рашэньне Эпархіяльнае рады.

Фота з priestal.livejournal.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?